Барыс Нямцоў пайшоў дамоў

Раніцай 23 кастрычніка ў аэрапорце “Менск-2” адразу пасьля прызямленьня самалёту з Масквы былі затрыманыя лідэры расейскага Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў і Ірына Хакамада. Яны мусілі браць удзел у канфэрэнцыі па беларуска-расей­скай інтэграцыі. Каля Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, дзе паседжаньне адбывалася, іх ужо чакалі некалькі дзясяткаў сяброў незарэгістраваных арганізацый “Малады фронт” і “Беларуская партыя свабоды”, якія ладзілі антыінтэграцыйны пікет. Расейскую дэлегацыю закідалі яйкамі - вось і думай, каму больш не пашанцавала: дэпартаванаму Нямцову ці ўсім астатнім.

Прэсавая служба МЗС сьцьвяр­джае, што “антынямцоўская спэцапэрацыя” КДБ праводзілася па ананімным тэлефанаваньні. Быццам бы а сёмай раніцы невядомы папярэдзіў, што расейскі палітык будзе везьці грошы беларускай апазыцыі. Аднак кіраўнікі СПС кажуць, што беларускія спэцслужбісты ляцелі разам зь імі ў самалёце з Масквы і што акцыя была добра сплянаваная. Незразумела, ці сапраўды канфіскаваныя 50 тыс. даляраў і “падрыўная літаратура” (г.зн. выданьні СПС) належалі Нямцову. І ён, і Хакамада ад грошай адмаўляюцца і сьцьвярджаюць, што ім пачкі падкінулі ў аэрапорце. Камэнтатар БТ зьедліва заявіў, што гэтыя 50 тысяч пойдуць на пабудову Нацыянальнай бібліятэкі…

Як паведамляе прэсавая служба КДБ, была пастанова пра дэпартацыю толькі Барыса Нямцова (“непажаданай асобай” у Беларусі ён стаў яшчэ колькі дзён таму, што пацьвярджае падрыхтоўку беларускага боку да ягонага прыезду), а Ірына Хакамада вярнулася ў Маскву па ўласнай волі. Супрацоўнікі спэцслужбаў адвезьлі іх у аэрапорт “Менск-1” і пасадзілі ў рэйсавы самалёт, які ляцеў у Маскву. Цяпер расейскаму палітыку забаронены ўезд на тэрыторыю нашай краіны, бо ён абвінавачваецца ў “нанясеньні шкоды нацыянальным і дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусі”.

Менскія падзеі выклікалі дыпляматычны скандал. Пра сваю незадаволенасьць дзеяньнямі беларускіх уладаў выказаліся расейскае МЗС і ўрад. Яшчэ больш вострымі былі камэнтары Нямцова і Хакамады, упэўненых, што “рэжым Лукашэнкі ў агоніі”. Зь беларускага боку рэакцыя розная: Анатоль Лябедзька выбачыўся перад расейцамі за інцыдэнт у менскім аэрапорце, Аляксандар Дабравольскі лічыць, што здарэньне будзе мець “нэгатыўныя наступствы” для Беларусі. Між тым, паспалітае грамадзтва цешыцца так, нібы гэта беларускія хакеісты перамаглі расейцаў. Пасьля векавых крыўдаў кожнае прыніжэньне Масквы ўспрымаецца з доляй злараднасьці. …А шуму ў сьвеце! Зь Беларусі выгналі расейцаў. Гэта вам ужо ня White Russia, якая - таксама Расея.

Гэта Ельцын мог затэлефанаваць і сказаць: Аляксандар Рыгоравіч, разьбярыся, навошта гэты скандал. Пуцін так ня можа. Ён сядзіць у сваім акопе і нават дапусьціць ня можа палюбоўнага рашэньня! Халодная вайна прэзыдэнтаў дасягнула апагею. Стала ясна: беларускае кіраўніцтва і асабіста Аляксандар Лукашэнка не зьбіраюцца маўкліва і бязь­дзейна чакаць новых прапановаў па інтэграцыі з Масквы. Дэпартацыяй Нямцова расейскаму боку было прадэманстравана, што Лукашэнка не дэмаралізаваны, што ён здольны на сваю гульню, разьлічаную ў тым ліку і на левы расейскі электарат. Безумоўна, перадусім гэта была асабістая помста Барысу Нямцову за ягоныя абразьлівыя выказваньні на адрас А.Лукашэнкі, але гэта таксама і адказ таму расейскаму палітыку, які ўмее “аддзяляць мух ад катлетаў”. Фактычна, А.Лукашэнка адным ударам забіў некалькіх зайцоў: адпомсьціў расейцам за свае крыўды, сапсаваў настрой беларускім партнэрам СПС ды зрабіў выдатны падарунак беларускім правым, высту­піўшы зь імі ў гэты дзень “адзіным фронтам”.

Таму ня трэба зьдзіўляцца, што ўвечары 23 кастрычніка БТ паказала сюжэт зь пікету, дало слова Паўлу Севярынцу і Сяргею Высоцкаму. Асабліва падкрэсьлі­валася, што моладзь пратэстуе супраць гандлю незалежнасьцю, які, на іх думку, наладзілі апазыцыйныя палітыкі ды іх расейскія калегі. Кіраўніку АГП Анатолю Лябедзьку, напрыклад, пікетоўцы сабралі грошы на квіток да Масквы, якія ён, аднак, прыняць адмовіўся.

Аднак і тут Лукашэнка застаўся верны сабе й той бабці, якая надвое варажыла: пасьля пікету Севярынца, Высоцкага ды яшчэ дзе-каго з занадта актыўных пазабіралі ў пастарунак.

А вечарам чачэнцы захапілі 900 гледачоў мюзыклу “Nord-Ost”. Іх патрабаваньне - спы­ніць вайну. Дзень 23 кастрычніка стаў чорным днём Расеі. Дзьве такія аплявухі Расея бу­дзе памятаць доўга.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0