Эўрапейскае выхаваньне

Як чалавек, удвая больш дасьведчаны што да выхаваньня свайго дзіцяці ў Беларушчыне (нашаму Антосіку ў сьнежні будзе 8 годзікаў), лічу неабходным адгукнуцца на допіс сп.Віталя Цыганкова (“НН” №37) і выказаць у працяг закранутае тэмы свае меркаваньні.

Без сумневу, усіх нас яднае наша мова. Яна закладае катэгорыі ды лад мысьленьня і сьветабачаньня нашых дзяцей, бо, пісьменна ўжываная, ёсьць адным з чыньнікаў паўставаньня ды замацаваньня новага дэмакратычнага кантэксту і дыскурсу, які дазволіць нашым дзеткам пачувацца сапраўднымі эўрапейцамі. Падпісваюся пад думкамі аўтараў шмат якіх допісаў у “НН”, што дэмакратыя, то бок палітычны лібэралізм, і эканамічны дабрабыт могуць паўстаць у Беларусі толькі ў выніку ўнутранае эвалюцыі беларускага грамадзтва ў рамках незалежнае беларускае дзяржавы. Ня трэба дарэмна трызьніць аб добрых намерах паважных дзядзькоў з захаду ці з усходу. Адказны ды сьвядомы выбар на сваю ж карысьць мусім зрабіць мы, hic et nunc!

Мне падаецца, што некаторыя высновы ды выразы з допісу сп.Цыганкова пасьпешлівыя і неабачлівыя, бо яны прапануюць мадэль паводзінаў, якая можа выклікаць канфармізм ды апатыю ў патэнцыйна ці ня самым актыўным ды дэмакратычным асяродку. Сёньня ў нашым грамадзтве беларускамоўнасьць ды адстойваньне нармалёвасьці разнастайных кантэкстаў ужытку беларускае мовы — галоўныя складнікі паўставаньня грамадзянскае супольнасьці.

 

Нераптоўная рэбеларусізацыя

Мяне заўсёды цешыць як бацьку й абурае як грамадзяніна зьдзіўленае пытаньне майго сына: “Тата, а яны што, не разумеюць па-беларуску?” Бо не разумець па-беларуску для грамадзянаў Беларусі — гэта прыклад цемрашальства ці разумовае абмежаванасьці, на што часьцяком яшчэ “хварэюць” некаторыя даўно атабараныя ў Беларусі людзі сталага веку, а таксама “чісто городскіе” маладзіцы ды маладзёны зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй.

Гэта для іх “рэбеларусізацыя” ёсьць раптоўнай ды “гвалтоўнай”! Каб яна не падавалася “раптоўнай”, а ўспрымалася так, як ёсьць на самай справе (то бок вынікам ліставаньняў ды “абіваньня парогаў” з боку актывістаў), трэба ўсім беларускамоўным бацькам кантактавацца ды яднаць свае намаганьні.

Бо шмат для каго з адраджэнцаў галоўнае, каб дзіцятка трапіла ў школку з ангельскай мовай, а беларускамоўная школа — як выпадзе. Маўляў, становішча ў нас такое неспрыяльнае, трэба чакаць, калі ўсё зьменіцца, а вось тады “мы, вядома, будзем за беларускую мову...” Ім жа няўцям, што можна спалучыць першае ды другое. Таму часьцяком карціць спытацца ў многіх шчырых ды сьвядомых: а вы, панове, што зрабілі, каб вашае дзіцятка гаварыла нашай мовай ня толькі дома, але й у школцы?!

Так, у адным менскім мікрараёне беларуская кляса паўстала дзякуючы высілкам вельмі канкрэтнай асобы, пасіянарнасьці якой ня вытрымаў нават фатэль у кабінэце кіраўніка менскага гарадзкога ўпраўленьня адукацыі. У іншым менскім мікрараёне такая ж кляса, не адчыненая летась, паўстала сёлета. Сёлета ж, дзякуючы канкрэтным людзям з ТБМ, зьявілася беларускамоўная гімназія ў цэнтры Менску. Найперш гэтыя асобы кіраваліся собскімі інтарэсамі, каб было зручна іхным дзеткам, але спачатку лапік, потым дзялка, далей Ніва, на якой будуць квітнець вядома якія кветкі!

