***

Ігнат Дамейка. Мае падарожжы. — Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2002.

Легендарны Ігнат Дамейка, Жэгота, памочнік Адама Міцкевіча ў пару ягонае працы над “Панам Тадэвушам”, вялікі адукатар і нацыянальны герой Чылі, дасьледнік яго нетраў... Урыўкі зь ягоных твораў у перакладзе Кастуся Цьвіркі можна было прачытаць у кнізе “Філяматы і філярэты”, якую ў 1998 г. падрыхтаваў “Беларускі кнігазбор”. Цяпер тое ж выдавецтва выпусьціла ў перакладзе Зьдзіслава Сіцькі скарочаную, але даволі ёмістую вэрсію трохтамовае Дамейкавай працы “Moji podrуїi. Pamiкtniki wygnaсca”. Мо таму, што твор друкуецца ў скароце, з назвы кнігі выключаны другі сказ. Для чалавека пачатку ХХІ ст. Дамейкава кніга — сьведчаньне, дакумэнт. Няма ўжо тае Францыі ды Англіі, тае Мадэйры ды Бразыліі, іншых краёў, якія бачыў ды апісаў падарожнік. Для гісторыка Беларусі цікавыя карціны даўняе Літвы — заходняе часткі нашае краіны. На першых старонках кнігі — гэта Літва пачатку ХІХ ст., а на апошніх — 80-х гадоў таго ж стагодзьдзя, калі назва “Літва” замацоўвалася за Аўкштотай і Жмудзьдзю, а назва “Беларусь” з Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны пераходзіла на землі Менскае, Гарадзенскае ды Віленскае губэрняў.

Прыехаўшы ў 1884 г. на радзіму, Дамейка застаўся шляхціцам-ліцьвінам пачатку свайго стагодзьдзя: кансэрватыўным каталіком, чалавекам, які ня можа аддзяліць ліцьвінства ад пальшчызны. Такім ён быў і ў 20—40-х гг. ХІХ ст., калі і наш Марцінкевіч, і расейскі Пушкін шукалі клясавае гармоніі паміж прыгоньнікам і прыгонным ды не маглі прыдумаць нічога лепшага за мадэль патэрналізму. А тыповы пан-“бацька” ў Літве й Беларусі ня дужа дбаў пра асьвету й дабрабыт сваіх “дзяцей”, больш клапаціўся пра карчомку. Палёгка мужыкам ішла зь іншага боку: ад міністраў Паўла Кісялёва ды Дзьмітрыя Бібікава. Яны прыкладалі намаганьні, каб паменшыць паншчыну (інвэнтарная рэформа), а “бацькі” хадайнічалі перад царом і сэнатам, каб усё засталося па-ранейшаму. Піцерскія “лібэральныя бюракраты” на чале з Аляксандрам ІІ скасавалі прыгон, а Даймека ў 1884 г. ці не са смуткам згадваў часы, калі мужык паважаў пана “больш, чым імпэратара, кланяўся яму і баяўся”. У 1884 г. Дамейку “прыемна было бачыць, што ўжо над шмат якімі хатамі тырчэлі коміны, што прызбы, двары — чыстыя, замеценыя”. Значыць, да скасаваньня прыгону “дзеці” пана Дамейкі ды ягоных сяброў-родзічаў жылі ў курных хатах ды ў брудзе.

Паны-ліцьвіны засталіся ў мінулым. Іх дарогі й дарогі Беларусі пайшлі ў розных кірунках. Сымбалічна, што пан Дамейка прыехаў на бацькаўшчыну ў 1884 г. Менавіта ў тым годзе нашы нарадавольцы выпусьцілі часопіс “Гоман”, у якім сказалі: “Мы — беларусы...”, сфармулявалі нацыянальныя й сацыяльныя дамаганьні. У той год нарадзіўся Антон Луцкевіч. І ўжо цягнуўся да кніжкі трохгадовы ягоны брат Іван. А сыну пана Леанарда Іваноўскага — Вацлаву — споўнілася чатыры гады... Калі яны падрастуць, падвіленскі шляхціц Францішак Багушэвіч выпусьціць кніжку “Дудка беларуская” і скажа ім, што такое Беларусь у мінуласьці й цяпер і што трэба рабіць, каб ня ўмерці.

І ўсё ж Дамейкава кніга “Мае падарожжы” застаецца добрым сьведчаньнем свайго часу. Яе з карысьцю пачытае і гісторык, і этнограф, і географ, і кожны, хто любіць чытаць пра далёкія краіны і даўніну.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0