Пэдунівэрсытэт сьвяткуе фальшывы юбілей. “Але хіба ім што дакажаш?” — сказаў Аляксандар Падабед. Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка адзначае сваё 80-годзьдзе. Няўжо яму толькі 80 гадоў? Няўжо ў гэтай шаноўнай навучальнай установе няма гісторыкаў народнае асьветы ці проста людзей з дыплёмамі гісторыкаў?

Бо настаўніцкі інстытут у Менску быў заснаваны 1 ліпеня 1914 г. У час першае сусьветнае вайны яго эвакуявалі ў Яраслаўль. І там, у гэтай навучальнай установе, Усевалад Ігнатоўскі стварыў арганізацыю “Наш край” (потым — “Маладая Беларусь”).

У верасьні 1918 г. інстытут вярнуўся ў Менск, а яго працу фінансавалі Ўрад БНР і камандаваньне нямецкае арміі. 30 сьнежня 1918 г. на базе настаўніцкага інстытуту створаная першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Менску — Менскі Беларускі пэдагагічны інстытут, які, нягледзячы на бальшавіцкія, расейскія шавіністычныя і польскія падкопы, праіснаваў да другога прыходу бальшавікоў (ліпень 1920 г.) і які першапачаткова складаўся зь літаратурна-мастацкага, сацыяльна-гістарычнага, фізыка-хімічнага, фізыка-матэматычнага, прыродазнаўчага і геаграфічнага факультэтаў. У інстытуце выкладалі Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі (яшчэ ў 1917 г. ён чытаў кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі), Вацлаў Іваноўскі, Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Неканда-Трэпка, Васіль Дружчыц, Хведар Імшэнік, Ігнат Канчэўскі, Станіслаў Любіч-Маеўскі, Аляксандар Данілевіч ды іншыя дзеячы беларускае навукі і культуры. У ім вучыліся Сьцяпан Булат, Мікола Касьпяровіч, Васіль Сташэўскі, Міхась Чарот... Гэта была першая ВНУ, дзе ў 1918 г. пачалі выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі, беларускую мову і літаратуру, гісторыю беларускае мовы.

У жніўні 1920 г. бальшавікі пераўтварылі ўстанову ў Менскі інстытут народнае адукацыі, які рыхтаваў пэдагогаў для дашкольных установаў (тэрмін навучаньня 2 гады), пачатковае (3 гады) і сярэдняе школы (4 гады). 20 чэрвеня 1921 г. была прынятая пастанова рады інстытуту аб пераўтварэньні яго ў пэдагагічны факультэт БДУ, які меліся неўзабаве адчыніць. 1 верасьня таго ж году наркам асьветы Ігнатоўскі загадаў на базе інстытуту стварыць пэдагагічную вучэльню (падрыхтоўка пэдагогаў для дашкольных установаў і пачатковых школаў), а тых, хто быў прыняты на 4-гадовае навучаньне, перавесьці ў БДУ — на факультэт грамадзкіх навук, дзе стваралася грамадзка-пэдагагічнае аддзяленьне. Потым бальшавікі перадумалі і вярнуліся да ідэі пэдфаку ў БДУ. І такі факультэт паўстаў у 1922 г. з грамадзка-пэдагагічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьняў. А ўжо на базе гэтага факультэту ў 1931 г. быў заснаваны Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут (словам “вышэйшы” замянілі ранейшае азначэньне, якое ў Менску яшчэ памяталі, — “беларускі”).

Вось такая пачатковая гісторыя пэдунівэрсытэту ў Менску. Вучоныя дзядзькі, якія цяпер стаяць на чале яго, безумоўна ж, ведаюць гэтую гісторыю, але баяцца яе, баяцца ўгнявіць начальства, для якога і сама Беларусь, і яе гісторыя, і ўсё, што ў ёй ёсьць, пачалося ў 1917 г., і толькі з ласкі бальшавікоў. Таму і сьвяткуюць 80-я ўгодкі замест 88-х. А мо ўнівэрсытэцкія начальнікі й маюць рацыю, адгароджваючыся ад пачатковае гісторыі. Хіба могуць яны стаць упоплечкі з Карскім, Ігнатоўскім, Тарашкевічам, Гарэцкім?

Зрэшты, не адны пэдунівэрсытэцкія начальнікі жывуць сфальшаванай гісторыяй. Летась сваё 80-годзьдзе адзначаў Купалаўскі тэатар. Мой даўні сябар, заслужаны артыст Аляксандар Падабед спытаўся, ці буду я ў тэатры. “Алесь, — кажу, — вам жа ня восемдзесят, а восемдзесят тры, бо дзяржаўным тэатрам вы сталі за Ўрадам БНР, за Язэпам Варонкам. А калі на тое, дык Флар’ян Ждановіч заснаваў вас у красавіку 1917-га і вам восемдзесят чатыры”. — “Ведаю, браце, але хіба ім што дакажаш?”

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0