На архіўным фота размаўляюць Сяргей Касьцючэнка, старшыня праўленьня “Прыёрбанку”, і Міхаіл Лявонаў, дырэктар МТЗ. Прайшоў год — і як усё зьмянілася... ФОТА IREX-PROMEDIA
На архіўным фота размаўляюць Сяргей Касьцючэнка, старшыня праўленьня “Прыёрбанку”, і Міхаіл Лявонаў, дырэктар МТЗ. Прайшоў год — і як усё зьмянілася... ФОТА IREX-PROMEDIA
Дзяржава мае аддаць кантрольны пакет акцыяў другога па велічыні банку ў рукі заходняга капіталу. На яго прэтэндуе аўстрыйская банкаўская група “Raiffeisen”. Канчатковае рашэньне — у студзені.

Прычына — трэба новыя інвэстыцыі. У банку пакуль не паведамляюць, пакеты якіх акцыянэраў будуць выстаўленыя на продаж і колькі складзе агульны кошт угоды. Віктар Дудко, віцэ-прэзыдэнт “Прыёрбанку” па сувязях з грамадзкасьцю, адзначыў толькі, што гэта будзе вялікі пакет. Канчаткова абрысы гешэфту акрэсьляцца на пачатку 2003 г. Праект яшчэ не абмеркаваны назіральнай радай “Прыёрбанку” ды сходам акцыянэраў.

Паводле нашых зьвестак, “Raiffeisen” пагадзіўся набыць 51% пакету “Прыёрбанку” з умовай, што дзяржава не атрымае “залатой акцыі”, якая дазваляе блякаваць рашэньні акцыянэраў. Урад папярэдне згадзіўся на такія ўмовы.

Сваю долю ў “Прыёрбанку” маюць МАЗ, “Гарызонт”, МТЗ, “Беларуснафта”, Гомельскае прадпрыемства нафтаправоду “Дружба”, “Азот”, “Белвэст”, Беларускі мэталюргічны завод і іншыя, пераважна зьвязаныя зь дзяржавай, кампаніі. Трымаюць акцыі й фізычныя асобы. У сакавіку 1998 г. у “Прыёрбанк” прыйшоў першы буйны замежны акцыянэр — Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця, які набыў 27% пакету. Наш банк, акрамя падвышэньня статусу, атрымаў ад гэтага акцыянэра каля 11 млн. даляраў крэдыту на падтрымку малога й сярэдняга бізнэсу.

Найбуйнейшым акцыянэрам “Прыёрбанку” на сёньня зьяўляецца ЭБРР. Ягоны пакет, паводле словаў Віктара Дудка, на продаж выстаўляцца ня будзе.

“Прыёрбанк” зьяўляецца банкам-агентам па абслугоўваньні замежных дзяржаўных пазыкаў у банках Аўстрыі. Магчыма, з продажам ягоных акцый групе “Raiffeisen” павысяцца шанцы Беларусі на атрыманьне крэдытаў Захаду. Зрухі ў бок лібэралізацыі эканамічнай палітыкі ёсьць: сярод апошніх — зьніжэньне арэндных ставак для прадпрымальнікаў ды зьмякчэньне рэгістрацыйных нормаў. “Лібэралізацыя эканамічнай палітыкі — гэта запозьненае выкананьне перадвыбарчых прэзыдэнцкіх абяцаньняў. У староньняга назіральніка можа скласьціся ўражаньне, што Лукашэнка паддаўся ціску Расеі, якая патрабуе лібэралізаваць гаспадарку. Насамрэч гэта рэалізацыя шматвэктарнай палітыкі ў эканоміцы, скіраванай ня толькі на Ўсход, але й на Захад”, — мяркуе аналітык Валеры Булгакаў.

На пачатку году ўласны капітал “Прыёрбанку” склаў 45,1 млрд. рублёў (28,6 млн. даляраў). Паводле рэйтынгу кампаніі “Deloitte&Touche”(1999), “Прыёрбанк” — другі па значнасьці ў краіне. Ён саступае толькі “Беларусбанку” і зьяўляецца адным з шасьці банкаў, што ўтвараюць стрыжань беларускай банкаўскай сыстэмы.

Акцыі “Прыёрбанку” карыстаюцца попытам. У лістападзе на Беларускай валютна-фондавай біржы была заключаная 21 зьдзелка зь ягонымі акцыямі агульным аб’ёмам на 61,7 млн. рублёў. Аўстрыйскія ўкладаньні зробяць “Прыёрбанк” яшчэ больш прывабным для інвэстараў.

У банкаўскую групу “Raiffeisen” уваходзіць 607 банкаў ды 1725 рэгіянальных аддзяленьняў. Гэта адзін з асноўных камэрцыйна-інвэстыцыйных банкаў Аўстрыі. Асабліва актыўна “Raiffeisen” дзейнічае ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе, дзе мае 12 сеткавых банкаў і 2 прадстаўніцтвы, што даюць працу 12 тыс. чалавек. Летась балянсавы капітал банку вырас на 22,3% у параўнаньні з 2001 г. і склаў 44,6 млрд. эўра. “Raiffeisen” трымае акцыі іншых банкаў ды кампаніяў на агульную суму 1,4 млрд. эўра. Калі справа з продажам пакету акцый “Прыёрбанку” будзе вырашаная станоўча, гэтая сума яшчэ пабольшае.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0