***

Клопат беларускіх уладаў аб чачэнскай сям’і, якой польскі бок адмовіў ва ўезьдзе, амаль урачыстае ўручэньне бацькам народжанай у Берасьці чачэнскай дзяўчынкі “месячнага заробку прэзыдэнта Беларусі” трэба разглядаць у сьвятле нядаўняга “газавага” канфлікту між Менскам і Масквой. Лукашэнка даў зразумець Крамлю, што і расейскае кіраўніцтва мае ў палітычных пазыцыях “слабыя месцы”, на якія можна зь вялікім плёнам ціснуць.

У Маскве правільна зразумелі любоў беларускага “бацькі” да чачэнскіх дзяцей. Афіцыйны Менск можа далучыцца да заходняй пазыцыі адносна чачэнскай праблемы: дасягнуць міру можна толькі праз палітычны дыялёг. Такія заявы з боку хаўрусьніка выклікаюць дадатковы рэзананс сярод расейскай аўдыторыі і зусім непажаданыя для Крамля.

“Чачэнскі козыр” пакуль ня выкарыстаны беларускай уладай. Нашы грамадзяне атрымліваюць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў адносна далёкай паўночнакаўкаскай рэспубліцы, у ацэнках і “карцінках” расейскіх СМІ. Афіцыйны Менск разумее, што аб’ектыўная, поўная інфармацыя хутка зробіць немагчымымі палітычныя гульні “аб’яднаемся — не аб’яднаемся”. Згубяць сэнс нават гаворкі пра стварэньне “саюзнай дзяржавы”.

Існаваньне чачэнскай праблемы ўзмацняе перакананасьць незалежнікаў і прымушае задумацца ўпартых прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй. Бо ў выпадку аб’яднаньня якая розьніца будзе паміж Менскам ці іншым беларускім горадам і Будзёнаўскам, Першамайскам, Валгадонскам, Касьпійскам, Масквой? У нас пакуль не адбываліся захопы заложнікаў, выбухі на вуліцах ці ў жылых дамах, мы не атрымліваем пахавальных на сваіх хлопцаў.

Дзеці вайны

Калі б у 1994 г. расейскае кіраўніцтва не спрабавала вырашыць чачэнскую праблему шляхам выкарыстаньня ваеннай сілы, краіна ня трапіла б у канфлікт, які з часам усё больш нагадвае араба-ізраільскі. Але стаўка з самага пачатку была зробленая на карныя акцыі, “зачысткі”, бамбёжкі і абстрэлы — без разбору на мірных жыхароў і тых, хто трымаў зброю. Паводле расейскіх афіцыйных зьвестак, цягам першай і другой чачэнскіх кампаній у Чачэніі загінула некалькі тысячаў мірных жыхароў. Заходнія крыніцы кажуць пра 80 тыс. Каля 150 тыс. чачэнцаў былі вымушаныя пакінуць сваю зямлю. Праклінаючы чачэнскі тэрарызм, расейцы ня кажуць пра яго прычыну — генацыд чачэнскага народу.

Наўрад ці ёсьць хоць адна чачэнская сям’я, якая не згубіла сваякоў. Веды аб сваім радаводзе да дзясятага калена, адсутнасьць падзелу на блізкіх і далёкіх сваякоў, жывыя традыцыі кроўнай помсты — гэта самы кароткі пералік рысаў мэнталітэту чачэнцаў. Горцы — людзі крайнасьцяў. Яны, як мала хто іншы, памятаюць дабро і зло.

Тое, што за час “антытэрарыстычнай апэрацыі” загінула 10—13 тыс. чачэнскіх ваяроў, ня цешыць Крэмль. На зьмену забітым растуць чачэнскія хлопцы, што згубілі бацькоў ці братоў. Для іх антыгероі — расейскія вайскоўцы і прадстаўнікі расейскай улады, а героі — тыя, каго Масква называе “баевікамі” й “тэрарыстамі”. Наўрад ці ў чачэнскім руху ёсьць аддзелы, прадстаўнікі якіх маглі б мець параўнальную з “Альфай” і “Вымпэлам” ступень баяздольнасьці. Але партызанская вайна мае іншыя правілы. Яна дазваляе чачэнцам выбіраць праціўніка ў межах канкрэтных баявых апэрацый, а таксама, што яшчэ больш істотна, выбіраць час і месца сваіх акцыяў — мець перавагі, згубленыя групай М.Бараева ў момант захопу канцэртнай залі.

Шпрыцы, наркотыкі, быццам бы знойдзеныя ў канцэртнай залі, як і бутэлька каньяку ў руцэ забітага М.Бараева, — гэты антураж, на думку арганізатараў інфармацыйнай акцыі “вызваленьне заложнікаў”, павінен быў пацьвердзіць словы расейскіх палітыкаў пра “адмарозкаў”. Для таго каб неяк заспакоіць расейскую аўдыторыю, трэ было дыскрэдытаваць чачэнцаў. Але не наркотыкі й сьпіртное былі прычынай жорсткасьці маладых чачэнцаў. Тыя, хто нейкі час пражыў на Каўказе, ведаюць, што тамтэйшыя жыхары маюць высокую культуру ўжываньня алькаголю, а наркаманаў сярод іх знайсьці вельмі цяжка. Палітыка Расеі ў Чачэніі зрабіла там сьмерць распаўсюджанай зьявай. Чалавек прызвычайваецца да таго, што часта бачыць. Чачэнскія “дзеці вайны” для Расеі страшныя сваёй філязофіяй сьмерці.

