Генадзь Цыхун: “Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю”

Прыхільнікам ідэі стварэньня Інстытуту Беларусі на ўзор славацкае “маціцы” ці Польскага інстытуту выступае былы віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, доктар філялягічных навук, прафэсар Генадзь Цыхун.

“НН”: Чыя гэта ідэя і як даўно яна ўзьнікла?

Г.Ц.: Задума заснаваць такую ўстанову (у выглядзе Скарынаўскага цэнтру) зьявілася ў Адама Мальдзіса, калі ён пабачыў працу славацкае “Маціцы” ў Турчыне: аграмадны будынак, вялізныя картатэкі, базы зьвестак…

Увогуле, сама сабою гэта вельмі старая ідэя: так званыя славянскія “маціцы” існавалі ў заходніх славянаў 2—3 стагодзьдзі таму. Напачатку гэтыя цэнтры, нават калі ў народу не было дзяржаўнасьці, канцэнтравалі веды пра краіну, народ, падтрымлівалі сувязі з эміграцыяй, вялі выдавецкую дзейнасьць. Потым яны зьмянілі кірунак дзейнасьці: пачалі прапагандаваць культуру сваёй краіны.

“НН”: Дзе, апроч Славаччыны, існуюць такія ўстановы?

Г.Ц.: У Польшчы, у Баўгарыі... Македонцы маюць сваю маціцу на эміграцыі.

“НН”: Ці ня варта нам асьцерагацца таго, што гэткія замежныя ўстановы будуць зьдзяйсьняць “культурную экспансію?

Г.Ц.: Ня варта бачыць нейкія рэцыдывы сталінскіх часоў і падазраваць усіх у шпіёнстве. Хоць і тут ёсьць свае выключэньні, напрыклад расейскі Пушкінскі інстытут, які ў адных краінах дзейнічаў больш-менш прыстойна, а ў другіх — адразу было выразна бачна, што гэта ідэалягічная прапагандысцкая ўстанова. Таму ў Празе яго адразу пасьля аксамітнай рэвалюцыі зачынілі. Але ў сэнсе прапаганды культуры краіны і ўсёй краіны цалкам, а ня нейкай ідэалёгіі — гэта вельмі добра, і такі профіль мае большасьць падобных установаў.

“НН”: Скарынаўскі цэнтар ствараўся на ўзор гэтых маціцаў і культурных інстытутаў?

Г.Ц.: Так, ён быў створаны на гэты ўзор пры Акадэміі навук Беларусі. Аднак яе супрацоўнікі пачалі абурацца: “Чаму цэнтар дублюе дзейнасьць Акадэміі? Навошта ў ім кірункі гісторыі, літаратуры? Ці патрэбная нам акадэмія ў акадэміі?” Але ж насамрэч цэнтар займаўся не навукай, як Акадэмія, а проста акумуляцыяй усіх ведаў пра Беларусь. Тады яны запыталіся: “А чаму ён у такім разе пры Акадэміі? Калі гэта дзяржаўны інтэрас, дык хай дзяржава ім і займаецца”. Таму ўзьнікла ідэя перадаць цэнтар пад кіраўніцтва Савету міністраў. Аднак там адмовіліся, бо гэтага не дазваляў іхны статут. І тады цэнтар перадалі ў падпарадкаваньне Міністэрству адукацыі. Але там ён апынуўся наводшыбе, бо для мэтаў адукацыі ня дужа прыдатны.

Мы спрабавалі пісаць у Савет міністраў, што патрэбны такі акумуляцыйны цэнтар беларусазнаўства, які б, з аднаго боку, фармаваў вобраз нашай краіны ў сьвеце, а з другога — акумуляваў усе плыні, датычныя Беларусі. Прычым абавязкова зь дзяржаўнай падтрымкай. Адна справа “Бацькаўшчына” — грамадзкая арганізацыя. Фінансаваньне грамадзкай арганізацыі — справа няпэўная. А дзяржава ўсё ж дазваляе існаваць больш-менш упэўнена. У іншых краінах такой арганізацыяй апякуецца калі не кабінэт міністраў, дык, прынамсі, Міністэрства замежных справаў. Бо менавіта яно зацікаўленае ў пашырэньні добрага іміджу краіны. І Скарынаўскі цэнтар стаў бы асновай для стварэньня Інстытуту Беларусі.

“НН”: МЗС Беларусі можа сёньня ўзяць пад сваё куратарства Скарынаўскі цэнтар, каб стварыць такі інстытут?

Г.Ц.: Я казаў дыпляматам: “Вы ж самі часта сутыкаецеся з тым, што краіну, адкуль вы прыехалі, ня ведаюць”. Супрацоўнікі міністэрства пагаджаюцца, але кажуць, што няма грошай на падтрымку такой установы.

“НН”: Ці ёсьць нейкае “лобі” ў кіраўніцтве краіны, якое падтрымала б ідэю стварэньня Інстутуту Беларусі?

Г.Ц.: Напрыклад, кіраўнік савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю.

“НН”: А ці знойдзецца дастаткова людзей, якія сталі б пашыраць у сьвеце веды пра Беларусь?

Г.Ц.: Многія з такіх цэнтраў працуюць зь мінімальнай падтрымкай дзяржавы. Яна плаціць толькі за арэнду памяшканьня, а ўсё астатняе — гэта дзейнасьць энтузіястаў — якіх-небудзь бібліятэкараў, якія ладзяць выставы й іншыя мерапрыемствы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0