***

Гарэлка і “Дэцыс”...“Гулянок” у Польшчы...Афанасьева не прыехала...Пагром на могілках...Napad na aūtazapraūku...Vyćviareźnik closed...Biazdomny rajvykankam...

Гарэлка і “Дэцыс”

20-гадовы хлопец зь вёскі Ветхава вырашыў разьвітацца з жыцьцём не зусім традыцыйным спосабам. Ён выпіў адразу тры ампулы “Дэцысу” — сродку для барацьбы з калярадзкім жуком. Адну такую ампулу разводзяць на вядро вады, таму атручаньне было вельмі сур’ёзным. Але ад прамываньня вантробаў хлопец катэгарычна адмовіўся. Тады яго адправілі ў шпіталь “Жодзішкі”, дзе лечаць хворых на алькагалізм. Бо хлопец у дадатак да ўсяго быў у дым п’яны. Можа, гэта яго і выратавала.

“Гулянок” у Польшчы

Папулярны ў Смургонях музычны дзіцячы калектыў “Гулянок”, што пры школе мастацтваў імя Міхала Агінскага, пабываў з гастролямі ў Польшчы. Дзеці давалі да шасьці канцэртаў у дзень і нават зарабілі амаль па сто злотых. Асабліва ім запомнілася выступленьне перад амэрыканскімі салдатамі з NATO. Малыя музыканты казалі, што самыя шчырыя аплядысмэнты пачулі менавіта ад гэтай публікі. А яшчэ дзеці ўпершыню ў жыцьці паспыталі мяса дзіка. Спадабалася.

Афанасьева не прыехала

У Смургонях другі раз запар не адбыўся канцэрт Іны Афанасьевай. Ну не купляюць людзі квіткоў, хоць трэсьні. Здаецца, і каштуюць па 5 тысячаў усяго. Арганізатары змаглі прадаць толькі 38 квіткоў. Заля ж Дому культуры ўмяшчае 460 чалавек. Толькі яны не прыйшлі. Ці грошай шкада, ці Афанасьевай так ня любяць.

Пагром на могілках

У ліпені невядомыя вандалы зруйнавалі 8 надмагільных плітаў на могілках у мікрараёне Карані — якія павалілі, якія разьбілі ўшчэнт. Злачынцаў знайшлі. Гэта тры непаўналетнія хлопцы — два смургонскія і адзін з Маладэчна. Нядаўна быў суд. Хлопцы прызналіся, што самі ня ведаюць, чаму гэта зрабілі. Прыйшлі на могілкі ноччу, каб даказаць сабе, што гэта ня страшна. А каб было весялей, пачалі біць помнікі нагамі. Кожны атрымаў па 100 тыс. штрафу: суд зважаў на тое, што судзімасьць першая. Пашчасьціла, бо адной нагой у калёніі стаялі.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Napad na aūtazapraūku

Ranym-rana 8 listapada na baranavickuju aūtazapraūku pa vuł.Vilčkoūskaha byū ździejśnieny napad. Adzin z napadnikaū, praz akno pahražajučy niečym padobnym da pistaleta, zapatrabavaū adčynić dźviery. Pakul aperatar sprabavaū patelefanavać u milicyju, druhi złačynca vyłamaū dźviery j uskočyū usiaredzinu. Aperatara źviazali lipkaj stužkaj i zabrali 900 tys. rubloū. Praz hadzinu, vyzvaliūšysia z putaū, aperatar zatelefanavaū u milicyju. Była pačata aperacyja pa pierachvacie złačyncaū, ale jana vynikaū nie dała.

Vyćviareźnik closed

U suviazi ź niedachopam srodkaū u baranavickim biudžecie z 1 listapada začynili vyćviareźnik. Štrafy naviednikaū nie akuplajuć jaho ūtrymańnia.

