Толькі-толькі адбыліся выбары, а ўрад Гергарда Шродэра ўжо страціў падтрымку немцаў. Паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня, толькі кожны сёмы грамадзянін ФРН задаволены дзеяньнямі кабінэту.

Уплывовы часапіс “Der Focus” напісаў пра магчымую датэрміновую адстаўку Шродэра. А ў аўторак і сам лідэр СДПН у кулюарах прыгразіў, што сыдзе ў адстаўку, бо стаміўся ад беспадстаўнай крытыкі.

Немцы ўзьняліся супраць свайго ўраду, бо той пастанавіў падвысіць амаль 50 відаў падаткаў. Іншага спосабу выправіць дэфіцыт бюджэту кабінэт не знайшоў. Адпаведна, падаражэе ўсё — ад бэнзыну і цыгарэтаў да кветак і электраэнэргіі. Больш грошай трэба будзе аддаваць і на сацыяльнае забесьпячэньне (пэнсіі, мэдычную страхоўку). Звычайнаму бюргеру гэта абыдзецца ў колькі сотняў эўра штогод.

Прычына эканамічных цяжкасьцяў у тым, што магутнай сыстэме сацыяльнага забесьпячэньня не хапае сродкаў. Зьявілася маса людзей, што паразытуюць на сацыяльных гарантыях дзяржавы і зусім ня хочуць працаваць. Магчымасьцю не працаваць і атрымліваць сацыяльную дапамогу — Sozialhilfe — ФРН прывабіла і мноства іншаземцаў. Многія зь іх гадамі жывуць на ўтрыманьні. За ўсё ж трэба плаціць звычайным немцам.

Сяргей Радштэйн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0