Ад актыўнасьці, ад цьвёрдае грамадзянскае пазыцыі шмат што залежыць. Бо калі нічога не рабіць, 100% гарантыі, што нічога ня зьменіцца. Калі ж рупіцца, няма поўнае гарантыі, што дасягнеш усіх мэтаў, але зрухі будуць, як на тое паказваюць згаданыя выпадкі! І няма чаго наракаць на ўлады, бо ім не да нашых каштоўнасьцяў. Таму мы мусім быць дасьведчанымі, падрыхтаванымі ды тактоўна настойлівымі суразмоўцамі, здольнымі адстойваць свае інтарэсы. Не апускайма ж рук, будзьма ж асьцярожнымі аптымістамі, скарыстаймася ж з самых спрыяльных за ўсю гісторыю нашае краіны ўмоваў, бо нас ня нішчаць фызычна; бо нас не замала; бо мы, калі разам ды моцныя, у стане знайсьці ўплывовых, каньюнктурных або не, саюзьнікаў; бо нашая справа Сьвятая!

 

У школу “на колах”

Калі мова — адна з найвялікшых каштоўнасьцяў, дык можна дзеля яе штодня выдаткоўваць гадзіну, каб давезьці сваё дзіцятка ў школу! Пагатоў што гэтую цэлую гадзіну мы бавім сам-насам зь дзіцяткам — раскоша, якую не заўсёды сабе можна дазволіць у нашым вірлівым сталічным жыцьці!

Дабрабыт адраджэнцаў расьце, а гэта ня можа ня цешыць. Дык вось, парада тым зь іх, хто мае “колы”: калі ў навакольлі не атрымліваецца дамагчыся адкрыцьця клясы, падумайце аб магчымасьці давозіць сваіх дзетак да ўжо наяўных беларускамоўных садкоў ды школак (інфармацыю пра іх можна знайсьці ў ТБМ), а таксама прапануйце гэта іншым, што пакуль ня маюць сваіх “колаў”! Менавіта так летась рабілі нашыя сябры, якія штодня падвозілі да гімназіі ў Кунцаўшчыну сваю Насту і ейных аднаклясьнікаў Антосіка ды Аліну. Пераважная бальшыня дзяцей, што сёньня вучацца ў беларускіх школках Менску, з расейскамоўных сем’яў. Таму мы не павінны пагаджацца на найпрасьцейшыя рашэньні, а менавіта ў беларускамоўныя школы аддаваць нашых дзяцей — каб нашыя дзеткі там былі лепшыя, каб гэтыя школкі былі лепшыя. Толькі так сёньня мы забясьпечым аўтарытэт нашае мовы. Паспрабуйма адказаць на пытаньні: ці актыўныя мы ў бацькоўскіх камітэтах нашых клясаў, каб стварыць там сапраўды беларускі дух? Чым мы дапамагаем школам, дзе вучацца нашыя дзеці?

 

Шукайма кантактаў

Сьвядома беларускамоўныя — меншыня ў нашым грамадзтве, але яна мусіць быць актыўнай. Небясьпечна заставацца прыстасаванцам да расейска-трасянкамоўнае бальшыні, варта варушыцца, ствараць свае кшталты ды кантэксты, дзе нашыя беларускамоўныя дзеткі пачуваліся б камфортна, вольна ды творча. І тут роля людзкіх ды матэрыяльных рэсурсаў “трэцяга сэктару” ў варунках усё яшчэ моцнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ёсьць асноватворнай. Варта шукаць кантактаў з аднадумцамі — гэта і бацькоўскі клюб Ірыны Марачкінай у Палацы моладзі, і садок №314, што на вул.Багдановіча, і нядзельная школка тамсама, іншыя школы ды гімназіі, Гуманітарны ліцэй, Беларускі калегіюм, студэнцкія, рыцарскія ды іншыя суполкі. Выбар ёсьць, і ён за намі.

Таксама забудзьма пра выразы пазамінулага ды мінулага стагодзьдзяў кшталту “правы нацыі”. Гэта дазволіць нам знайсьці лепшае паразуменьне з нашымі замежнымі партнэрамі. Сёньня трэба казаць пра абарону асноўных правоў чалавека ў іхным лібэральным разуменьні, замацаваных, дарэчы, у абедзьвюх (1994 і 1996 г.) Канстытуцыях. Яны ўлучаюць права нашых дзяцей на паўнавартаснае навучаньне па-беларуску. Гэтым мы зможам адрынуць штучна створаны падзел на нацдэмаў ды лібэралаў, бо найбольшыя лібэралы ў палітычным разуменьні — гэта менавіта нацдэмы. Яны маюць самую доўгую традыцыю і досьвед барацьбы за дэмакратыю, за плюралізм, за свабоду слова, за роўнасьць шанцаў, за правы чалавека.

