У пэўных дэмакратычных колах папулярнымі сталі разважаньні: маўляў, абвастрэньне канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Масквой вось-вось прывядзе да доўгачаканых палітычных зьменаў у нашай краіне.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Расея адхіліць Лукашэнку ад улады, новы ўрад, прызначаны Крамлём, пачне палітычныя й эканамічныя рэформы зьверху, у Беларусі нарэшце ўсталюецца дэмакратыя.

Праўда, давядзецца крыху паступіцца сувэрэнітэтам, хоць Расея наўрад ці пойдзе на поўнае паглынаньне Беларусі — дзеля эканамічных праблемаў, якія непазьбежна паўстануць у гэтым выпадку, і празь незадаволенасьць Захаду гэтым крокам Крамля. Нават багатая Заходняя Нямеччына заплаціла за інкарпарацыю ўсходніх земляў падзеньнем ВУП і стагнацыяй эканомікі ў 1990—93 г. Да таго ж Расея, ЗША і Вялікая Брытанія зьяўляюцца гарантамі незалежнасьці Беларусі пасьля вываду з нашай тэрыторыі ядравай зброі. Інкарпарацыяй Расея паставіла б сваіх заходніх партнэраў у няёмкае становішча.

Галоўнае — веліч

Слабасьць гэтых аргумэнтаў відавочная. Расея не належыць да краінаў, якія дзейнічаюць рацыянальна, падлічваючы ўсе плюсы і мінусы тых ці іншых палітычных рашэньняў. Вельмі важную ролю ў часе выбару палітычнага курсу грае ірацыянальны фактар “велічы дзяржавы”. Дзеля яго Расея ўжо шэсьць гадоў вядзе крывавую вайну ў Чачэніі, дзеля яго Пуцін загадаў спэцназу “вызваляць” закладнікаў “Норд-Осту”, рызыкуючы жыцьцямі і закладнікаў, і спэцназу, а ня весьці перамовы з тэрарыстамі. Беларускае пытаньне таксама належыць да ліку тых, дзе аргумэнты на карысьць “Вялікай Расеі” пераважаюць здаровы сэнс.

Падчас нядаўніх слуханьняў у Думе па пытаньні беларуска-расейскай інтэграцыі, дэпутаты нават і не хавалі сваіх плянаў інкарпарацыі Беларусі. Як адзначыў у інтэрвію газэце “Белорусский рынок” адзін з удзельнікаў слуханьняў зь беларускага боку Валеры Карбалевіч, “беларускія і расейскія ўдзельнікі разумелі інтэграцыю па-рознаму. Першыя — як узаемавыгаднае эканамічнае й палітычнае супрацоўніцтва, дапамогу Расеі ў дэмакратызацыі Беларусі; другія — як аб’яднаньне ў адну дзяржаву. І гэтае пытаньне, на жаль, ніяк не абмяркоўвалася”.

“Дзеля іхнага дабра”

А пасьля таго, як пуцінская Расея “пасябравала” з ЗША на глебе антытэрарыстычнае барацьбы, захаваньне гэтага хаўрусу часам падаецца на Захадзе больш істотным, чым сувэрэнітэт невялікай краіны, якая яшчэ й належыць да “восі зла”. Інкарпарацыя Беларусі ў склад Расеі робіцца для “ейнага ж дабра” і будзе непазьбежна суправаджацца “ейнай дэмакратызацыяй” і “абаронай правоў” тутэйшага насельніцтва. Так, напэўна, патлумачаць расейскія палітыкі сваім заходнім калегам сэнс аншлюсу, калі той адбудзецца.

Але гісторыя ня ведае ніводнага выпадку, калі б мэтраполія рабіла сваю калёнію вольнай і дэмакратычнай, не даючы ёй незалежнасьці. Уявім сабе: народ залежнай краіны атрымаў ад “гаспадара” права свабодна выяўляць сваю волю — у тым ліку і волю аддзяляцца й аднаўляць незалежнасьць. Нават дэмакратычная Брытанія праводзіла жорсткую каляніяльную палітыку ў Індыі, Паўднёвай Афрыцы, Аўганістане. Лібэральныя рэформы там — накшталт увядзеньня мясцовага самакіраваньня ў Індыі ў 1919 г. ці пашырэньня выбарчых правоў індусаў у 1935 г. — былі вымушанымі крокамі брытанскіх уладаў у адказ на масавую нацыянальна-вызвольную барацьбу, якая ў Індыі праводзілася негвалтоўнымі мэтадамі (“сат’яграха”).

