На кірмашах усё радзей сустракаюцца яблыкі даўніх сартоў, яблыкі нашага дзяцінства — штрыфель, каштэля, белы наліў, медунічка.

…А есьлі бы хто ў саду дзерава прышчэпенае гвалтоўне або таемным абычаем парубаў, або шчэп выкапаўшы ў саду ўзяў, тот маець гвалт заплаціці дванаццаць рублей грошай. А за дзерава парубанае або выкапанае — тры рублі грошай. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

Разьдзел Х “Пра пушчу, пра ловы, пра дзерава бортнае, пра азёры і сенажаці”. Артыкул 15 “Пра пакрадзеньне саду”

[jablychny spas-K.JPG Фота Анатоля Kлешчука ]Куды ні глянь, на цэтліках новыя назвы — яблыкі грушавыя ды ананасныя. Яблыкі Джанатан можна сустрэць на ўсіх прылаўках пад самымі рознымі назвамі, часьцей за ўсё — грушавае. Яблык сорту Голдэн дэлішэс у нас прадаюць пад назвай “ананаснае”... А куды ж зьнікаюць звыклыя сарты?

Адам Кіркор у выпуску “Живописной России”, прысьвечаным Беларусі, пісаў: “Садоўніцтва вельмі распаўсюджанае ва ўсім Беларускім Палесьсі. Сапраўды можна сказаць, што няма ніводнага панскага маёнтку, у якім не было б пладовага саду. Шмат садоў у беларускіх гарадах і мястэчках; але найбольш цешыць, што і многія зь сялянаў маюць невялікія пладовыя сады”.

Антонаўка для Эўропы

Беларускае садоўніцтва давала значны прыбытак. Так, нямецкі садавод А.Янсан, які наведаў Расейскую імпэрыю пры канцы ХІХ ст., сьведчыў: калі на Меншчыне і Магілеўшчыне здымалі яблыкі — кошты на іх зьніжаліся па ўсёй Эўропе. Адпраўленыя ўніз па Дняпры, беларускія яблыкі траплялі на рынкі Міжземнамор’я, а адтуль разыходзіліся па Заходняй Эўропе.

Гэтак было і на пачатку ХХ ст. Статыстыка сьведчыць, што ў 1900—1902 г. зь беларускіх губэрняў вывезьлі 653 тыс. пудоў яблыкаў, а ў 1911—13 г. — удвая болей, 1242 тыс. пудоў. Найбольш славілася прыдняпроўская антонаўка — з-пад Магілёва і Гомеля. А першае месца па экспарце яблыкаў трымалі паветы Гомельскі (48 і 186 тыс. пудоў у адпаведныя гады), Рагачоўскі (36 і 181 тыс. пудоў), Аршанскі (119 і 134 тыс. пудоў), Бабруйскі (95 і 118 тыс. пудоў), Полацкі (118 і 117 тыс. пудоў). Статыстыка падае зьвесткі па экспарце беларускіх яблыкаў у іншыя краі тагачаснай Расейскай імпэрыі у 1911—13 г.: найболей вывезлі ў Санкт-Пецярбург (260 тыс. пудоў), Лодзь (29 тыс. пудоў), Царыцын (26 тыс. пудоў), Варшаву (24 тыс. пудоў), Мікалаеў (21 тыс. пудоў), Адэсу (16 тыс. пудоў), Рыгу (13 тыс. пудоў), Кацярынаслаў (10 тыс. пудоў).

Грушы ад Лява Сапегі

Тагачасныя пералікі яблычных сартоў гучаць як песьня: антонаўка, арабка, баравінка (харламаўка), бойкен, бурштынаўка, грушоўка, кальвіль, каштэля, крымка, малінаўка, манастырскі, папіраўка, пладавітка, пуціўка, пэпін літоўскі (глёгераўка), серынка, склянка, струмілаўка, суйсьлепскі, тыролька, цітаўка, цыганка, чарнагуз, чубатка, штрэйфлінг, штэцін…

[spas-jablyki-dziauchyna-staraja-K.JPG Фота Анатоля Kлешчука] А грушы! Бэра слуцкая, аляксандраўка (шумаўка, філонаўка), лімонка (цытрыноўка), сапяжанка, цукроўка, бэргамот польскі, кароль Сабескі, дуля астзэйская, маргарыта, магдалена паластая, ільінка (баба, кабах, армуд), вінеўка, панна, памаранцавая, якубаўка… Прамаўляеш — і нібы на смак адчуваеш, як салодкі сок ігрушы-сапяжанкі запаўняе рот, лашчыць паднябеньне. І сама назва гэтаксама цешыць: ласаваліся ж, мабыць, гэткімі ж грушамі славутыя Сапегі!..

На жаль, вялікія пладовыя сады пачатку мінулага стагодзьдзя да нашага часу не захаваліся. Ёсьць хіба даваенныя, дый тых небагата. Не захавалася і бальшыня сартоў яблыкаў і грушаў, якія нашыя абароцістыя продкі каштавалі самі ды вывозілі за мяжу.

Яблыкі налета

У Беларускім НДІ пладаводзтва кажуць, што зьнікненьне старых сартоў — зьява заканамерная: яны, маўляў, аджылі свой час. Нават дачнікі (ня кажучы пра фэрмэраў, якія закладаюць сады, каб мець грашовую аддачу) больш цікавяцца не старымі сартамі, а навінкамі — тымі, якія менш хварэюць, пачынаюць хутчэй пладаносіць, яблыкі якіх даўжэй захоўваюцца.

