У Магілёве захоўваецца напружаная сытуацыя з прычыны будаўніцтва праваслаўнага храму на тэрыторыі Замчышча. Увечары 21 чэрвеня прадстаўнікі прыходу затрымалі сябра аб’яднаньня «Гісторыка» Віталя Ругайна.

За два дні з тэрыторыі Замчышча, дзе праваслаўны прыход распачаў будаўніцтва новага храму, без неабходнага археалягічнага нагляду было вывезена некалькі тонаў культурнага слою. Гісторык Ігар Марзалюк склаў акт аб наўмысным зьнішчэньні слою на Замчышчы. Зямлю зьвезьлі ўніз да Дняпра, зараз там праводзяцца раскопкі.

Некаторыя прадстаўнікі прыходу надзвычай агрэсіўна ставяцца да грамадзкасьці, якая бароніць культурны слой. Сябар моладзевага аб’яднаньня «Гісторыка» Віталь Ругайн учора а 19‑ай гадзіне спрабаваў сфатаграфаваць катлаван на Замкавай гары. Неўзабаве хлопца заўважылі будаўнікі й запатрабавалі дакумэнты. Віталь паказаў журналісцкае пасьведчаньне, аднак назад дакумэнт не атрымаў — прадстаўнікі прыходу паведамілі, што аддадуць пасьведчаньне толькі ў міліцыі.

Як распавёў хлопец, жанчына й мужчына, зь якімі ён пайшоў у пастарунак, паводзілі сябе неадэкватна. Казалі пра змову супраць праваслаўнай царквы, а яго называлі амэрыканскім шпіёнам. Прадставіцца яны адмовіліся. У пастарунку, не знайшоўшы ніякіх парушэньняў, міліцыянты вярнулі пасьведчаньне ўладальніку. На незаконныя дзеяньні сябраў прыходу Віталь Ругайн падрыхтаваў скаргу ў міліцыю.

Днём раней будаўнікі з камянямі ў руках сустрэлі іншага моладзевага актывіста, які фатаграфаў яміну.

Андрэй Мікалаеў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0