Рубрыка моўнай культуры.

Культура мовы — гэта ня толькі прыняты большасьцю правапіс, граматыка ды вымаўленьне. Выбіраючы слова, публічная асоба сьвядома ці інтуітыўна самаідэнтыфікуецца ў пэўным культуралягічным кантэксьце. Можна быць звышадукаваным “чалавекам сьвету”, натуральна жыць у асацыяцыях некалькіх народаў і моваў, але ёсьць пэўная мяжа, празь якую пераступаць нельга. Калі я чытаю, напрыклад, царкоўны тэкст, пісаны па-беларуску і добраславёны праваслаўным кіраініцтвам, але сустракаю там выраз кшталту “каючыйся грэшнік”, то кажу сабе: “Зьлітуйцеся з прафанаў, Ваша Правялебнасьць: марфалёгія вышэйшая за добраслаўленьне!” Або дыктар БТ Косьцін цягам доўгіх гадоў прамаўляе: “аматары мастацкай гімнастыцы” (замест гімнастыкі), “прэзыдэнт Рэспубліцы Беларусь” (замест рэспублікі).

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Хацелася б у гэтай рубрыцы закрануць тое, пра што мала пішуць: як у нашым слове адлюстроўваецца наша самасьць, наколькі непасрэдна мы кантактуем са сьветам.

Пачаць нататкі хочацца зь лёгкага і займальнага: культуралягічных кур’ёзаў, народжаных фальшывай патэтыкай ды жаданьнем выглядаць рэспэктабэльна. Гэта вельмі часта здараецца, калі нашыя землякі прымяраюцца да расейскамоўнай узьнёслай стылістыкі ці фразэалёгіі, плодзячы свае ды паўтараючы чужыя памылкі.

За гады сабралася цэлая камора зь вязенькай...

Малінавы пах ды малінавы звон

Лаўлю ў маім жэкаўскім “чырвоным гучнамоўцы”, што на кухні, толькі хвост сыропных замілаваньняў нейкага расейскамоўнага беларускага літаратара (тэмбрам падобнага да Спрынчана-старэйшага), які спавядаецца пасьля маскоўска-суздальскіх “інтэграцыйных” сустрэчаў: “И всё моё естество наполнилось этим малиновым звоном, и вспомнилось, как мы с мамой собираем знойным летним днём пахучую малину... Чувство неразрывного братства с великим русским народом окрылило меня на новое стихотворение...”

Думаю сабе: ці то праўда так гладка лжэ, ці мо сапраўды мае такі незвычайны нюх?

Бо выраз “малінавы звон” паходзіць ад францускага назову Мaline бэльгійскага гораду Mechelen, дзе патомныя майстры Кальдэрманс выраблялі званы з адмысловым тэмбравым гучаньнем.

Дзіця бяз вока

У інтэрвію дэкана факультэту журналістыкі БДУ В.Вараб’ёва (“Звязда”, 22 верасьня 2000 г.) чытаем: “...бо пакуль гэтай справай займаецца шмат нянек, але дзіця бяз вока” (прабачце за калямбур)...” Лёгка ўгадваецца арыентацыя на расейскае “У семи нянек дитя без глазу”. Толькі тут у расейскай “глаз” мае сэнс “нагляд, увага, клопат” (таму і ўжываецца з канчаткам “-у” ў родным склоне).

У беларускай мове пра нядбайных нянек згадваюць блізу дзясятку фразэалягізмаў: “Дзе кухараў шэсьць, там нечага есьць”, “Дзе нянек многа, там дзіця бязнога”, “Дзе бабаў многа, там хата немяцёна” і г.д.

Калямбур (фр. саlembour) — выкарыстаньне (звычайна з мэтай стварэньня камічнага эфэкту) падобнага гучаньня словаў (ці іхных частак) з розным значэньнем. Напрыклад, піцьменьнікі — пісьменьнікі, інтэграсты — пэдэрасты. Так што ніякага калямбуру ў спадара дэкана не атрымалася. Проста калька з расейскай. Магчыма, спадар дэкан арыентаваўся на францускую мову. Там ёсьць падобнае: “Сhez sept nourrices l’enfant sans yeux”. Але ж тады трэба было адзначыць: “як кажуць французы”. Ізноў калямбуру не атрымліваецца.

