Прэміяй Багушэвіча, якую прысуджае Беларускі ПЭН-цэнтар, уганараваная дасьледчыца гісторыі Ніна Стужынская — за кнігу “Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя”.

Прэмія была заснаваная ў 1994 г. Даюць яе за літаратурныя творы на гістарычную тэматыку. Сярод ляўрэатаў ужо былі Ўладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч, Міхась Чарняўскі, Алесь Белы й інш.

Уганараваньне адбылося ў памяшканьні ПЭН-цэнтру 25 лістапада, напярэдадні ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

Ніна Стужынская Фота Анатоля Клешчука
Ніна Стужынская Фота Анатоля Клешчука
Як зазначыў У.Арлоў, які ўручаў прэмію, Н.Стужынская атрымлівае яе за аднаўленьне аб’ектыўнай гісторыі і паказ гістарычнай праўды. Ейная кніга, якая выйшла ў 2000 г. мізэрным накладам у 300 асобнікаў, адгортвае маладасьледаваныя старонкі антыкамуністычнага змаганьня ў 1920-я — найперш гаворка йдзе пра Слуцкі збройны чын ды падпольную сялянскую партыю “Зялёны Дуб”. Дасьледчыца кажа, што ейная галоўная мара цяпер — каб нехта зь пісьменьнікаў увасобіў герояў тае кніжкі ў мастацкай прозе.

Калі такое адбудзецца, хтось з случчакоў і зеленадубцаў стане ляўрэатам новай прэміі ПЭНу — імя Багдановіча. Пра заснаваньне такой абвясьціў другі віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Віталь Тарас. Даваць яе будуць за найлепшыя мастацкія кнігі году, незалежна ад жанру — паэзія, проза, драматургія. Першая прэмія будзе ўручаная налета 9 сьнежня 2003 году — у дзень народзінаў Максіма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0