***

Нямецкія экспэрты раяць не сьпяшацца з прыватызацыяй газатранспартных кампаній.

Літоўскія мэдыі з пэўным спачуваньнем камэнтавалі сытуацыю, што склалася вакол адносінаў Беларусі з расейскім “Газпрамам”.

Паведамленьні пра тое, што “Белтрансгаз” вінаваты 282 млн. даляраў і не трымаецца дамовы аб выкарастаньні газу з магістральнага газаправоду, суправаджаліся камэнтарамі кшталту: “Канкрэтныя інтарэсы бізнэсу, магчыма, пераплятаюцца з спробамі эканамічнага ціску на Беларусь”. Гэткія камэнтары крыху падобныя да выказваньняў з прынагоднай заявы беларускага МЗС, хоць і больш памяркоўныя. Адначасова ў Літве мацнее перакананьне, што Беларусь каторы ўжо раз дэманструе няўмельства “весьці свае справы” ды “рэальна ацэньваць сытуацыю”.

Сама Літва цяпер рыхтуецца да падвышэньня цэнаў на газ, перажыўшы амаль двухтыднёвы “байкот” ад аднае мясцовае газавае кампаніі (а Літва плаціць за расейскі газ удвая болей, чым Беларусь). 4 лістапада, у той самы дзень, калі “Газпрам” напалову зьменшыў пастаўкі ў Беларусь, для літоўскай кампаніі “Itera Lietuva” пастаўкі газу былі спыненыя цалкам і тры літоўскія электрастанцыі болей чым на тыдзень заставаліся бяз газу. “Itera Lietuva” набывае расейскі газ па крыху ніжэйшых коштах у параўнаньні з іншымі літоўскімі газавымі кампаніямі (76 даляраў за 1000 кубамэтраў) і забясьпечвае газам тры літоўскія электрастанцыі — “Klaipodos energija”, “Kauno energija” i “Lietuvos elektrino”. “Газпрам” аднавіў пастаўкі пасьля пагадненьня аб тым, што “Itera Lietuva” сплаціць запазычанасьць да канца году.

Непрыемным для Літвы было і рашэньне расейскага “Газпраму” весьці новы магістральны газаправод да Нямеччыны ў абход літоўскай тэрыторыі — праз Балтыйскае мора. Для Літвы гэта азначае ня толькі страту прыбыткаў, на якія ўсур’ёз спадзяваліся, але й новае пацьверджаньне таго, што ад супрацоўніцтва з Расеяй і расейскімі канцэрнамі ня варта чакаць вялікае карысьці — не падобна, што тут можна дасягнуць узаемнай выгады.

Калі “Газпрам” падвысіць цэны на газ, “Lietuvos dujоs” (“Літоўскі газ”) і іншыя газатранспартныя кампаніі будуць вымушаныя падвысіць іх для сваіх спажыўцоў. У Літве ўжо рыхтуюцца да гэтага і не падманваюць сябе надзеямі дамовіцца з Расеяй. Тое, што “Газпрам” прэтэндаваў на пакупку 34% акцыяў “Lietuvos dujos”, не падавалася ў Літве як нейкі паратунак. Наадварот, аналітыкі тлумачылі, што гэта павялічыць цэны на газ, хоць “у любым выпадку рост цэнаў будзе непазьбежным”. Шырока тлумачыцца ў Літве і “новая формула” цэнаў на газ з улікам цэнаў на мазут. Продаж акцыяў “Літоўскага газу” пакуль прыпынены.

На спадзевы Беларусі дамагчыся ад “Газпраму” нейкіх зьніжак у Літве глядзяць зь непаразуменьнем. Лепей падрыхтаваць спажыўцоў і загадзя патлумачыць сапраўдны стан рэчаў, чым дарма абнадзейваць. Тое ж, што расейскія цэны на газ павялічацца, не выклікае ў Літве сумневаў, хоць бы дзеля вялізарных інвэстыцыяў расейцаў у свае газаправоды.

