Рэкордная свабода прэсы...Рэкордны рэйтынг Пуціна...Антынародныя дэпутаты...Новыя зьдзяйсьненьні...Справа коціцца да трыбуналу...Новы кіраўнік "Velcom"...

Рэкордная свабода прэсы

Газэта "Местное время" пасьпела выдаць толькі тры нумары - і атрымала паведамленьне пра ліквідацыю "ў сувязі з парушэньнямі ў часе рэгістрацыі". Хутка, відаць, апазыцыйныя газэты будуць выходзіць толькі раз, як за Пілсудзкім.

Рэкордны рэйтынг Пуціна

Рэйтынг Пуціна ў Расеі перавысіў 80%. Даўно расейцы так нікога не любілі.

Антынародныя дэпутаты

Яшчэ адна дэпутацкая група, аналягічная думскай, зьявілася ў беларускай палаце. Гэта "Народны дэпутат" на чале зь лідэрам камуністаў Захарчанкам і экс-лідэрам камуністаў Малафеевым. Толькі ці адпавядае гэткая гульня ў Думу інтарэсам беларускага народу?

Новыя зьдзяйсьненьні

Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай асабіста ППРБ дазволіў называцца Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. За такое дасягненьне Леаніда Ко-зіка варта ўзна-гародзіць ордэнам.

Справа коціцца да трыбуналу

Пракуратура адказала палаце прадстаўнікоў у справе зьнік-неньня вядомых палітыкаў: "Новых зьвестак няма". Камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па гэтым пытаньні, што сабралася ў сераду ў Парыжы, застаецца толькі ўзяць расьсьледаваньне ў свае рукі. Калі яна пацьвердзіць, што адбыліся палі-тычна матываваныя забойствы, справа можа трапіць у міжнародны трыбунал.

Новы кіраўнік "Velcom"

Новым кіраўніком першага апэратара мабільнай сувязі GSM стаў Юры Акімаў. Раней ён працаваў начальнікам упраўленьня замежных сувязяў Мінсувязі. Шматзначны пункт ягонай бія-графіі: у 1982-86 г. быў на дыпляматычнай службе. Былы гендырэктар Мікалай Юшкевіч стаў намесьнікам Акімава.

Будуць бакаляўры і магістры

Сыстэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі зробіцца дзьвюхступеннай з 2004 г.

Башы вінаваціць Маскву

Пажыцьцёвы прэзыдэнт пустэльнае Туркмэніі Сапармурад Ніязаў зьві-наваціў у замаху на сябе Маскву і туркмэнскіх уцекачоў, што знайшлі прытулак ў Расеі. Перад палацам Туркмэнбашы адбыўся мітынг ягоных прыхільнікаў. Яны патрабавалі караць тэрарыстаў горлам, хоць сьмяротная кара ў краіне скасаваная - злачынцаў высылаюць на папраўчыя працы ў Каракумы.

"Астра" трапіла не туды

Расейская ракета "Пратон" ня здолела вывесьці на зададзеную арбіту эўрапейскі спадарожнік "Астра". Не спрацавала чацьвёртая ступень, якая адказвае за разьмяшчэньне аб'екту на арбіце. Абсталяваньне вартасьцю 300 млн. даляраў цяпер можа зрабіцца касьмічным сьмецьцем. Ягоныя ўладальнікі ў выпадку чаго не пацерпяць: яно застрахаванае.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0