Авангард з памідорамі

У рамках “Польскай восені ў Менску” выступалі авангардны музычны гурт і балетная трупа. Суцэльныя адкрыцьці.

Упершыню за апошнія 60 гадоў у Купалаўскім тэатры гучала музыка, не зьвязаная з тэатральным відовішчам. 19 кастрычніка там адбыўся канцэрт кракаўскага авангарднага гурту “Muzika centrum ensemble”. Ён меўся зайграць у канцэртнай залі Беларускай філярмоніі, аднак аварыйны стан будынку вымусіў арганізатараў шукаць іншае памяшканьне.

Галоўнай неспадзяванкай вечару быў аншляг. Тыповы наведнік гэткіх імпрэзаў — прафэсар кансэрваторыі, які імкнецца надаць сабе вагі ў сваіх вачох. Ён наперад ведае, што артысты будуць зьдзекавацца з інструмэнтаў, біць і шчыпаць іх у дарэмнай надзеі выбіць зь іх гукі, якіх ніхто раней ня чуў. І ўсё гэта будзе адбывацца доўга і нудна, у атмасфэры сьмяротнай сур’ёзнасьці, з прэтэнзіяй на “канцэптуалізм”.

Гэтым разам усё было наадварот. Замест нуднай кансэрваторскай прафэсуры ў залі тлумілася моладзь. Дый музыкі з Кракава выявіліся людзьмі надзіва вясёлымі. Яны ня проста білі і шчыпалі свае інструмэнты, але кпілі самі зь сябе, і найболей — з канцэптуалісцкай надзьмутасьці. Асабліва спадабаўся мне “струнны квартэт” — музыкі смыкамі гралі на мэталёвых пюпітрах. Цьвіком імпрэзы была сьпявачка Вольга Швайгер, якая забаўляла публіку пародыямі на авангардысцкі вакал. І хоць слухачы ня ведалі “першакрыніцаў”, пародыі прымаліся “на ўра”.

Выканалі музыкі й два творы беларускіх аўтараў. Першым была п’еса Яўгена Паплаўскага, напісаная для габоя, сынтэзатара і ўдарных. Сынтэзатар стварае фон, ударныя — рытм, а габой — мэлёдыю. У сукупнасьці гэта нагадвае авангардны эўрапейскі джаз ці індыйскую рагу. Чыста электронная п’еса Руслана Апановіча будуецца на імітаваньні выцьця вайсковых самалётаў. Дзякуючы надзвычайнай якасьці кампутарных эфэктаў ілюзія часам была поўнай. Як для мяне, 15 хвілінаў начнога паветранага налёту — гэта задужа. Дый сама ідэя выклікала ў памяці сымфанічную п’есу Кшыштафа Пэндарэцкага “Трэнас памяці ахвяраў Хірасімы”.

Праграма вечару не абмежавалася канцэртам. Калі публіка была сытая музыкай, распачаўся камэрны спэктакль “Аўдыенцыя ІІІ” паводле п’есы Багуслава Шэфэра — польскага кампазытара і тэарэтыка музычнага авангарду. У маладыя гады ён бавіўся пісаньнем драматычных твораў і музыкі да іх. Апошняй у “Аўдыенцыі ІІІ” нямнога, дый дыялёгі больш падобныя да кухоннага інтэлігенцкага сьцёбу. Тым цікавей было назіраць за акторамі — Богданам Сламіньскім і Ганнай Мусялуўнай, — якія здолелі надаць прымітыўнаму тэксту глыбокі сэнс і зьмястоўнасьць.

Назаўтра палякі частавалі нас познанскім балетам. Аднак заля Музычнага тэатру, дзе яны выступалі, была напалову пустая. У першых шэрагах з камфортам разьмясьціўся ўзвод амонаўцаў. Магчыма, яны даведаліся, што ў адным зь міні-спэктакляў дэманструюцца найноўшыя прыёмы айкідо, і прыйшлі адточваць майстэрства. У другім аддзяленьні амонаўцаў ужо не было. А спэктакль “Wo—man у памідорах” (харэаграфія Ёсі Бэрга з Ізраілю) выявіўся крыху цікавейшым за папярэднія. Тэатар стварыў харэаграфічную паэму пра сучасных “жорсткіх” кабетаў і пра мужчынаў, якія іх кахаюць. Галоўнай адметнасьцю спэктаклю былі чатыры скрыні памідораў, якія ў фінале рассыпалі па ўсёй сцэне. Памідор — гародніна правакацыйная, асабліва ў тэатры. Але гэтым разам абышлося без інцыдэнтаў. Нашая рахманая публіка спакойна “зьела” і безьзьмястоўнасьць, і памідоры.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0