Джордж Сорас згортвае дзейнасьць свайго фонду ў Расеі. Ці таму, што лічыць грамадзтва дастаткова стабільным, ці таму, што стаміўся змагацца зь бюракратыяй.

На плякаце расейскага Інстытуту “Адкрытае грамадзтва” (Фонд Сораса) прыведзены словы бацькі-заснавальніка: “…ці варта мне працягваць дапамагаць Расеі?..

Джордж Сорас
Джордж Сорас
Я ўвесь час задаю сабе гэтае пытаньне і кожны раз, нягледзячы ні на што, даю на яго станоўчы адказ: але, так трэба. Я мяркую, што часам змагацца варта, нават калі справа загадзя прайграная”.

Але, падобна, “змагацца” ў Расеі Сорасу ўрэшце надакучыла. Два тыдні таму прэзыдэнт Інстытуту “Адкрытае грамадзтва” (ІАГ) Кацярына Геніева абвясьціла, што цяпер дабрачынную дзейнасьць Джордж Сорас будзе ажыцьцяўляць праз Фонд імя Дзьмітрыя Ліхачова і што гэта лягічны крок на шляху ператварэньня “расейска-заходняй структуры ў расейскую”. Безумоўна, такое рашэньне адпавядае прынцыпу сорасаўскай філянтропіі: абудзіць мясцовую дабрачыннасьць і па меры яе актывізацыі паступова згортваць сваю дзейнасьць. Але зьдзіўляе пасьпешлівасьць, зь якой Сорас сыходзіць з Расеі, — не ў 2004 г., як плянавалася, а ўжо налета. Растлумачыць гэта выключна тым, што яму тэрмінова спатрэбіліся сродкі для, напрыклад, актывізацыі дзейнасьці ў ісламскіх краінах, якім філянтроп надае цяпер велізарную ўвагу, наўрад ці магчыма.

Як у вату

Сёньня, лічыць Сорас, неабходна разьвіваць адкрытыя грамадзтвы ў краінах Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі, Блізкага Ўсходу, і для гэтага адкрываюцца ўсё новыя магчымасьці. Сродкі для работы ў гэтых рэгіёнах, а таксама для фінансаваньня ўжо існых сорасаўскіх праектаў у Гаіці, Гватэмале, Заходняй Афрыцы, Паўднёвай Афрыцы, Інданэзіі, Турцыі, Пэру і Аўганістане будуць атрыманыя за кошт скарачэньня бюджэтаў нацыянальных фондаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (у першую чаргу ў краінах — кандыдатках на ўступленьне ў Эўразьвяз). Сярод іншых Сорас плянаваў да 2004 г. істотна скараціць падтрымку і расейскага фонду — найбуйнейшай за межамі ЗША арганізацыі сорасаўскай сеткі.

Абнародаваньне гэтых плянаў зусім ня стала нечаканасьцю. У апошнія гады вядомага фінансіста ўсё больш турбуюць праблемы глябалізацыі і яе ўплыву на краіны трэцяга сьвету. Да таго ж вядома: чым больш стабільным робіцца грамадзтва, тым меншую цікавасьць да яго выяўляе Джордж Сорас. І, нарэшце, сваю актыўнасьць у Расеі зьніжаюць усе замежныя дабрачынцы, прыватныя і дзяржаўныя, уключаючы самага значнага — Агенцтва па міжнародным разьвіцьці ЗША (USAID). Па вялікім рахунку, гэта станоўчая тэндэнцыя: значыць, Расея паступова пераходзіць у шэраг стабільных краінаў. Іншая рэч, як закрыцьцё фондаў адаб’ецца на айчынным грантаатрымальніку зь якога-небудзь правінцыйнага ўнівэрсытэту ці невялікай грамадзкай арганізацыі.

Ліст Сораса нікога не зьдзівіў яшчэ і таму, што ён ніколі і не абяцаў падтрымліваць свае праекты вечна. Яго прынцып: таму, хто жыве ў нястачы, трэба даць ня рыбу, а вуду, каб той сам змог здабываць сабе харч.

