***

Да беларускай грамадзкасьці, лідэраў грамадзкіх і палітычных арганізацый, кіраўніцтва Беларусі, міжнароднай супольнасьці й яе прадстаўнікоў у Беларусі

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларусі, зважаючы на патрабаванне беларускай грамадзкасьці, прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным суверэнітэце нашай краіны. Пасьля даўгачаснай каланіяльнай залежнасьці беларускі народ зноў аднавіў сваю дзяржаўнасьць. У 1994 годзе ЗША, Вялікабрытанія й Расея падпісалі Мемарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі, у якім узялі на сябе абавязак “паважаць незалежнасьць, суверэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь”, “устрымлівацца ад эканамічнага прымушэньня, скіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласьцівых яе суверэнітэту”.

Аднак кіраўніцтва Расеі стала на шлях парушэньня ўзятых абавязкаў. Яно ўсяляк спрыяла стварэньню на Беларусі прарасейскага рэжыму, а ў 1996 г. перашкодзіла беларускаму парламенту аб'явіць імпічмент Лукашэнку. Падтрымліваючы аўтарытарны, антынацыянальны, разбуральны рэжым, расейскія імперскія ўлады рыхтавалі анэксію нашай краіны, на што неаднаразова зьвяртала ўвагу беларуская апазіцыя. Дайшло да таго, што 14 жніўня г. г. прэзідэнт Расеі Пуцін дазволіў сабе зьневажальныя заявы ў бок нашага народу, у якіх прапанаваў зьнішчыць Беларусь як самастойную дзяржаву.

Нягледзячы на адназначна негатыўную рэакцыю беларускага грамадзтва на гэтыя заявы, сьпецслужбы і СМІ Расеі, а таксама прадстаўнікі некаторых заходніх краінаў пачалі спробы расколу беларускага грамадзтва і апазіцыі па пытаньню стаўленьня да згаданых цынічных і абсалютна непрыймальных “прапаноў” Пуціна.

У зьвязку з дадзенымі абставінамі мы – прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацый Гарадзеншчыны, зьвяртаемся да:

- Беларускай грамадзкасьці:

Сапраўдны гістарычны выбар, які зараз стаіць перад Беларусьсю – заставацца незалежнай, нейтральнай краінай, як Швайцарыя, ці рухацца ў кірунку Еўразьвязу, куды зараз імкнуцца ўсе цэнтральна- й усходнееўрапейскія краіны. Між тым Пуцін і Лукашэнка імкнуцца навязаць нам іншы “выбар”: далучацца да Расеі “асобнымі губерніямі” ці “праз утварэньне саюзнай дзяржавы”. У палітыцы такая падманлівая маніпуляцыя людзьмі завецца “выбар без выбару”.

Грамадзяне Беларусі! Незалежная беларуская дзяржава – гэта самая вялікая каштоўнасьць, якая ў нас ёсьць. Толькі жывучы ва ўласнай краіне, мы можам пабудаваць сабе годнае й заможнае жыцьцё. А страта Бацькаўшчыны – гэта й духоўная, і фізічная сьмерць…

Не паддадзімся падману, захаваем нашу дзяржаву!

- Лідараў грамадзкіх і палітычных арганізацый:

Спыніце разгляд любых планаў нібы “дэмакратызацыі Беларусі”, адкуль бы яны не зыходзілі, калі ў іх не прадугледжана, што пры ўсіх варыянтах разьвіцьця падзей, Беларусь застаецца суверэннай, незалежнай, еўрапейскай краінай – суб'ектам міжнароднага права. Гэта настолькі ж відавочна, як тое, што гільятына ня можа быць прыладай цырульніка…

Заклікаем усе дэмакратычная сілы Беларусі аб'яднацца вакол ідэі захаваньня незалежнасьці нашай дзяржавы.

- Кіраўніцтва Беларусі:

Спыніце небясьпечныя, таксама й для вас, гульні “па далейшай інтэграцыі Беларусі й Расеі”, у тым ліку й працэс падрыхтоўкі да “увядзеньня расейскага рубля ў якасьці агульнай валюты”.

Хопіць шантажаваць уласны народ магчымасьцю страты яго дзяржавы.

- Прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці на Беларусі.

Спыніце агітацыю ў шэрагах беларускай апазіцыі пра міфічную мэтазгоднасьць уваходу Беларусі ў склад Расеі. Маўляў, такім чынам “вы пазбавіцеся ад антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі”.

