“Аквабел” і “Чэрвеньскі рынак” адступаюць перад буйным капіталам

Нельга сказаць, што рынак “Аквабел” у Зялёным Лузе памёр. Хутчэй, ён паволi канае. Там, дзе раней стаялi кантэйнэры для аптовага гандлю, вецер ганяе сьмецьце. Дзе-нiдзе сыплюцца iскры — дэмантуюць кiёскi. Некаторыя зь iх гаспадароў намагаюцца працаваць “да апошняга”, распрадаючы рэшту тавару, але найбольшы зыск маюць нелегалы, якiя прыгандлёўваюць пэтардамi.

Улады ўжо даўно пастанавiлi зачынiць рынак. Гандаль на iм мусiў быць спынены яшчэ 1 верасьня, але адмiнiстрацыя, як i раней, зьбiрала арэндную плату. Iшлi размовы пра тое, што рынак будзе працаваць да 1 сьнежня. Аднак ужо 10 лiстапада ў адмiнiстрацыю “Аквабелу” прыйшла разнарадка з ДАI, у якой патрабавалася да 16 лiстапада зачынiць аварыйны выезд на Менскую кальцавую дарогу “зь меркаваньняў бясьпекi”. Дырэктар рынку Пётра Сiнкевiч вырашыў, што лепш сварыцца з прадпрымальнiкамi, чым з ДАI, ды паведамiў, што рынак зачыняць 16-га. Але прадпрымальнiкi сабралi сход, на якiм палохалі адмiнiстрацыю судом, і тая саступiла. Праўда, ненадоўга. 19 лiстапада быў забаронены заезд i выезд аўтамабiляў на рынак i з рынку. Выключэньне зрабiлi толькi для велікагрузных плятформаў для вывазу кантэйнэраў ды кiёскаў.

З “Аквабелу” на “Экспабел”

За 150 мэтраў ад “Аквабелу” будуюць падобны да яго рынак “Экспабел”. Адчыніцца ён налета. Плошча выстаўных заляў рынку складзе 20 тыс. кв.м, а агульная плошча, улучна з паркоўкай на 3,2 тыс. аўто, — 12 гектараў. Адмiнiстрацыя “Аквабелу” прапануе прадпрымальнiкам пераехаць на “Экспабел”.

Здавалася б, прапанова добрая, але ня ўсё тут проста. Па-першае, нiхто ня мае жаданьня вось так зрывацца са свайго месца — яшчэ колькi месяцаў таму адмiнiстрацыя “Аквабелу” мела пляны разьвiцьця рынку на 25 гадоў наперад. Па-другое, умовы на “Экспабеле” абяцаюць быць яшчэ больш жорсткiмi, чым на “Аквабеле”. Толькi нямногiя гандляры перайшлi на “Экспабел”; пэўная частка прадпрымальнiкаў перавезла свае “кропкi” ў Ждановiчы, а большасьць увогуле ня ведае, што рабіць, бо, паводле iхных словаў, “Аквабел” высмактаў усе грошы. Гандляры кажуць, што найбольш дзейсным спосабам выцягваньня зь іх грошай былi гэтак званыя дамовы на пазыкі, якiя прадпрымальнiкi мусiлi падпісваць на колькi гадоў наперад, каб мець магчымасьць працаваць. Сумы пад тыя дамовы патрабавалi розныя — ад 1000 да 7000 даляраў. Перарэгiстрацыя гандлёвага месца з чалавека на чалавека каштавала 500 даляраў.

Адзiн прадпрымальнiк распавеў, што выкупiў тры гандлёвыя месцы за 450 даляраў, разьлічыўся наяўнымi грашыма. Празь некалькi тыдняў у яго забралi два, а грошай не аддалі. На “Экспабеле”, кажуць, будуць яшчэ большыя паборы, дый месцаў можа на ўсiх не хапiць, бо многiя зь iх ужо скупiлi каўказцы.

Прадпрымальнiкi, якiя з 19 лiстапада ня маюць магчымасьцi нармальна працаваць, хоць і заплацiлi за арэнду, рыхтуюць пазоў у гаспадарчы суд — будуць патрабаваць з адміністрацыі кампэнсаваць маральны ўрон і вярнуць частку арэнднае платы. Іх адвакаты кажуць, што “Аквабел” плянуе абвясьцiць пра сваё банкруцтва.

