Замежная палітыка Беларусі зьменлівая, як надвор’е ў эпоху глябальнага пацяпленьня. Аднак дзьве яе рысы нязьменна ўражваюць сёлета і розьняць ад папярэдніх гадоў. Гэта яе прагматызм і незалежнасьць ад замежнай палітыкі Расеі. Нашы дыпляматы гатовыя гандляваць хоць з Іракам. А піруэты на заходнім і ўсходнім франтах кепска прыхоўваюць тое, што нашы генэральныя мэты адрозныя ад расейскіх.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
10 гадоў таму беларускія пасольствы за мяжой здаваліся неверагоднай заваёвай маладой дзяржавы, новапрызначаныя паслы ў Менску туліліся ў гатэлі “Беларусь”. Цяпер за сьпінаю — цэлая дыпляматычная гісторыя. Нацыянал-камуніст Краўчанка, вараг Латыпаў. Драздоўскі скандал, эпапэя зь місіяй АБСЭ (перамовы аб яе вяртаньні маюць вось-вось распачацца ў Вене). А якіх паслоў бачылі дыпляматычныя раўты: хваласьпеўцу беларускім жанчынам Фасье, гжэчнага пана Козака, інтэлектуала і сябра інтэлектуалаў Машкевіча, зусім не жалезную лэдзі Пірс. Ну, і Вік — белы бусел Вік, аздоба галерэі.

У Беларусь на тым тыдні прызначаныя два новыя паслы, два палякі: Тадэвуш Паўляк і Стэфан Шмялеўскі. Першы будзе прадстаўляць Польшчу, другі — Францыю. Апошні паходзіць з старога роду Хмялеўскіх, толькі цяпер ягонае прозьвішча вымаўляецца на францускі манер. Абодва — кадравыя дыпляматы, гавораць, сярод іншых моваў, па-расейску. Не па-беларуску, на жаль. Дыпкорпус пакуль ня вучыць нашай мовы. Гэта — адваротны бок беларускага прагматызму. Калі наша МЗС зь лёгкасьцю ахвяруе вечнымі нацыянальнымі вартасьцямі, чаму іх мусяць шанаваць іншаземцы.

Сярод новых беларускіх непрызначэньняў — Казулін. Сярод прызначэньняў — Міхневіч (у Эгіпэт), Даўгаполава (у Арменію), Варанецкі (у Славаччыну), Латушка (у Польшчу). Самых моцных “гаспадарнікаў” наша МЗС накіроўвае на арабскі Ўсход, не на Захад. Былы прэс-сакратар МЗС — самы малады пасол у нашай гісторыі. Польскія СМІ з задавальненьнем адзначылі яго як дыплямата, што размаўляе па-польску. Усе — чыноўнікі постсавецкага, ужо не абкамаўскага разьліву. РБшная бюракратыя.

Сапраўды, гэта яшчэ не такая беларуская дзяржава, за якую аддавалі жыцьці змагары-незалежнікі, але ўсё ж — дзяржава. Хай сабе пакуль без рамантызму і асаблівых прынцыпаў.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0