Лоб і lobby

Зноў жа ў “чырвоным гучнамоўцы” чую, а празь дзень у дзяржаўным друку чытаю сярод заканатворчых пасажаў тадышняга сьпікера ніжняй палаты Малафеева: “Гэтае пытаньне нельга лабіраваць. Лабавая атака ня пройдзе...”

Заканатворца не перапрашаў слухачоў за калямбур. Не зрабіла гэтага і дзяржаўнарадыйная журналісцкая абслуга.

Дзеяслоў “лабіяваць” паходзіць ад ангельскага lobby — вялікая заля, пачакальня, напр. у гатэлі на цокальным паверсе. У Эўропе і ЗША яна пазначаецца ў ліфце літарай “L”. Як рэалія: заля перад Палатай Грамадаў у Вялікай Брытаніі ці ў Сэнаце ЗША, дзе дэпутаты парлямэнту могуць сустракацца з грамадзянамі. Цягам сустрэчаў ідуць абмеркаваньні, як найлепш правесьці пэўны законапраект праз галасаваньне. Гэта і называецца “лабіяваць” — to lobby.

Да сваіх Пэнатаў

Беларускія сацыялістычныя журналісты вельмі любілі ўсьлед за расейскімі калегамі пераніцоўваць будзённыя рэчы на ўзьнёслы лад: бульба — другі хлеб, буракі — салодкія карані, нафта — чорнае золата, лён, бавоўна — белае золата, рухавік — сталёвае сэрца, сяўба — веснавая барацьба за ўраджай, уборка — восеньская барацьба за ўраджай, гной — вітаміны ўрадлівасьці і г.д.

Пачуўшы ад некага таямнічае слова “пэнаты”, сярэдні беларускі журфакавец сканструяваў замест выразу “вярнуцца дадому” ўзьнёслы заменьнік: “вярнуцца ў родныя пэнаты”. Магчыма, тут яшчэ ёсьць нешта ад свайго: родныя хаты.

Пэнаты ж, паводле старажытнарымскае міталёгіі, гэта хатнія сямейныя боствы, якія ахоўваюць жытло, гаспадарку, запасы і скарбы пад зычлівым акрыцьцём “Бога запасаў“ Пэна (Penus). Лічылася, што ў кожным жытле могуць быць свае адметныя пэнаты. Аднак ня менш чым двое. Акрамя таго, кожны край, кожная зямля павінны мець сваіх пэнатаў-апекуноў.

Такім чынам, ідучы дадому, можна вярнуцца толькі да сваіх (родных) пэнатаў.

Вярнуцца ў Пэнаты мог толькі адзін чалавек — расейскі мастак Ільля Рэпін, бо Пэнатамі звалася ягонае лецішча, што месьцілася ў фінскім паселішчы Куокаля блізу Санкт-Пецярбургу. Цяпер там музэй.

Здаровы дух і здаровае целa

Мала хто ня чуў лацінскага выразу (дакладней, часткі выразу) “Mens sana in corpore sano”, які зазвычай перакладаюць “У здаровым целе здаровы дух”. Трактуюць яго звычайна па-спартоваму ды ўжываюць, калі гаворка ідзе пра стадыёны, лядовыя палацы, джогінг і г.д. Маўляў, давайце займацца спортам, і дух наш узлунае. Аднак самая простая лёгіка прымушае задумацца, што нешта тут ня так. Варта ўзгадаць вухаеда Майка Тайсана ці хвігі Жабацінскага на ўвесь TV-экран. Які ўжо тут трыюмф духу?

Гэты выраз узяты ў абсечаным выглядзе з сатырычнага вершатвору рымскага сатырыка Ювэнала (каля 60 — каля 127 г. н.э.), дзе ён раіць грамадзянам: “Трэба маліць (багоў), каб розум быў здаровы ў целе здаровым. Бадзёрага духу прасі, што ня ведае страху перад сьмерцю”.

“Пажадана-аптымальны”, а не “прычынна-выніковы” характар гэтае максымы падкрэсьліваў і ангельскі філёзаф-асьветнік Джон Лок (1632—1704) у трактаце “Пра выхаваньне”. Ён пісаў: “Здаровы дух у здаровым целе — вось сапраўдная мяжа шчасьця, якая можа быць на гэтым сьвеце”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0