Учора кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта і старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас правёў паседжаньне з удзелам трэнэраў зборных Беларусі розных узростаў, каманд вышэйшай лігі і кіраўнікоў клюбаў.

Галоўным пунктам абмеркаваньня было становішча ў нацыянальнай і моладзевай зборных краіны. На паседжаньні са справаздачай выступіў галоўны трэнэр зборнай Юры Пунтус. Ён пагадзіўся, што пастаўленыя задачы ён ня выканаў і папрасіўся ў адстаўку.

Пакуль што ніхто яго заяву не падпісваў і рашэньне ня носіць канчатковага характару, аднак мала хто сумняецца, што на наступным паседжаньні БФФ, якое пройдзе ў Берасьці, гэтая просьба будзе задаволеная.

Задачай‑мінімум для Пунтуса было заняць трэцяе месца ў сваёй адборачнай групе да чэмпіянату Эўропы. Аднак пасьля сямі тураў каманда ідзе толькі на пятым месцы, маючы ўсяго сем пунктаў. У чэрвені дружына Пунтуса двойчы бязвольна прайграла баўгарам. Пасьля той гульні ажно пайшлі чуткі, што матч быў прададзены.

Сярод прэтэндэнтаў на месца Пунтуса фігуруюць былыя настаўнікі зборнай Анатоль Байдачны і Міхаіл Вергіенка, а таксама «коўч» моладзевай зборнай Юры Курненін. Чытачы газэты «Прессбол» у сваю чаргу галасуюць за замежнага спэцыяліста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?