Украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма 9 сьнежня павёз у Маскву свайго новага прэм’ер-міністра Віктара Януковіча. Афіцыйная нагода для візыту — падпісаньне дакумэнтаў наконт транзыту расейскага газу праз Украіну і закрыцьцё Году Ўкраіны ў Вялікім тэатры.

Гэта ўжо восьмы візыт Кучмы ў Расею за гэты год. Рэкорды А.Лукашэнкі па наведваньні Масквы пабітыя.

В.Януковіча, былога кіраўніка Данецкай вобласьці, называюць пераемнікам Кучмы на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ва Ўкраіне праз два гады. Ён з Данецку, па-ўкраінску гаворыць кепска, у Заходняй Украіне мае рэпутацыю “маскаля”. Самае цікавае ў ягонай біяграфіі — судзімасьці, якія ён меў у маладосьці. Праўда, у 90-я гады ён стаў ня толькі губэрнатарам, але шчэ й акадэмікам.

Кабінэт міністраў, узначалены В.Януковічам, — першы ад 1991 г., у якім няма ніводнага міністра, што нарадзіўся б на захад ад ракі Збруч. Новы прэм’ер адразу пасьля свайго абраньня абвясьціў, што ягоная мэта — як мага шчыльнейшае супрацоўніцтва з Расеяй “на ўзаемавыгадных умовах”.

В.Януковіч робіць уражаньне чалавека, які што ў рукі захапіў, таго ўжо не аддасьць. Перамагаць ён умее, прычым рознымі шляхамі. Парлямэнцкія выбары на Данеччыне выйграў урадавы блёк “За адзіную Ўкраіну”, хаця ў цэлым у краіне ён здабыў менш за 10% галасоў. Можна толькі здагадвацца, якімі шляхамі. Януковіч таксама цесна зьвязаны з данецкімі бізнэс-кланамі і тамтэйшым алігархам Рынатам Ахметавым, уладальнікам прамысловых прадпрыемстваў, банкаў і нават футбольнай каманды “Шахцёр”.

“Лукашэнкаў” шлях дае дывідэнды ўкраінскім алігархам, якія грэюць рукі на легальным і нелегальным бізнэсе з Расеяй і транзыце. Аднак гэта не дапамагае Ўкраіне вырашыць эканамічныя праблемы. Расея сёньня кіруецца прагматычнымі матывамі, і словы пра “братэрства народаў” яе ня грэюць.

Праз Украіну Расея транспартуе ў Заходнюю Эўропу 2/3 свайго газу. У кастрычніку пад ціскам Уладзімера Пуціна быў створаны расейска-ўкраінскі кансорцыюм, што кантралюе транзыт газу на Захад — дарма што раней Кіеў лічыў гэтыя трубаправоды сваім козырам у перамовах з Масквой. Сёньня Расея мае ў тым кансорцыюме амаль 50% акцыяў.

Наступны год ва Ўкраіне абвешчаны Годам Расеі. Аднак Кіеў і Масква па-ранейшаму застаюцца канкурэнтамі — як у гандлі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, так і на рынках Афрыкі ды Азіі.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0