Па-першае, беларуская дзяржава – гэта базавая каштоўнасьць нашага народу. Таму яна ня можа мяняцца ні на якія іншыя грамадзкія каштоўнасьці. Па-другое, сучасная Расея і дэмакратыя - рэчы ўзаемавыключальныя. Калі вы лічыце дэмакратычным рэжым, які вядзе сваю краіну па шляху таталітарызацыі й фашызацыі, які дапусьціў, што катаваньні міліцыяй й сьпецслужбамі сталі сістэматычным спосабам выбіваньня паказаньняў, які ўжо каторы год зьдзяйсьняе генацыд свабодалюбівага чачэнскага народу, рэжым, які здольны выкарыстоўваць нават хімічную зброю супраць уласных грамадзян, які пазбаўляе сваё грамадзтва магчымасьці атрыманьня любой праўдзівай інфармацыі, а замест яе ўвесь час вылівае на галовы людзей цэбары хлусьні й дэзынфармацыі – тады наша разуменьне дэмакратыі і вашае не супадаюць. Мы ведаем узоры іншай сапраўднай дэмакратыі, у тым ліку і еўрапейскай.

Заклікаем міжнародную супольнасьць, асабліва краіны-гаранты незалежнасьці Беларусі, захаваць свой твар і прыняць меры, каб спыніць анэксійныя амбіцыі расейскіх уладаў. Патураньне імперскім памкненьням крамлёўскіх уладароў ня толькі паспрыяе вяртаньню ядзернай зброі на беларускую зямлю, якая больш за ўсіх пацярпела ад Чарнобылю, але й справакуе далейшыя агрэсіўныя дзеяньні расейскай бюракратыі ў адносінах да Еўропы і сьвету.

Будзем памятаць: па ўсіх міжнародных законах любая нацыянальная дзяржава ня можа быць прададзена, аддадзена, паменена, “далучана” ці якім-небудзь іншым чынам зьнішчана. Такая дзяржава можа толькі будавацца і ўдасканальвацца. Акрамя таго, па тых жа законах, жыхары маюць ня толькі права, але й абавязак бараніць сваю дзяржаву ўсімі магчымымі сродкамі.

Гэтыя прынцыпы поўнасьцю датычаць нашай роднай Беларусі й яе народу!

1. Алесь Астроўскi – старшыня Гродзенскай гарадской грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай вышэйшай школы”;

2. Вiктар Сазонаў – старшыня Гарадзенскай фiлii Грамады (БСДГ);

3. Уладзiмiр Хiльмановiч – старшыня Гарадзенскага абласнога аддзяленьня “Фонду iмя Льва Сапегi”;

4. Сяргей Мальчык – старшыня Гродзенскай абласной арганiзацыi Партыi БНФ;

5. Мiкола Воран – старшыня Рады БНФ “Адраджэньне” Ленiнскага р-на г. Гродна;

6. Веслаў Бiруля – старшыня Рады БНФ “Адраджэньне” Кастрычнiцкага р-на г. Гродна;

7. Вадзiм Саранчукоў – “Малады Фронт”, старшыня Гарадзенскай арганізацыi;

8. Мiкола Маркевiч – рэдактар газеты “Пагоня”;

9. Валерый Задаля – Гродзенская арганізацыя ТБМ iмя Скарыны, старшыня;

10. Тадэвуш Гавiн – член галоўнай рады Зьвёнзку палякаў на Беларусi;

11. Франц Мамуль – член “Клубу прадпрыймальнiкаў” г. Гродна;

12. Дзмiтрый Iваноўскi – старшыня дэмакратычнага руху “Гродзенскi выбар”;

13. Юрый Iстомiн – старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыi Аб’яднанай грамадзянскай партыi;

14. Аляксандр Антанюк – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення БХК;

15. Андрэй Пачобут – сябра БАЖ, журналiст;

16. Андрэй Мялешка – сябра БАЖ, журналiст;

17. Валерый Кiсель – сябра “Маладога Фронту”;

18. Кастусь Жынь – сябра Партыi БНФ;

19. Рыгор Леаданскi – сябра БНФ “Адраджэньне”;

20. Любоў Крупянская – сябра БНФ “Адраджэньне”;

21. Вiкенцiй Жук – Аб’яднаньне дэмакратычных ветэранаў, Гродзенская гарадская арганiзацыя;

22. Генадзь Скарадумаў – сябра БНФ “Адраджэньне”;

23. Аляксандр Жук – сябра Партыi БНФ;

24. Мiкола Баўсюк – намесьнiк старшынi Гродзенскай абласной рады БНФ “Адраджэньне”;

25. Людмiла Шаўчэнка – сябра БНФ “Адрадэньне”;

26. Казiмiр Локiць – старшыня цэнтральнай суполкi БНФ “Адраджэньне” г.Гродна;

27. Дзьмiтрый Чарнель – сябра З’адзiночаньня беларускiх студэнтаў;

28. Мiкалай Касцечка – сябра БНФ “Адраджэньне”;

29. Сяргей Астраўцоў – журналіст;

30. Валянцін Лучко – сябра цэнтральнай рады БСДГ;

31. Аляксандр Прудзіла – сябра ТБМ;

32. Сяргей Сноп – грамадзянін Беларусі.

33. Фелікс Гавін - сябра Саюза палякаў Беларусі

34. Андрэй Кусяльчук – сябра ТБМ.

(артаграфія арыгіналу)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0