Наконт “штучна замкнёнага беларускамоўнага гета” ці, калі разьвіваць лёгіку аўтара, гэткага заторканага асяродка нягеглых выраджэнцаў. Гета пасьля трагічных гістарычных падзеяў ёсьць сынонімам велічнай нязломнасьці ды нечалавечых пакутаў жыдоўскага народу. Нам вучыцца трэба ў габрэяў: іхная нязломнасьць, узаемадапамога, здаровы дух карпарацыйнасьці вартыя перайманьня. Разам з тым, мы мусім быць максымальна адкрытымі ды паўсюдна справай даводзіць, што Беларушчына — гэта эўрапейскасьць, дэмакратычнасьць, дасьведчанасьць, элітарнасьць. Толькі ў тым выпадку, калі нашыя беларускамоўныя дзеткі будуць здаравейшыя, спрытнейшыя, разумнейшыя ды па-добраму карпарацыйныя, мы зможам зьмяніць стаўленьне да мовы ў аморфнае бальшыні. Як кажа каардынатар бацькоўскага камітэту Менскае гарадзкое рады ТБМ Ігар Хляба, мы зможам мець больш цьвёрды ды надзейны грунт у кантактах зь дзяржаўнымі службоўцамі, многія зь якіх спрыяльна ставяцца да Беларушчыны.

 

“Дзявятка” па расейскім чытаньні

Хіба беларускамоўнасьць замінае нашым дзеткам разумець, што іншыя мовы таксама варта паважаць ды ведаць? Мы мусім выхаваць у нашых дзяцей прагу да ведаў ды адкрытасьць да кантактаў з самымі рознымі людзьмі. Не дазваляючы нашаму Антосіку пераходзіць на трасянку, мы заўсёды яму даводзім, што ён мусіць добра размаўляць іншымі мовамі — ангельскай, францускай, расейскай, польскай і г.д. Спадзяюся, што даём яму прыклад адкрытасьці ды прагі да ведаў хоць бы тым, што за два гады, якія жывём у Менску, у нас дома ў гасьцёх былі французы, расейцы, немцы, брытанцы, палякі, канадзец, швайцарац ды вугорац, ня кажучы пра безьліч беларусаў.

Што да расейскай мовы, дык перакананы: за 10 гадоў навучаньня ў беларускамоўнай школе дасканала вывучыць яе ня зможа хіба дэбіл або труцень. Таксама ведаю бацькоў, якія аддалі сваё дзіцятка ў нашую гімназію толькі дзеля ангельскай (вельмі распаўсюджаны выпадак) і расейскай моваў, бо апошнюю лепш вучыш, калі добра ведаеш беларускую. Дарэчы, наш Антосік вельмі ганарыцца “дзявяткай” па расейскім чытаньні.

 

Ці гэта ня “гета”?

Ня варта ідэалізаваць пасьлядоўнасьць дзяцей, як гэта робіць сп.Віталь, бо іхная сыстэма каштоўнасьцяў яшчэ вельмі няўстойлівая, а іх магчымасьці аргумэнтавана ды пасьлядоўна адстойваць свае перакананьні абмежаваныя. У расейскамоўнай школцы ёсьць большая верагоднасьць, што нашых беларускамоўных дзяцей псыхічна скалечыць якая-небудзь “тожа дземакрацічэская ды лібэральная” кабета.

І апошняе. Фразу “Нічога страшнага”, якой дырэктарка расейскамоўнае нядзельнае школкі адрэагавала на паведамленьне пра беларускамоўнасьць дзіцяці, можна інтэрпрэтаваць наступным чынам: за Вашыя грошыкі мы вылечым Вашае дзіцятка ад хваробы беларускамоўнасьці ў грамадзкіх месцах, бо добрыя адзнакі (якіх шчыра зычу Богусю!) будуць ставіцца за адказы па-расейску. А па-беларуску ён будзе гаварыць толькі дома. А ці гэта ня тое ж так скрытыкаванае “гета”!?

А наагул, ці патрэбная нам беларуская мова ў адукацыі, ці патрэбныя нам беларускія школы, калі беларусы без ваганьняў аддаюць сваіх дзяцей у расейскамоўныя? Ці патрэбныя нам беларускамоўныя ўнівэрсытэты (можа, варта стварыць фонд ды пачаць збор сродкаў на свой унівэрсытэт, не чакаючы намэнклятурнае падачкі) або хоць па-сапраўднаму беларускія плыні ў тых, што ўжо ёсьць? Я думаю, што так! Дзеля гэтага нам трэба зьяднаць нашыя высілкі, каб ня быць прыстасаванцамі, а дасягнуць гэтага ў сёньняшняй “субмарыне вар’яцкага жоўтага колеру”, зь якой мы ня зьедзем і дзе мы мусім дэмакратычна, паважліва, па-эўрапейску жыць ды гадаваць нашых дзетак.

Алесь Лагвінец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0