Апытаньне “НН”

Беларускія палітыкі, паэты, журналісты, грамадзкія дзеячы адказваюць на пытаньні карэспандэнта “НН” пра пэрспэктывы расейска-чачэнскай вайны. Апытаньне праводзілася напярэдадні нядаўняга тэракту ў Маскве.

23 кастрычніка група ўзброеных чачэнцаў захапіла дом культуры на вуліцы Мельніка ў Маскве і амаль 700 закладнікаў.

У гэты час там дэманстраваўся мюзыкл “Норд-Ост”, і заля была амаль цалкам запоўненая. Паводле сайту kavkaz.org, акцыя зьдзейсьненая чачэнцамі-сьмяротнікамі на чале з палявым камандзірам Маўсарам Бараевым. Паведамляецца, што аснову групы складаюць чачэнкі-ўдовы. Тэрарысты адпусьцілі з будынку дзяцей і жанчынаў. Калі нумар рыхтаваўся да друку, дом культуры быў узяты ў аблогу байцамі ўнутраных войскаў, а чачэнцы замінавалі будынак. Іхнае патрабаваньне - спыніць вайну ў Чачэніі.

 

Сяргей Булыгін, статс-сакратар, памочнік міністра абароны па пытаньнях вайсковай палітыкі: Не павінен ніхто нікога перамагаць. Перамога тут непрымальная. Перамагаць можна, калі вораг на цябе напаў і ты баронішся. А ў Чачэніі трэба ўсё вырашаць мірным шляхам. Перамовамі. Толькі так удасца пазбавіцца праблемаў, якія на Каўказе існуюць ужо стагодзьдзі. Трэба дабівацца ўсталяваньня міру. І потым наладжваць чачэнскае самакіраваньне. У межах Расеі, зразумела.

Ібрагім Канапацкі, намесьнік старшыні Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня: Чачэнцаў нельга перамагчы, іх можна толькі вынішчыць. Што Расея фактычна і спрабуе зрабіць. Самае парадаксальнае, што вынішчае яна сваіх жа грамадзянаў. Атрымліваецца сапраўдная грама­дзянская вайна. Расея чуе пах нафты. І вядзе вайну на згубу цэлага народу. Расейскія палітыкі чамусьці ня робяць высноваў з гісторыі. Забыліся і на свайго вялікага Лява Талстоя. Ён вунь яшчэ калі сказаў, што на Каўказе немагчыма страляць. Бо адзін раз стрэліш - і сто гадоў вайна. Нават Сталін не спрабаваў узяць чачэнцаў бойкаю. Ён іх дэпартаваў. Унукі дэпартаваных сёньня ваююць супраць Расеі. Будуць ваяваць і дзеці тых, каго цяпер завуць сэпаратыстамі. Чачэнцы жывуць па сваіх законах. Іх зьмяніць немагчыма. Прыехала, напрыклад, да нас чачэнка-ўцякачка зь дзецьмі і не змагла прыжыцца. Там вайна, сьмерць, але там усё іхнае. Там іхны лад жыцьця.

Павал Булацкі, тэлевядучы: Расея возьме пад кантроль гэты рэгіён. Перавага пакуль на яе баку. Але ж там горныя людзі. Гэта таксама трэба ўлічваць. Канфлікт можа зацягнуцца - як на Блізкім Усходзе. Пакуль ня будзе нейкага валявога рашэньня, нічога ня зьменіцца.

Мікола Статкевіч, лідэр “Народнай Грамады”: Ніхто. Чачэнцы не перамогуць, бо маюць замала рэсурсаў. І людзей, і зброі. А Расея сваімі дзеяньнямі толькі распальвае варожасьць. Чачэнцы адказваюць супрацівам, а расейскія афіцэры і жаўнеры на гэта - гвалтам. Так можа працягвацца доўга, бо ў Чачэніі вырасла цэлае пакаленьне, якое не ўяўляе сябе без вайны і змаганьня. Для поўнай перамогі Расея ня можа прымяніць тактыку выпаленай зямлі - замінаюць міжнародныя абавязацельствы. Дый знайсьці палітычныя шляхі вырашэньня праблемы не ўдаецца. А гэта магло б быць выйсьцем.

Леанід Дранько-Майсюк, паэт: Пераможа народ Чачэніі. У мяне ёсьць вера ды надзея менавіта на гэта. Гісторыя паказвае, што народы ўсё ж такі перамагаюць, калі адстойваюць свае інтарэсы. З самага пачатку крывавых падзеяў мае сымпатыі былі на баку чачэнскага народу.

Цімафей Дранчук, каардынатар ЗУБРа: Перамогуць чачэнцы. Яны змагаюцца за свой народ і сваю зямлю.

Уладзімер Лабковіч, юрыст “Вясны-96”: Пераможцаў быць ня можа. З пункту гледжаньня права­абаронцаў, Расея зьдзяйсьняе генацыд чачэнскага народу. У “першай” вайне перамаглі чачэнцы. Але потым Масхадаў ня здолеў захаваць адзінства краіны. Ён прайграў мір. Таму за ўсё, што цяпер там адбываецца, урад Ічкерыі таксама нясе адказнасьць.

Тацяна Сьнітка, журналістка: Мне хочацца патасна адказаць, што перамогуць чачэнцы. Але я ня ведаю, што там насамрэч. На расейскіх каналах - шалёная прапаганда. Да нас даходзіць толькі палова інфармацыі і толькі з аднаго боку. Я была ў Чачэніі два разы. Галоўнае, што зразумела, - я ненавіджу вайну. Любую. Страшэнна церпяць усе. Чачэнцы, як малы народ, найбольш. Але ісламскі сьвет іх насамрэч падтрымлівае. Невядома, што лепш - бараніць незалежнасьць зброяй ці прыстасоўвацца і пазьбягаць ахвяраў, як беларусы.

Апытвала Вольга Анцыповіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0