Чэрвеньскі напярэдадні “рэканструкцыі”

У 1997—98 г. сталiчныя ўлады раiлiся, як даць iнвалiдам магчымасьць рэалiзаваць свае гарантыi па занятасьцi, ня трацячы на гэта вялiкiх бюджэтных сродкаў. Вырашылi зрабiць Чэрвеньскi рынак нечым кшталту базы для самарэалiзацыi гэтай часткi насельнiцтва. Цяпер сярод прадпрымальнiкаў, якiя працуюць на рынку, больш за 400 iнвалiдаў. Можна ўявiць сабе, які шок быў у гэтых людзей, калi яны даведалiся, што рынак з 1 студзеня зачыняецца.

“Белкаапсаюз” вырашыў лiквiдаваць яго “ў парадку рэканструкцыi тэрыторыi”. Той, хто быў на Чэрвеньскiм, ведае, што ён стаiць на гары, нiбы на дзьвюх вялiзных “прыступках”. На нiжняй прадаюць харч, а на верхняй — прамтавары. На ёй месьцiцца яшчэ й крама “Эўралюкс”. Лiквiдацыю пачнуць зь “верхняй прыступкi”, што даволi несуцяшальна, бо там стаiць і галоўны офiс.

Адмiнiстрацыя Чэрвеньскага, у адрозьненьне ад аквабелаўскай, актыўна выступае супраць закрыцьця. Ня дзiва: яшчэ ўчора яны на падставе пазыковых дамоваў упрыгожвалi тэрыторыю, клалi асфальт, зьмянялi бардзюрныя камянi, будавалi новыя кiёскi i г.д. Аднак рынак — унiтарнае прыватнае прадпрыемства “Белкаапсаюзу”, i кiраўнiцтву Чэрвеньскага даводзiцца выконваць рашэньне, хоць адмiнiстрацыя Ленiнскага раёну, на тэрыторыi якога ён знаходзiцца, i Менгарвыканкам анiякiх захадаў па лiквiдацыi рынку не рабiлi.

Ужо канец лiстапада, i ў прадпрымальнiкаў з “Чэрвеньскага” застаецца толькi месяц да заплянаванага закрыцьця — можна не адшукаць новага месца.

Гiпэрмаркет важнейшы за iнвалiдаў

Дык што гэта за рэканструкцыя, якая зьнiшчыць рынак? “Белкаапсаюз” не афiшуе назвы арганiзацыi, якая будзе яе рабіць. Але зьмены, якiя адбываюцца ў ваколiцах рынку, шмат пра што кажуць. У верасьнi скончылася перабудова вул.Аранскай, якую вяло Кiраўнiцтва дарожна-маставога будаўнiцтва. Цяпер вулiцы, якiя атачаюць рынак, маюць ня менш за тры паласы руху ў кожны бок. Зьявiлiся шыкоўныя падземныя пераходы зь лiфтамi, аздобленыя эўраплястыкам. Разьлiчаныя яны не на iнвалiдаў-гандляроў, якiх гоняць з рынку. Цiкава, што тыя пераходы ня маюць нiшаў для гандлёвых кропак. Побач з рынкам зiхацiць сьвежай фарбай новая бэнзакалёнка “Белнафтахiму”. Для чаго ўсё гэта? Прадпрымальнiкi кажуць, што “Белкаапсаюз” знайшоў фiрму, якая пад маркай рэканструкцыi збудуе на месцы “Чэрвеньскага” гiпэрмаркет. Нельга выключаць i магчымасьць пабудовы гiпэрмаркету на тэрыторыi “Аквабелу”, якi выгадна месьцiцца ля Менскай кальцавой дарогi.

Менскія рынкі падобныя да ўсходніх базараў зь іх заўсёдным хаосам ды сумнеўнымі санітарнымі ўмовамі. Апошнім часам сталічныя ўлады змагаюцца за “эстэтыку”: спачатку змусілі прадпрымальнікаў прыбраць зь вялікіх вуліцаў кіёскі, а потым распачалі барацьбу з рынкамі ды кампанію пабудовы гіпэрмаркетаў. З пункту гледжаньня спажыўца, гіпэрмаркет — не такая ўжо й дрэнная рэч. Але для малых прадпрымальнiкаў месца ў гiпэрмаркетах ня будзе. Толькі ў якасьці звычайных пакупнікоў або звычайных наёмных работнікаў. Час постсавецкага бізнэсу сканчаецца.

Алесь Кудрыцкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0