Кніга пра сяброў

Запруднік Янка. Дванаццатка: Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1946—54 г.). — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002.

Апошнім часам з друку выйшлі працы, якія, незалежна ад волі іх аўтараў, утварылі адзін цыкл. У іх асьвятляецца культурнае жыцьцё беларускае паваеннае эміграцыі. У гэтым шэрагу знаходзіцца й кніга д-ра Янкі Запрудніка “Дванаццатка”, аўтар якой апавядае нам пра жыцьцё і лёсы сваіх сяброў, што, як і ён сам, у канцы другое сусьветнай вайны апынуліся на чужыне.

У якіх умовах фармаваўся сьветапогляд чальцоў Дванаццаткі (спачатку Адзінаццаткі), хто вучыў і выхоўваў іх — пра гэта мы можам даведацца больш падрабязна з працы Яна Максімюка “Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. 1945—50” (Нью-Ёрк—Беласток, 1997), бо менавіта ў ёй вучыліся амаль усе чальцы гэтай суполкі. Пра тое, хто зь беларусаў скончыў у паваенны час Лювэнскі каталіцкі ўнівэрсытэт (Бэльгія), вядома з успамінаў д-ра Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне” (Лёндан, Канада — Нью-Ёрк, 1996). Творчасьць сяброў “Дванаццаткі” ўлучаная ў больш шырокі кантэкст у кнізе Лявона Юрэвіча “Літаратурны рух на эміграцыі”, што выйшла амаль адначасна з томам д-ра Запрудніка.

На пачатку свае ёмістае працы (каля 500 старонак) сп.Янка тлумачыць, чаму і як нарадзілася тэма Дванаццаткі. Пра гэтую суполку аўтара прасілі распавесьці прафэсар Аляксандар Баршчэўскі й колішні шэф беларускае місіі пры ААН Генадзь Бураўкін. Істотную ролю адыгралі таксама маральны абавязак аўтара перад сябрамі й патрэба абвергнуць некаторыя міты — прыкладам, пра існаваньне таемнага “Камітэту 12-ці” з былых паліцаяў, зьвязанага з амэрыканскаю выведкаю...

Распавёўшы пра сваю вучобу ў баранавіцкіх прагімназіі і гандлёвай школе, пра свой шлях на Захад і вучобу ў гімназіі імя Янкі Купалы, аўтар сканчае другі разьдзел біяграмамі адзінаццацёх хлопцаў, якія вырашылі скіравацца на заробкі ў Вялікабрытанію. Гэта Алесь Бута, Цімох (Міхась) Вострыкаў, Піліп Дзехцяр, Янка Жучка, Леанід Карась, Аляксандар Марговіч, Павал Урбан, Уладзімер Цьвірка, Леанід Швайчук, Васіль Шчэцька ды сам Янка Запруднік. (У самым канцы кнігі аўтар яшчэ раз напіша пра кожнага зь іх і пра дванаццатага — Паўла Дзімітрука.)

Вучоба ў гімназіі ды праца ў брытанскіх капальнях вугалю былі падрыхтоўкаю да галоўнага: гімназія дала веды, капальня — матэрыяльную базу для атрыманьня вышэйшае адукацыі, патрэбнай дзеля далейшае працы на Беларусь і Беларушчыну.

Тыя, хто апынуўся ў Лювэне (не здабывалі вышэйшай адукацыі тры сябры Дванаццаткі: А.Бута, П.Дзехцяр і Л.Швайчук), ня толькі вучыліся, ня толькі сьпявалі ў хоры пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага (потым — Алеся Карповіча), ня толькі танчылі й выступалі з канцэртамі (пра ўсё гэта ў кнізе грунтоўна апавядаецца), але й працягвалі выдаваць заснаваны яшчэ ў Вялікабрытаніі часопіс “Наперад!”. Аўтар падае падрабязныя зьвесткі аб працы ў ім кожнага сябра Дванаццаткі. Друкуецца зьмест усіх 26-ці нумароў. У асобных разьдзелах узнаўляюцца проза, паэзія, гумар і публіцыстыка часопісу, а таксама лісты да сяброў і ад сяброў Дванаццаткі, вытрымкі зь дзёньніка аўтара, а таксама з запісаў В.Шчэцькі й “Дзёньніка Дванаццаткі” У.Цьвіркі, дзеля чаго кніга д-ра Запрудніка набывае выключную каштоўнасьць для гісторыкаў, літаратуразнаўцаў і бібліёграфаў. Каштоўныя й ілюстрацыі. Я такіх здымкаў дагэтуль у друку ня бачыў.

Пасьля ад’езду дзевяцёх сяброў Дванаццаткі ў Бэльгію ў Англіі засталіся А.Бута, Л.Швайчук ды П.Дзехцяр. У 1954 г., пасьля вучобы, сьледам за Л.Карасём зь Лювэну ў Мюнхен — працаваць на радыё “Вызваленьне” (з 1964 г. — “Свабода”) — выехалі У.Цьвірка ды Я.Запруднік, а ў Інстытут вывучэньня СССР — таксама ў Мюнхэн — А.Марговіч ды П.Урбан. Праз год у ЗША выехаў В.Шчэцька, яшчэ праз год — П.Дзімітрук. У Бэльгіі застаўся адзін Я.Жучка.

Чатыры сябры Дванаццаткі — А.Бута, Л.Швайчук, П.Дзехцяр ды П.Дзімітрук, у якога не пайшла вучоба, — адышлі ад беларускага руху, астатнія засталіся ў ім. Драматычна склаўся лёс Цімоха (Міхася) Вострыкава. Гэты студэнт вырашыў змагацца супраць бальшавізму ў Беларусі. Пасьля адпаведнае падрыхтоўкі ён спусьціўся на парашуце на беларускую зямлю, але неўзабаве быў схоплены і кінуты ў ГУЛАГ. Трагічны лёс напаткаў і Л.Карася, якога ёсьць падставы лічыць ахвяраю савецкага тэрору. Акрамя Л.Карася, у Мюнхене пахаваныя А.Марговіч і У.Цьвірка. У Англіі знайшлі вечны спачын П.Дзехцяр і А.Бута. Няма зьвестак пра Л.Швайчука ды П.Дзімітрука. Жывуць Ц.Вострыкаў, Я.Запруднік, П.Урбан і В.Шчэцька.

Калі я чытаў кнігу д-ра Б.Рагулі пра беларускае студэнцтва на чужыне, асабліва разьдзел са зьвесткамі, колькі зь іх сталі выдатнымі спэцыялістамі, абаранілі дысэртацыі, думаў: як жа іх розум, веды й энэргія маглі прыдацца на Бацькаўшчыне! Тое ж я думаў, калі чытаў і кнігу д-ра Запрудніка. Але дыктатарскім сыстэмам патрэбныя ня таленты, ня розумы — найперш вінцікі ў машыне.

Дзякуючы д-ру Запрудніку мы змаглі ня толькі прачытаць пра чальцоў Дванаццаткі, але й пачуць іх голас, убачыць іх маладымі. І гэтым аўтар найлепшым чынам выканаў абавязак салідарнасьці зь сябрамі, якія жывуць, і маральны абавязак перад тымі, хто адышоў, пакінуўшы па сабе памяць хоць радком у гісторыі Беларушчыны, бо напісанае — застаецца.

Анатоль Сідарэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0