Расея ў ролі Ізраілю

Досьвед араба-ізраільскага канфлікту паказвае, што вельмі складана прадухіліць тэракт, калі тэрарыст сьвядома ахвяруе жыцьцём. Разам з ідэямі радыкальнага ісламу ў Чачэнію прыйшоў досьвед выкарыстаньня сьмяротнікаў-шахідаў. З 2000 г. пачаліся атакі з ужываньнем грузавікоў, начыненых выбухоўкай. Так, са шматлікімі ахвярамі сярод расейскіх вайскоўцаў былі ўзарваны камэндатуры ў Аргуне, Алхан-Юрце і Гудэрмесе.

У 2001 г. расейскія вайскоўцы аб’явілі, што актыўная фаза “контратэрарыстычнай апэрацыі” скончылася. Групоўцы расейскіх войскаў супрацьстаяць аддзелы чачэнскіх паўстанцаў агульнай колькасьцю каля 2 тыс. чалавек. Але кастрычніцкія тэракты ў Маскве паказалі, што можна казаць аб наступнай фазе расейска-чачэнскага канфлікту, якую ўмоўна можна назваць “палестынскай”. Гэта пацьвярджаецца нядаўняй заявай Шаміля Басаева пра тое, што ягоны “выведча-дывэрсійны батальён шахідаў “Рыядус-Саліхін” рыхтуе дывэрсіі на тэрыторыі Расеі. Значыць, Расею чакаюць новыя выбухі і захопы заложнікаў. Не апраўдаліся й надзеі расейскага Генштабу на тое, што чачэнскі рух супраціву расколаты. Дзеяньні аддзелаў Руслана Гелаева ў Чачэніі, а таксама заявы М.Бараева сьведчаць, што працягвае функцыянаваць штаб супраціву, дзейнасьць фармаваньняў паўстанцаў каардынуецца і кантралюецца Асланам Масхадавым.

Дэмаграфічны выбух

Масква можа быць пэўная, што аднаўленьне буйнамаштабных баявых дзеяньняў у Чачэніі — справа часу. Прадстаўнікі расейскай адміністрацыі вымушаныя прызнаць, што чачэнскае насельніцтва ненавідзіць “фэдэралаў”. Кантроль Расеі над чачэнскай тэрыторыяй сканчаецца за межамі камэндатураў. Уначы расейскія вайскоўцы не кантралююць нават буйных гарадоў. У той жа час, ёсьць падставы меркаваць, што будучая актыўная фаза баявых дзеяньняў будзе розьніцца ад другой чачэнскай кампаніі значна большым размахам. У 1990 г. у рэспубліцы пражывала каля 600 тыс. чачэнцаў. Напярэдадні другой чачэнскай кампаніі, паводле ацэнак расейскага Генштабу, узброеныя сілы Ічкеріі налічвалі каля 26 тыс. чалавек. У 90-я, у часы непрызнанай незалежнасьці, у Чачэніі адбыўся дэмаграфічны выбух. Згодна з вынікамі праведзенага ў кастрычніку 2002 г. агульнарасейскага перапісу насельніцтва, у Ічкерыі жыве 1.088.816 чалавек, зь якіх “нечачэнцы” складаюць толькі 3%.

У выпадку эскаляцыі канфлікту расейскім вайскоўцам будзе супрацьстаяць больш моцны па жывой сіле рух супраціву. Страты, якія панясуць расейскія вайскоўцы, будуць вельмі балючымі для расейскага грамадзтва. З 1998 г. дэмографы кажуць аб дэмаграфічным крызысе ў Расеі. За чатыры апошнія гады страта насельніцтва нашай усходняй суседкі склала каля мільёна чалавек. Вельмі турбуе Маскву той факт, што жыхароў меншае перш за ўсё ў тых рэгіёнах Расеі, дзе ў складзе насельніцтва мала прадстаўнікоў мусульманскіх народаў. Хуткае павелічэньне чачэнскага насельніцтва на гэтым тле — прыкмета таго, што сытуацыя вакол “чачэнскага пытаньня” для Расеі складаецца неспрыяльным чынам.

Зьменшыць страты сярод сваіх вайскоўцаў і падвысіць эфэктыўнасьць апэрацыяў у Чачэніі Расея магла б празь якасныя зьмены сваіх узброеных сілаў. Вялікія надзеі ў гэтым пляне расейскае кіраўніцтва ўскладала на вайсковую рэформу. Сёлета сталася відавочным, што перавод арміі на кантрактную форму камплектаваньня тарпэдуе Генштаб Расеі. Намаганьнямі расейскага генэралітэту быў фактычна правалены экспэрымэнт па пераводзе на кантрактную форму камплектаваньня Пскоўскай дывізіі ПДВ — ідэя міністра Сяргея Іванова. У выніку ў 2003 г. дзяржбюджэт Расеі затраціць на правядзеньне вайсковай рэформы на 16% менш сродкаў, чым летась.

Утрыманьне Чачэніі ў складзе Расеі патрабуе ад апошняй вялікай крыві. Добраму суседу, які не імкнецца зрабіць цябе бяздомным, можна спачуваць. Але і ў гэтым выпадку разумны чалавек падумае, ці патрэбны яму чужыя праблемы, калі сваіх хапае.

Андрэй Ляховіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0