У “Газпраму” набываюць газ тры літоўскія кампаніі — “Lietuvos dujos”, “Dujotekana” і “Itera Lietuva”. Сёлета Літва плянавала імпартаваць усяго 2,6 млрд. кубамэтраў газу. Найбольш — каля 1,2 млрд. — зьбіраецца імпартаваць “Dujotekana”. “Itera Lietuva” імпартуе найменш, хоць мае найбольшыя зьніжкі ад “Газпраму”: сёлетняя квота складае 500 млн. кубоў, хаця рэальна гэтая кампанія купіць і прадасьць толькі 300 млн.

Вядома, цэны “Газпраму” на міжнародным рынку і ў Беларусі альбо Літве розьняцца. Паводле міжнародных (з улікам цяперашніх цэнаў на мазут) 1000 кубамэтраў газу каштуюць 115—120 даляраў. Тым часам, у Літве газ набываюць па 76—80 даляраў за 1000 кубамэтраў.

Літоўскія мэдыі спасылаюцца на неназваную крыніцу, паведамляючы, што “Газпрам” зацікаўлены болей зарабляць і ў Беларусі, і ў Літве. Нядаўна было распаўсюджанае паведамленьне, што запасы таннага газу хутка скончацца, а здабыча яго на Ямале абыдзецца ў некалькі разоў даражэй. Здабыча газу там будзе нерэнтабэльнай (за 20 гадоў “Газпрам” плянуе выдаткаваць на Ямале 69 млрд. даляраў), калі цэны на газ на ўнутраным рынку застануцца меншыя за 75 даляраў за 1000 кубамэтраў. Цяпер рэальная цана газу на расейскім рынку раздражняльна нізкая — 16—19 даляраў за 1000 кубоў.

У тым часе як беларускі бок разважае пра стварэньне на базе дзяржаўнага канцэрну “Белтрансгаз” сумеснай беларуска-расейскай структуры (кіраўнік “Белтрансгазу” заяўляе, што нават і 49% акцыяў можна прапанаваць расейцам), Літва адклала на год (да 1 студзеня 2004 г.) далейшую лібэралізацыю свайго газавага рынку і, адпаведна, абвешчаную было прыватызацыю “Літоўскага газу”. Адтэрміноўка можа паспрыяць падвышэньню цэнаў на тую частку акцыяў, якая будзе прадавацца.

Прыпыніць прыватызацыю “Літоўскага газу” параілі і экспэрты нямецкай кампаніі “Ruhrgas AG”, патлумачыўшы, што “ня варта рабіць такіх крокаў, пакуль ня будуць бачныя пэрспэктывы і структура газавага рынку пасьля цяперашніх зьменаў”. У сваім апошнім інтэрвію віцэ-міністар гаспадаркі Літвы і старшыня Камісіі па прыватызацыі “Літоўскага газу” Нерыюс Эйдукявічус патлумачыў: “У Літве газавы рынак ужо на 80% лібэралізаваны, між тым, Эўрапейская камісія чакала ад нас такога паказьніка толькі ў 2009 г. Таму, калі экспэрты цьвердзяць, што цяпер лепш пачакаць з прыватызацыяй, гэта Літве толькі на карысьць у перамовах”.

Пасьпешлівасьць беларускага боку ў прыватызацыі “Белтрансгазу” выглядае неабдуманай і бянтэжыць суседзяў. У Беларусі нядаўна зьявілася магчымасьць прадаваць газ па выгадных для “Белтрансгазу” цэнах для кампаніі “Itera Lietuva”: на пачатку лістапада быў зь вялікай помпай адкрыты яе першы ўласны газаправод між Гожай і Друскенікамі.

У Літве пісалі, што такі цалкам прыватны газаправод — хоць і невялікая, але важная для будучыні спроба самастойнасьці, што гэта сапраўдны паратунак для беспрацоўных Друскенікаў. Беларусь — істотны для Літвы партнэр у пытаньнях транспартаваньня газу яшчэ і таму, што менавіта на беларускай тэрыторыі знаходзіцца галоўны газавы кран і лічыльная станцыя, дзе кантралюецца і фіксуецца ўвесь газ “Lietuvos dujos”. Сродкаў на пабудову і ўсталяваньне ўласнае лічыльнае станцыі ў Літвы пакуль няма.

Тацяна Поклад, Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0