Менавіта гэтак будавалася першапачаткова і палітыка расейскага Інстытуту “Адкрытае грамадзтва”. І Сорас, і кіраўніцтва ІАГ зыходзілі з таго, што ў агляднай будучыні Фонд з арганізацыі, якая раздае гранты, ператворыцца ў экспэртную раду, якая будзе казаць дзяржаве, мясцовым уладам і айчынным філянтропам, якія праграмы падтрымліваць, а якія не. Пачынаючы з 1996 г., калі стартавала самая маштабная праграма ІАГ “Інтэрнэт”, Сорас і ягоныя расейскія калегі пачалі самым рашучым чынам праводзіць у жыцьцё прынцып суфінансаваньня, прапануючы ўладам усіх узроўняў браць на сябе частку выдаткаў, зьвязаных з рэалізацыяй грамадзка значных праектаў.

Аднак толку з гэтага ня выйшла. Гісторыя з “Інтэрнэтам” у гэтых адносінах надзвычай паказальная. Урад Чарнамырдзіна гарантаваў гэтай праграме падтрымку (подпіс прэм’ера стаяў пад пагадненьнем аб супрацоўніцтве з Фондам Сораса), але потым свае абавязацельствы пераклаў на губэрнатараў, а тыя ў большасьці сваёй раскашэльвацца не пажадалі.

Расейскі Фонд Сораса запусьціў мноства сумесных з уладамі рэгіёнаў (ад Калінінграду да Краснаярску) праектаў, аднак пазыцыя большасьці губэрнатараў зводзілася да немудрагелістай формулы: абяцаем усё што хочаце, абы садраць з вас як мага больш. Былі і выключэньні: з былым ніжагародзкім губэрнатарам Скляровым, паўпрэдам Паволжа Кірыенкам і томскім губэрнатарам Крэсам ІАГ супрацоўнічаў вельмі пасьпяхова, але гэта не зьмяняе агульнай карціны.

Вялікія грошы

У 1997-м, на дзясяты год сваёй дабрачыннай дзейнасьці ў Расеі, Сорас выдзеліў тамтэйшаму Фонду стомільённы бюджэт для рэалізацыі прынцыпова новых праграм, такіх як “Будучыня без карупцыі”, “Мясцовае самакіраваньне”, “Сацыяльная адаптацыя кадравых вайскоўцаў”, “Права”, “Умацаваньне здароўя насельніцтва Расеі” і “Пушкінская бібліятэка”.

Сорас, відаць, цудоўна разумеў, што справы ў ягоным расейскім Фондзе ідуць не бліскуча. Але, паколькі Фонд яшчэ захоўваў здольнасьць генэраваць новыя ідэі, фінансіст лічыў за лепшае заплюшчваць вочы на ўсе гэтыя недахопы. Да таго ж, выбухнуў крызыс 1998 г., палала Чачэнія — усё гэта патрабавала ад гуманітарных арганізацыяў тэрміновых мераў. Фонд запусьціў антыкрызысную праграму дапамогі расейскім СМІ, праграму для Паўночнага Каўказу “Гарачыя пункты” і маштабную праграму падтрымкі правінцыйных унівэрсытэтаў.

Чаша трываньня Сораса перапоўнілася ў часе канфлікту вакол будынку Інстытуту на Азяркоўскай набярэжнай. На яго прад’явіла правы нейкая фірма, у выніку чаго дзейнасьць Фонду доўгі час была практычна паралізаваная. Сорас не палічыў патрэбным апэляваць да расейскіх уладаў, хоць меў на гэта маральнае права. Магчыма, таму, што тады ж вырашыў Фонд згарнуць.

Разьвітаньне

Пры той хуткасьці, зь якой Сорас скарачае фінансаваньне расейскага фонду — звыш 20 млн. даляраў у 2002 г. і 2 млн. у 2003-м, — стварыць жыцьцяздольныя арганізацыі на базе праграмаў, што яшчэ працуюць, проста немагчыма.

Пяць гадоў таму, чарговы раз адказваючы на пытаньне, ці не зьбіраецца ён спыніць сваю дзейнасьць у Расеі, Сорас сказаў: “Я пайду з Расеі, калі зьявіцца новы Трацьцякоў”. Але, відаць, стаміўся чакаць амэрыканскі мільярдэр адраджэньня расейскай дабрачыннасьці. Вось і выходзіць, што замяніць Сораса ў Расеі няма каму.

Алена Казлова,“Еженедельный журнал”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0