Аршанскі фэрмэр Адам Сапешка тлумачыць сваю схільнасьць да новых сартоў прагматычным разьлікам: “Навука ўвесь час рухаецца наперад, прапануе нешта новае. Вось вывелі новыя сарты — больш марозаўстойлівыя, менш падатныя на хваробы, больш ураджайныя”. З новымі сартамі працуе і Віктар Чабатар з Восава, што на Мядзельшчыне: “Мы высаджваем сарты, якія атрымліваем з Інстытуту садаводзтва. Найбольш у нас расьце яблыняў сорту антэй і расейскага сорту вэтэран. Вельмі прыгожы яблык — беларускі малінавы (толькі ня трэба блытаць з малінаўкай): і назва гучыць, і ад самога вачэй не адвесьці!”

Сёньня, як цьвердзіць загадчыца аддзелу сэлекцыі БелНДІ пладаводзтва Зоя Казлоўская, ёсьць сарты лепшыя за баравінку, каштэлю, штрэйфлінг, антонаўку, белы наліў, грушоўку: “Калі садзіш дрэва і яно налета можа даваць плады, ясна, што выбар будзе на карысьць гэтага сорту”.

Старыя сарты і па смаку, і па пладаноснасьці часта саступаюць новым. Так, каштэля пачынае пладаносіць толькі праз 9 гадоў пасьля пасадкі. Дае яна салодкія смачныя яблыкі, якія, аднак, хутка пачынаюць гніць зь сярэдзіны. Па сваіх смакавых якасьцях яе можа замяніць сорт беларускі салодкі.

Не беззаганныя й іншыя сарты. Медунічка хаця і смачная, але вельмі дробная. Яе цяпер замяняе новы сорт Алена — такі ж салодкі, але буйнейшы.

Штрэйфлінг (штрыфэль, восеньскае паласатае, грапштэйн, гравэнштэйн) вельмі распаўсюджаны сорт. У 60-я яго называлі асноўным восеньскім сортам. Але самі яблыкі ня лёжкія: пратрымаюцца 2—3 тыдні, а потым пачынаюць гніць, чарнець і развальвацца. Яго цяпер пачынае замяняць у садох новы імунны сорт імант —яблык цёмнага колеру з прыемным смакам, які захоўваецца да чэрвеня.

“Часам прадаюць чарвівую папіраўку і чарвівую антонаўку й кажуць, што гэта — нашыя традыцыйныя ўлюбёныя яблыкі. Сёньня гэта не адпавядае ісьціне”, — перакананая З.Казлоўская.

“Антон” — чэмпіён

Аднак у нечым новыя сарты ўсё ж ніяк ня могуць перасягнуць “старажылаў”. Так, абсалютным чэмпіёнам па колькасьці пасадак у нас застаецца антонаўка — 42% ад агульнага ліку, альбо 18582 га. На другім месцы з моцным адставаньнем ідзе папіраўка — 3%, альбо 1193 га.

Размаітых відаў Антонаўкі — безьліч. Ёсьць і з традыцыйным кіславата-салодкім смакам ды непаўторным водарам, і без кісьліны, трапляецца й цьвердаватая антонаўка-камянічка…

Здаўна антоны садзілі як зімовы сорт. Да апошняга часу не было іншых яблыкаў, якія б гэтак добра ляжалі ўзімку. Антонаўку можна захоўваць да студзеня. Аднак цяпер яе ў якасьці дэсэртнага яблыка замяняе больш лёжкі сорт — беларускі сінап, які можна датрываць аж да вясны.

Антонаўку ж зьбіраюць пераважна на сок і для замочваньня. Яблычнае віно, напрыклад, найлепшае атрымліваецца якраз з соку антонаўкі. Зь яе робяць таксама пэктын для кандытарскіх вырабаў.

Яблычны музэй

Многія сарты, паводле словаў З.Казлоўскай, трапляюць пад характарыстыку “музэйныя экспанаты”: малінаўка, бойкен, каштэля, медунічка, грушоўка. Блізкі да гэтага штрэйфлінг. У Інстытуце пладаводзтва гэтыя сарты яшчэ захоўваюць, але пакупнікоў на іх амаль няма. Рынак дыктуе свае ўмовы: непрадуктыўныя старыя сарты саступаюць месца новым.

Даўнейшыя беларускія грушы гэтаксама зьнікаюць. Бэра слуцкая, на жаль, зусім страціла імунітэт да хваробаў. Ад гэтага пагаршаюцца смак і якасьць пладоў. “Яна сама сябе перажыла”, — кажа З.Казлоўская. Да такіх “музэйных” сартоў грушаў залічваецца таксама дзюшэс летні ды талсінская прыгажуня. Зь зімовых сартоў разводзяць у нас хіба беларускую позьнюю.

Супраць рынкавых патрабаваньняў сказаць што-небудзь цяжка: ніхто ня хоча лёгка развьвітвацца з грашыма. Аднак варта памятаць яшчэ і пра тое, што старыя сарты яблыкаў — такая ж спадчына, як песьні і казкі, цэрквы і палацы. А таксама неацэнная генэтычная спадчына, якая будзе запатрабаваная наступнымі пакаленьнямі сялянаў і навукоўцаў. Добра, што ў Інстытуце пладаводзтва зьберагаюць саджанцы старых сартоў. Каб жа яшчэ стварыць гэткі “жывы музэй” пры якіх-небудзь Строчыцах ці Дудутках — каб там можна было ня толькі ўбачыць архітэктуру і побыт нашых продкаў, але й пакаштаваць яблыкаў ды грушаў, якімі ласаваліся яны.

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0