***

Новы альбом Шалкевіча: “Добрай раніцы”

Нарэшце маем кампіляцыю зь лепшых запісаў Шалкевіча ажно за дзесяць гадоў, выдадзеную на CD.

Новы альбом Шалкевіча: “Добрай раніцы”
Новы альбом Шалкевіча: “Добрай раніцы”
Ну і правільна: гэты фармат больш прэстыжны, чым якія касэты, дзе можна зьверху Шалкевіча запісаць Саладуху, калі не спадабаецца песьня кшталту “Таварыша Сапегі” ці “Шчуроў Эўропы”. Тым болей, што народ ужо зачакаўся новых песень і альбомаў гэтага айчыннага Боба Дылана, якія ён абяцае вось ужо колькі гадоў. Мо часу ня мае запісвацца: усё канцэрты, выступы, усё больш за мяжой... Бо тут, на радзіме, рабіць іх ніхто не сьпяшаецца — Шалкевіч такі: скажа што ня тое, засьпявае нешта такое, на што ў райвыканкаме адказныя за культуру людзі пячатак з дазволам не набяруцца. І пачнуцца непрыемнасьці, зь якіх прыход падатковага інспэктара — толькі першая ластаўка.

Людзі рагочуць, слухаючы Шалкевічавы песьні. З чаго, здавалася б, там можна рагатаць? Што мы — “Жлобская нацыя”, улюбёны стыль якой — “Смутны беларускі блюз”? Я неаднаразова быў сьведкам таго, як абураліся тутэйшыя, слухаючы “Жлобскую нацыю”. Маўляў, гэта карыкатура злосная, мы зусім не такія, мы гордыя, свабадалюбныя, мы, мы, мы... І я б абурыўся, калі б тое прасьпяваў пра нас які Юры Шаўчук. А то ж сказаў наш, мясцовы, сам такі ж, як і мы ўсе. Яму можна, ён мае на тое права.

З 19 нумароў альбому, які гучыць пад 80 хвілінаў, толькі іранічны маналёг пад арыгінальнай назваю “Bonus-track” раней не выдаваўся. Рэшта — песьні з розных праграмаў. Патрэбы выстройваць іх паводле якога сюжэту не было: да творчасьці Шлакевіча можна падбірацца зь любога боку.

Дылана я згадаў невыпадкова. Шалкевіч пашырае дыяпазон уласна бардаўскае песьні, як і амэрыканскі Боб, уносячы ў гэты жанр часам вельмі вострае рокавае гучаньне. Тыя гарадзенскія аражаваньні месцамі ўзорныя! А калі Шалкевіч зрэдку кідае музыкаў уласнага бэнду (ня ўвесь жа час ганарарамі зь імі дзяліцца!), агульнае ўражаньне ад ягоных песень не зьнікае. Дастаткова паслухаць прасьпяваны пад гітару прасьветлена-сумны шэдэўрык “Мы ехалі да Магілёва”, каб пераканацца, што любіць ён тую жлобскую нацыю надзвычай моцна. І магілёўскіх яе прадстаўнікоў — таксама!

Каб у Беларусі існавала традыцыя кабарэ, Шалкевіч быў бы тут першым нумарам, бо ўплыў на ягоную стылістыку з боку вядомых польскіх артыстаў (прыкладам — Анджэя Расевіча) адчувальны. Але гэта ня пляжыць арыгінальнасьць таго, што робіць Шалкевіч. Нездарма ж музычны крытык Вітаўт Мартыненка ва ўступе да альбому зазначыў, што “слухач знойдзе тут і шэраг проста неверагодных сюрпрызаў”. Я пакрыўджаны: Слухач трэба пісаць з вялікае літары!

P.S. Не магу не адзначыць арыгінальную знаходку “БМАgroup” — рэклямны трэк у канцы альбому, запісаны з голасам Памідорава. Ёсьць толькі адзін тонкі момант: каб пачуць тую рэкляму, трэба купіць дыск Шалкевіча. А як купіць дыск, калі рэклямы той нідзе больш не чутно?

Слухач з-пад Каложы

20 лістапада ў Палацы культуры вэтэранаў (Менск, вул.Купалы, 21) адбудзецца прэзэнтацыя альбому Віктара Шалкевіча “Добрай раніцы”, выдадзенага “БМАgroup”. Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0