А.Казулін на Кастрычніцкай плошчы даў Радыё Свабода інтэрвію, у якім, сярод іншага, сказаў: "Я магу сказаць, што тыя, хто выйшаў на плошчу – гэта героі новага часу. Гэта тыя героі, у якіх гарачыя сэрцы, чыстыя душы і сьветлыя намеры. Яны змагаюцца за сваю свабоду, за будучыню Беларусі".

(Вядоўца: ) "Што прымушае Вас уначы быць на плошчы?"

(Казулін: ) "Ёсьць такі панятак як сумленьне беларускага народа. Гэтае сумленьне ня толькі прывяло сюды 6 ці 7 тысяч чалавек, але і на працягу ўсёй ночы недзе паўтары тысячы чалавек стаялі побач адзін з адным. І самы галоўны лёзунг быў: "Калі мы адзіныя, мы – непераможныя. За свабодную Беларусь". Трэба сказаць, што нават тыя злыя дзядзькі, якія называюцца супрацоўнікамі СОБРа, якія мелі ня самыя лепшыя намеры, вымушаны былі зьмірыцца з гэтым магутным сапраўдным уздымам, які адбыўся ў гэтую ноч".

(Вядоўца: ) "Адразу пасьля выбараў Вы сказалі, што выступаеце за перападлік галасоў. Толькі што Мілінкевіч сказаў, што ён выступае за новыя выбары. Ці ўзгодненая Вашая пазыцыя?"

(Казулін: ) "Ведаеце, мы заўжды сьледуем лёгіцы. Спачатку мы патрабавалі пераліку галасоў, але ўлада на перападлік ніколі ня пойдзе. Натуральна, што мы зараз патрабуем новыя выбары. Мы заявілі, што адбытыя падзеі адпавядаюць азначэньню антыканстытуцыйны пераварот, і мы патрабуем вяртаньня Беларусі ў прававое, канстытуцыйнае поле – правесьці выбары ў адлпаведнасьці з Канстытуцыяй рэспублікі Беларусь 16 ліпеня 2006 г. Гэтае патрабаваньне ўжо цяпер падтрымаў і дзярждэпартамэнт ЗША, і Эўразьвяз. Таму мы ўпэўненыя, што эўрапейская і міжнародная салідарнасьць дапаможа нам дамагчыся нашых патрабаваньняў".

(Вядоўца: ) "Як Вы ставіцеся да прапановы Пазьняка стварыць кансультацыйны ўрад з кандыдатамі, іншымі лідэрамі апазыцыі?"

(Казулін: ) "Я думаю, што наагул гэта нармалёва, бо натуральна, павінен быць пераходны ўрад, які зможа спакойна, нармалёва гарантаваць пераемнасьць улады і пераход улады мірным шляхам".

(Вядоўца: ) "Як Вы адкажаце тым, што сьцьвярджаюць, што апазыцыя прайграла выбары?"

(Казулін: ) "Тыя лічбы, якія назваў Лукашэнка, сьведчаць аб тым, што ў нас у краіне прайшлі ня выбары, а выбары прэзыдэнта Лукашэнкі. Сёньня ўсім відавочна, што ён так і ня змог узьняцца да прэзыдэнцкага ўзроўню мысьленьня. Ён па ранейшаму прадэманстраваў, што ён як і быў дарэктарам савецкага саўгасу, так ім і застаўся. Зірніце на лічбы, якія агучаны: 93% яўкі, як у "лепшыя" савецкія часы. 83% падтрымкі. Нават тыя, у каго былі сумневы наконт таго, што выбары могуць быць сфальсыфікаваныя, пасьля агучваньня гэтых лічбаў, апошнія сумневы зьніклі. Апазыцыю крытыкуюць – але калі ёй даюць 2, 3, 5%, дык відавочна, што апрача гамэрычнага рогату гэта ня выкліча. Таму калі мы кажам аб падліку галасоў – я прасіў назіральнікаў, каб яны пры ўскрыцьці скрыняў абавязкова прысутнічалі і падлічыі там бюлетэні. Аднак ніводнага назіральніка не длапусьцілі да ўскрыцьця скрыняў. Іх не дапусьцілі да сталоў бліжэй чым на 20 мэтраў. Таму казаць аб тым, што нехта лічыў галасы, не выпадае. Лукашэнка вельмі граматна скарыстаў вядомы выраз Сталіна: ня важна, як галасуюць, а важна, як лічаць".

(Вядоўца: ) "Ці захаваецца штаб А.Казуліна як кандыдата?"

(Казулін: ) "Канешне. У нас працуюць сёньня 2 роўназначныя сілы. Ужо прызнана, што ў Беларусі існуе 2 нацыянальных лідэра, Казулін і Мілінкевіч, і мы вядзем разам працу для таго, каб зьмяніць сытуацыю ў Беларусі".

(Вядоўца: ) "Вас абралі віцэ-прэзыдэнтам Эўразійскай асацыяцыі унівэрсытэтаў. ШТо гэта зўа праца, дзе базуецца вашае працоўнае месца і ці зьбіраецеся Вы прыступаць да гэтай працы?"

(Казулін: ) "Рэч у тым, што я быў абраны на зьезьдзе, але знахозіўся на грамадзкай пасадзе. Калі ўбачылі, што мне ў Беларусі як прафэсіяналу няма месца, то мяне залічылі як намесьніка старшыні выканкаму гэтай сур'ёзнай арганізацыі. У ёй каля 150 ўнівэрсытэтаў з постсавецкай прасторы. Гэтая праца не вымагае сталай прысутнасьці ў Маскве, тут трэба ўзаемадзеяньне на постсавецкай прасторы. Мы паказваем, што калі прафэсіяналы не патрэбныя ў Беларусі, то прафэсіяналы патрэбны і ў Расеі, і ў Эўропе".

(Вядоўца: ) "Лукашэнка заявіў, што маладым людзям на плошчы заплацілі па 20 тысячаў рублёў. Што Вы бачыце ў людзях і якія Вашыя ўражаньні ад настрояў?"

(Казулін: ) "Я магу сказаць, што тыя, хто выйшаў на плошчу – гэта героі новага часу. Гэта тыя героі, у якіх гарачыя сэрцы, чыстыя душы і сьветлыя намеры. Яны змагаюцца за сваю свабоду, за будучыню Беларусі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0