17 сьнежня прэзыдэнт падпісаў дэкрэт, які спрашчае працэс рэгістрацыі ды ліквідацыі юрыдычных асобаў.

Паводле яго, адпадае патрэба ў “юрыдычным адрасе”. Цяпер прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы можна рэгістраваць “па месцы прапіскі” заснавальніка.

Ранейшыя дэкрэты №11 ад 16 сакавіка 1999 г. і №222 ад 16 лістапада 2000 г., што вызначалі парадак рэгістрацыі й ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня, таксама патрабавалі, каб у статуце прадпрыемства ці фірмы былі запісаныя ўсе віды дзейнасьці. Цяпер трэба пазначаць толькі прадугледжаныя законам (напрыклад, зьвязаныя зь небясьпекай для здароўя). Каб заняцца нейкім іншым відам дзейнасьці, дастаткова папярэдне паведаміць пра гэта ў рэгістрацыйныя і падатковыя органы.

Ліквідаваць суб’екты гаспадараньня будуць толькі рэгістрацыйныя органы (раней трэ было склікаць ліквідацыйную камісію).

Дзяржаўнай рэгістрацыяй прадпрыемстваў з замежнымі інвэстыцыямі будзе займацца ўжо не Міністэрства замежных справаў, а аблвыканкамы і Менгарвыканкам.

Адзіны абмежавальны захад лібэральнага дэкрэту — у часе рэгістрацыі даччыных арганізацыяў заснавальнік мусіць дакумэнтальна засьведчыць, што ня мае нявыкананых грамадзянска-прававых забавязаньняў (кшталту неаддадзенага крэдыту). Калі гэткія ёсьць, а згоды крэдытораў на заснаваньне прадпрыемства няма, яно ня будзе зарэгістраванае.

Новы дэкрэт не адмяняе, а дапаўняе старыя: тыя, хто ўжо зарэгістраваўся паводле старых правілаў, ня мусяць перарэгістроўвацца.

Алесь Кудрыцкі

меркаваньне экспэрта

Юрыст Сяргей Балыкін мяркуе, што гэты дэкрэт толькі крыху аблегчыць стан некаторых прадпрымальнікаў і рэгістрацыйных ды кантрольных органаў. Тое, што прыватныя УП дазволілі рэгістраваць па хатнім адрасе, – станоўчы факт, але чаму нельга рэгістраваць такім жа чынам ЗАТ, ТДА і г.д.? Дэкрэт прадугледжвае, што ў выпадку рэгістрацыі УП па месцы жыхарства аплата камунальных паслугаў будзе весьціся паводле парадку, вызначанага Саўмінам. Як падказвае практыка, гэта азначае стоадсоткавую аплату. Спрашчэньне працэсу ліквідацыі аблягчае жыцьцё толькі рэгістрацыйным органам, але не прадпрымальнікам. Тое, што рэгістрацыю прадпрыемстваў з замежнымі інвэстыцыямі аддалі аблвыканкамам ды Менгарвыканкаму, справы не зьмяняе – галоўнае ня тое, хто рэгіструе, а правілы рэгістрацыі. Патрэба запісваць віды дзейнасьці ва ўстаноўчыя дакумэнты толькі зьмякчаная, а яе трэ было б увогуле адмяніць. Дрэнна, што дэкрэт павялічыў колькасьць падставаў для адмовы ў рэгістрацыі, несудовай ліквідацыі прадпрыемстваў ды колькасьць дакумэнтаў, патрэбных для рэгістрацыі. Калі заснавальнік УП адмаўляецца пускаць праверку (лічы, да сябе ў хату), дык гэта ўжо падстава для несудовай ліквідацыі. Акрамя таго, зараз давядзецца невядомым чынам даставаць даведкі пра тое, што заснавальнік ня мае запазычанасьцяў перад крэдыторамі. Калі так, дык дзяржава сама ня мае права ствараць унітарныя прадпрыемствы, бо мае найвялікшыя запазычанасьці ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0