Моцная рука

Адносна практычнай магчымасьці замяніць сёньняшнюю дыктатуру ў незалежнай Беларусі на заўтрашнюю дэмакратыю ў складзе Расеі ўзьнікаюць яшчэ большыя пытаньні. Сама Расея не зьяўляецца дэмакратычнай краінай. Калі раней можна было казаць пра пэўныя тэндэнцыі дэмакратызацыі, пра марудны і пакутлівы шлях палітычных рэформаў зьверху пры Ельцыну, пра дэмакратыю хоць бы ў сталіцах і буйных гарадах, дык пасьля прыходу да ўлады Пуціна аб гэтым не даводзіцца нават узгадваць. Расейскія рэформы спыніліся на ўвядзеньні рынкавай эканомікі і прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці. У сучаснай Расеі амаль згібела канкурэнцыя палітычных альтэрнатываў, правая і левая апазыцыя Пуціну зрабіліся памяркоўнымі й кішэннымі, становішча незалежных СМІ значна пагоршылася, у расейскіх рэгіёнах адбываюцца масавыя парушэньні правоў чалавека. Сапраўдныя дэмакратычныя інстытуты і працэдуры расейскай кіроўнай эліце пакуль не спатрэбіліся.

Не бывае дэмакратычных імпэрый

Гэта тлумачыцца шэрагам прычынаў. Па-першае, праблема нацыянальнай ідэнтычнасьці ў шматнацыянальнай і шматканфэсійнай Расеі па-ранейшаму пакідае актуальнай дылему, выказаную ў свой час Зьбігневам Бжазінскім: “Расея можа быць альбо імпэрыяй, альбо дэмакратыяй, але яна ня можа быць і адным, і другім адначасова”. Па-другое, урады Гарбачова—Ельцына спрабавалі аўтарытарнымі мэтадамі ўводзіць дэмакратыю спачатку ў СССР, потым — у Расеі. Гэта непазьбежна вяло да аслабленьня інстытутаў народаўладзьдзя, парлямэнтарызму. Разбурэньне старых палітычных інстытутаў не суправаджалася стварэньнем новых, укарэненых у грамадзтве. У выніку паўстала жорсткая цэнтралізаваная сыстэма, якая зь цяжкасьцю паддаецца рэфармаваньню.

Дэмакратызацыя ў Расеі суправаджалася павелічэньнем разрыву паміж багатымі і беднымі, ростам злачыннасьці, аслабленьнем міжнародных пазыцыяў краіны, зрошчваньнем некаторых рэгіянальных элітаў з злачыннымі групоўкамі. Гэта расчаравала выбаршчыкаў у “дэмакратыі”. У сярэдзіне 90-х чвэрць расейцаў выказвалася за моцную руку, “за расейскага Піначэта”. Прызначэньне Пуціна прэзыдэнтам у 2000 г. і сталася своеасаблівым адказам кіроўнай эліты на ёю ж справакаваныя прааўтарытарныя зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці.

Колькі дэмакратыі ў Калмыкіі

Ніякі варыянт далучэньня Беларусі да Расеі не спрычыніцца да зьнішчэньня аўтарытарных парадкаў і рэфармаваньня палітычных ды эканамічных інстытутаў у нашай краіне. Беларусь пераўтворыцца ў адзін (ці ў 6) рэгіён(аў) Расеі, кшталту Калмыкіі ці Краснадарскага краю, дзе “не ступала нага ніводнага дэмакрата”. Эканоміка трапіць пад поўны кантроль расейскага напаўкрымінальнага капіталу, значна абвострыцца праблема беспрацоўя і сацыяльная сытуацыя ў выніку прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў бізнэсоўцамі з усходу. Таму ўсур’ёз ня можа нават абмяркоўвацца прапанова: мы вызваляем вас ад дыктатуры, а вы аддаяце нам свой сувэрэнітэт. Наступствам такога гешэфту сталася б замена аднае формы аўтарытарызму на іншую, пераадолець якую беларускаму грамадзтву было б значна цяжэй, чым адхіліць ад улады сучасны палітычны рэжым. Адзіным шляхам Беларусі да дэмакратыі й дабрабыту зьяўляецца шлях захаваньня і ўмацаваньня нацыянальнай незалежнасьці.

Уладзімер Роўда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0