Biazdomny rajvykankam

Baranavicki harvykankam spahaniaje z Baranavickaha rajvykankamu hrošy za arendu pamiaškańniaū, jakija toj zavinavaciūsia. Kali nia budzie praviedzieny raźlik, rajvykankamu pahražaje vysialeńnie.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Пясцы ў Астраўцы

У цягніку №6 “Вільня—Масква” памежны нарад знайшоў 256 шапак зь пясца. Гэты кантрабандны тавар быў схаваны ў лякаматыве. Гаспадара ж не знайшлося. Згодна з папярэднімі падлікамі, каштуе кантрабанда 13 млн. рублёў. Чакаецца, што хутка шапкі зьявяцца ў продажы ў мясцовых крамах. Дарэчы.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Зьезд анархістаў

16 лiстапада пад Менскам адбыўся ХІ зьезд Фэдэрацыi анархiстаў Беларусi (ФАБ). Сабралася пад 200 дэлегатаў. Меркавалі, як змагацца з фашыстоўскiмi i расiсцкiмi праявамi ў грамадзтве, мацаваць сацыяльны рух, бараніць навакольнае асяродзьдзе. Пасьля прагляду фiльму “Антыглябалiсцкае дзеяньне ў Празе-2000" праца павольна перайшла ў забаўляльную частку: адбылася iмпрэза “Свабоднага тэатру” зь Берасьця, канцэрт з удзелам гуртоў “Contra La Contra” (Горадня), “La Bomba”, “Цяжкія наступствы” i iнш., а потым начная “анарха-дыскатэка”.

А.Н.

Адны запалкі

У ноч з суботы на нядзелю ў Крычаве быў амаль цалкам раскрадзены груз гуманітарнай дапамогі зь Нямеччыны, адрасаваны арганізацыі “Дзецям Чарнобылю” і пратэстанцкай царкве “Адраджэньне”. Невядомыя злачынцы перапілавалі навясныя замкі на складзе крычаўскай СШ №5 і вынесьлі ўсё. Дзеля асьвятленьня яны выкарыстоўвалі звычайныя запалкі, якія зьяўляюцца фактычна адзіным, што засталося на месцы крадзяжу. Паводле сьведчаньняў атрымальнікаў “гуманітаркі”, на складзе захоўвалася больш за 100 пасылак, у тым ліку імянных. Сярод адрасатаў — і былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Збышак Пабержын.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Пахавалі жывую

У 900 тыс. беларускіх рублёў ацэнены выбрык трох жыхарак Дрыбіна, якія павесілі памінальны вянок на весьнічкі сваёй былой каляжанкі. Менавіта гэткай сумай суд пастанавіў кампэнсаваць маральны ўрон.

Сяргей Станкевіч, Дрыбін

Новая царква

24 лістапада адбудзецца асьвячэньне Сьвята-Богаяўленскага храму ў Глуску, будаўніцтва якога ішло з 1990 г. Для асьвячэньня прыбудзе архіярэй уладыка Сафрон і клір Магілёўскай япархіі.

“Радзіма”, Глуск

Палякі ў Горадні

Ад 3 да 17 лістапада на базе Гарадзенскага ўнівэрсытэту праходзіў першы этап міжнароднай студэнцкай навукова-краязнаўчай школы “Горадня—Кракаў”. Палякі працавалі ў архівах, музэях, бібліятэках, наведвалі заняткі ва ўнівэрсытэце. Для іх ладзіліся экскурсіі ў Ліду, Іўе, Крэва, Сьвяцак, Гудзевічы, Наваградак, Мір, Слонім, на Сьвіцязь. У Жыровіцкім манастыры палякі правялі амаль цэлы дзень — большасьць зь іх упершыню сутыкнуліся з праваслаўнай традыцыяй. Студэнты таксама сустрэліся з паэтамі, мастаком Зьмітром Іваноўскім, бардам Віктарам Шалкевічам. У лялечным тэатры спэцыяльна для іх быў паказаны спэктакль “Тутэйшыя”.

Сярод польскіх студэнтаў быў Томак Бакуновіч — ліцьвін зь Беласточчыны. Менавіта такую нацыянальнасьць ён указаў падчас апошняга перапісу.

Карысьць гэтай школы бясспрэчная. Моладзь на ўласныя вочы пабачыла жыцьцё суседзяў. Палякі кажуць, што цяпер у іх Беларусь будзе асацыявацца ня толькі з Лукашэнкам. Увесну студэнты з Горадні паедуць у Кракаў.

Зьміцер Чарнель, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0