***

Рэдакцыя папрасіла адказаць на закіды А.Сідарэвіча Міхася Скоблу, паэта і новаабранага намесьніка старшыні СП.

Гадоў пятнаццаць ведаю А.Сідарэвіча і за ўвесь гэты час ніводнага разу ня бачыў яго зьдзіўленым. Абураным за трыбунаю ў Доме літаратара назіраў, расчуленым над 66-м шэксьпіраўскім санэтам памятаю, вясёлым падчас падарожжа па заходнебеларускіх мястэчках і хутарах бачыў.

Міхась Скобла
Міхась Скобла
І во на табе: Сідарэвіч зьдзівіўся, што на кіраўніцтва Саюзам пісьменьнікаў прыйшлі “таленавітыя і дзейныя людзі” А.Кудравец, А.Пашкевіч, Б.Пятровіч ды Э.Акулін. Маўляў, аднаму лепш было б пісаць мэмуары, другому – кіраваць паэтычным сэмінарам, трэцяму – рэдагаваць “Дзеяслоў”, чацьвёртаму – сьпяваць уласныя песьні… І пад канвоем не ісьці ў той саюз, не марнаваць свайго каштоўнага часу. Як неаспрэчны аргумэнт цытуецца Сэнэка, які вучыў “адваёўваць час для сябе самога”. Дарэчы, Сэнэка ваяваў за свой час даволі арыгінальна – выхоўваючы крыважэрнага імпэратара Нэрона, які неўзабаве і парупіўся дарэшты вызваліць свайго настаўніка зь цянётаў будзёншчыны: прымусіў скончыць жыцьцё самагубствам. Але не пра тое гаворка.

А.Сідарэвіч – чалавек далёкі ад банальнасьці, а тут параўноўвае дзясяткі разоў параўнанае: Саюз пісьменьнікаў з калгасам. Шаноўны васпане, мы ж з вамі хутаранцы. Ня ведаю, калі раскулачылі ваш Доўгі Лес пад Ганцавічамі, а ў ваколіцах нашай Шыі паблізу Дзярэчына калгасы ўтварыліся толькі на пачатку 50-х. Прычым ніхто ў сялянаў не пытаўся згоды, – хочаш ты ці не ў той калгас. Захочаш, калі замест калгасу прапануюць альтэрнатыву: Джэзказган альбо Котлас. А цяпер скажыце: каго зь пісьменьнікаў на вашай памяці заганялі ў саюз сілай? Можа, вас як літаратара валаклі туды гвалтам, сканфіскаваўшы апошнюю асадку, не раўнуючы як плуг ці барану ў селяніна? Не было гэтага. Не хацелі – і не ўступалі. Як, дарэчы, і Л.Геніюш. Што праўда, яна ахвотна брала ўдзел у пісьменьніцкіх афіцыйных сходках, зьездах ды пленумах. Запрыгоненага калгасам селяніна ганялі ў поле за працадні, і – паспрабуй не зьявіся. А беларускі пісьменьнік за савецкім часам атрымліваў добрыя ганарары ды ўлетку зьбіраў грыбы вакол Лысай Гары. Так што калгас – не парнас. Вядома, кожнае параўнаньне кульгае, вашае ж у дадзеным выпадку – на абедзьве нагі.

Калі Саюз пісьменьнікаў быў створаны ў 1934-м, прычым не найлепшымі беларускімі пісьменьнікамі (Якуба Коласа ў апошні момант выкрасьлілі з аргкамітэту), то задумваўся ён сапраўды як апірышча савецкай улады. Але ў Францыі савецкай улады ніколі не было, а пісьменьніцкая арганізацыя ёсьць, і ў Грэцыі ёсьць, і ў Швэцыі. У 1941 г. украінская паэтка Алена Тэліга з-за мяжы патаемна прабралася ў акупаваны немцамі Кіеў і стварыла не суполку падпольшчыкаў, а непадкантрольны акупантам Саюз пісьменьнікаў. За што праз год і была расстраляная ў Бабіным Яры разам са сваімі паплечнікамі. Так што, як бачым, пісьменьніцкія арганізацыі ствараліся ня толькі бальшавікамі і не заўсёды дзеля шыхтоўкі літаратараў у шчыльныя ды паслухмяныя шэрагі.

Тыя, хто прагне “рэформаў” і патрабуе распусьціць творчыя саюзы як спараджэньне сталінскай сыстэмы, забываюць, што за саветамі былі ўтвораныя і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, і Акадэмія навук, і Тэатар опэры і балету, і выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”. Дык можа, і іх распусьціць на радасьць імпэрскай навалачы ды беларусажэрам уласнай гадоўлі?

