Шаноўныя суайчыньнікі! Спрадвечным пакліканьнем інтэлігенцыі было і ёсьць асэнсаваньне хады падзей і вызначэньне найбольш аптымальных шляхоў разьвіцьця чалавечай супольнасьці.

У краінах, дзе інтэлігенцыя мае належнае прызнаньне, дзе яе ідэі і прапановы былі пачутыя, даўно дасягнуты адпаведны ўзровень жыцьця, створаны ўмовы, пры якіх кожны можа максымальна рэалізоўваць свае здольнасьці і атрымліваць за працу ўзнагароду, дастатковую для таго, каб карыстацца ўсімі здабыткамі навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Трэба знайсьці мужнасьць і прызнаць, што сёньняшняе нездавальняючае становішча нашага грамадзтва склалася ў пэўнай меры і таму, што мы, інтэлігенцыя, не выконваем належным чынам сваёй адказнай гістарычнай місіі. Гэтаму можна знайсьці шмат тлумачэньняў, можна прывесьці шэраг аб’ектыўных прычын, але ўсім нам неабходна зразумець, што ніхто ня зробіць за нас справу, якую лёсам наканавана зрабіць менавіта нам.

Востра насьпела неабходнасьць вызначыцца па шэрагу неадкладных, жыцьцёва важных для Беларусі праблемаў.

– Што трэба рабіць для захаваньня нацыянальнай тоеснасьці беларусаў і дзяржаўнага сувэрэнітэту нашай краіны?

– Якім належыць быць дзяржаўнаму ладу Беларусі?

– Якім павінна быць месца Беларусі сярод краінаў Эўропы і сусьветнай супольнасьці?

– Як прадухіліць рэальную пагрозу эканамічнага і энэргетычнага крызысу?

– Якія захады неабходна зрабіць дзеля ратаваньня нацыі ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы, а таксама дэмаграфічнага крызысу?

– Якой ёсьць роля Беларусі ў працэсах глябалізацыі?

– Што трэба зрабіць, каб кансалідаваць беларускую інтэлігенцыю і надаць ёй належную ролю ў грамадзтве?

Мы зьвяртаемся да тых, хто ўсьведамляе сваю прыналежнасьць да Беларускай Інтэлігенцыі. Хто адчувае боль і адказнасьць за лёс нашай краіны і нашага народу, хто асэнсоўвае працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі і каму ёсьць што сказаць і што прапанаваць, каб павярнуць нашу краіну на шлях станоўчага, пэрспэктыўнага разьвіцьця. Мы заклікаем усіх, хто працуе на ніве навукі, культуры, адукацыі, мэдыцыны, прадпрымальніцтва, у іншых сфэрах нашага жыцьця: зьбірайцеся на сходы, каб абмеркаваць сытуацыю, якая склалася сёньня ў нашай краіне, прапаноўвайце свае ідэі і вылучайце дэлегатаў на Сход беларускай інтэлігенцыі, які адбудзецца ў Менску пры канцы студзеня 2003 году.

Неабходна, каб наш Сход адбыўся як сапраўдны форум нацыянальнай інтэлігенцыі і дапамог нам нарэшце адчуць нашу еднасьць і салідарнасьць, скансалідаваць нашы намаганьні дзеля таго, каб ясна і цьвёрда выказаць нашу думку народу Беларусі, афіцыйным уладам, палітычнай апазыцыі і ўсяму сьвету.

Сябры рабочай групы аргкамітэту па скліканьні Сходу беларускай інтэлігенцыі “Незалежная Беларусь — свабоднае і заможнае грамадзтва”

Анісім Алена, Акаловіч Леанід, Вярцінскі Анатоль, Гутман Якуб, Іпатава Вольга, Кароль Аляксей, Колас Уладзімер, Конан Уладзімер, Купава Мікола, Мазынскі Валеры, Марачкін Аляксей, Сідаровіч Зьміцер, Трусаў Алег, Чарняўскі Міхась

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0