А.Сідарэвіч праўдзіва заўважае, што ўлада забрала ў пісьменьнікаў часопісы, каб пазбавіць нязгодных трыбуны. Але прыгадайма, што незалежную трыбуну – часопіс “Дзеяслоў” – стварылі акурат тыя, хто ў верасьні ўзначаліў пісьменьніцкі саюз, ад якога, і зноў жа паводле Сідарэвіча, улада чакае аднаго – усхваленьняў на свой адрас. Дык ці прычакае ўлада тых усхваленьняў – за зачыненыя беларускія школы, за ліквідаваныя выдавецтвы, за выкінутую з высокіх кабінэтаў беларускую мову, за загнаныя ў касьцянаўска-бондараўскі холдынг часопісы, за адабраны, нарэшце, Дом літаратара? Рытарычнае пытаньне. Хаця, прыйдзі да кіраўніцтва саюзам другія сілы, прызабыты жанр панэгірыка ў нашай літаратуры мог бы зноў расквітнець.

Цяпер стаўка будзе рабіцца на штрэйкбрэхераў, якіх хапае ў любой прафэсіі, а ня толькі каля парнаскіх стромаў. Вось, ці бачыце, аднаму зь іх ужо і ордэн прышпілілі – за стварэньне дзяржаўнага гімну. А ён ахвотна грудзі падставіў, ведаючы, бессаромнік, што не зьяўляецца аўтарам таго гімну, а толькі суаўтарам. Сытуацыя проста анэкдатычная, але можна параіць навасьпечанаму ордэнаносцу расьпілаваць сваю ўзнагароду на дзьве часткі і падзяліцца з нашчадкамі пісьменьніка М. Клімковіча. Прынамсі, гэта будзе справядліва. Даюць ужо ордэны, спадары штрэйкбрэхеры, не прасьпіце момант. Але ўдзячныя прамовы прамаўляйце са сваёй купіны, а ня з ганку Саюзу пісьменьнікаў, над якім вісіць шыльда зь непатрэбнай вам Пагоняй.

Паступова, цягам апошніх гадоў, Саюз пісьменьнікаў ператвараўся афіцыйнымі СМІ ледзь не ў баявы партызанскі атрад, які гатовы зь пёрамі наўзгатоўку ісьці на штурм цытадэляў улады. Два ранейшыя кіраўнікі саюзу былі сшальмаваныя. Некаторыя, асабліва старэйшыя, пісьменьнікі пачалі наракаць на залішне радыкальнае, на іх погляд, кіраўніцтва. І вось пісьменьніцкую арганізацыю ўзначаліў малады, здольны да кампрамісу чалавек, які спадзяваўся і спадзяецца пачаць адносіны з уладай з “чыстага ліста”. Тым больш, апошнім часам усім чыноўнікам паступіла каманда зьверху любіць незалежную Беларусь (цікаўным раю, для прыкладу, пачытаць віншаваньні рай- і аблвыканкамаў з нагоды 7 лістапада: аказваецца, для ўладнай вэртыкалі няма большай каштоўнасьці, чым беларуская дзяржава). Але спадзяваньні так і застаюцца спадзяваньнямі. Мур непаразуменьня, на вялікі жаль, так і застаўся стаяць. Творцаў па-ранейшаму штурхаюць на барыкады, каб потым, паціраючы рукі, глыбакадумна заўважыць: калі гавораць гарматы, музы маўчаць. Ды не маўчаць, іх проста не дачуцца.

Рэдактарка “Маладосці” паэтка Р. Баравікова пабедавала ў “ЛіМе”, што сёньня на Фрунзэ, 5 немагчыма сустрэцца з клясыкам і расплакацца ад утрапёнасьці, як калісьці прасьлязілася яна пры сустрэчы з Максімам Танкам. Ведаеце, спадарыня Раіса, і ў мяне тахкала сэрца, калі я атрымліваў сваю першую кніжку, што выйшла ў бібліятэчцы “Маладосці”, з рук Анатоля Грачанікава. Няма ўжо ні Танка, ні Грачанікава, ні “маладосцеўскай” бібліятэчкі… А ў саюз усё адно прыходзьце. Не паплакаць, а разам падумаць, як бібліятэчку тую аднавіць.

А.Сідарэвіч, у адрозьненьне ад эмацыйнай паэткі, больш націскае на ratio і, маючы немалы жыцьцёвы досьвед, упэўнена заяўляе, што новая каманда ня здолее рэфармаваць “сталінска-жданаўскі інструмэнт кантролю” за дзейнасьцю пісьменьнікаў. Хто яго ведае, можа, нам і забракуе цярпеньня і вытрыманасьці. А магчыма, і хопіць, асабліва калі ўлічыць, што цяпер кантралююць пісьменьнікаў зусім іншыя арганізацыі. Што да часу, то яго, вядома, шкада. Ды найперш ня варта губляць дарагіх хвілінаў на пошук “аблудных авечак”, якія ня хочуць даваць залатое руно. Зрэшты, аднадумцам, ашчадным да свайго і чужога часу, не выпадае весьці марных дыскусій. Давайце разам прыгадаем мудрае народнае выслоўе – крывое кола на сябе гразь кідае.

Міхась Скобла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0