Кінапраект “Прыгоды Астэрыкса й Абэлікса” паводле знакамітых коміксаў і мультфільмаў задумваўся як своеасаблівы “эўрапейскі адказ Галівуду”.

Меркавалася, што фільм зь бюджэтам 50 млн. эўра пасуне амэрыканскія блякбастэры на сусьветных кінарынках. Прэм’ера першага фільму — “Астэрыкс і Абэлікс супраць Цэзара” — адбылася зь вялізнай помпай, але прэстыжу Галівуду не пашкодзіла зусім. Яшчэ менш шанцаў у другога фільму — “Астэрыкс і Абэлікс: місія Клеапатра”, які выйшаў на кінаэкраны Менску.

Сюжэт гэтай байкі немудрагелісты. Царыцы Клеапатры (Моніка Бэлючы, якая цягам усяго фільму зьмяняе экзатычныя строі на эратычныя і наадварот) раптоўна закарцела, каб Юлі Цэзар (комік Крыстыян Кляўе) прызнаў эгіпцянаў найлепшым народам у сьвеце. Царыца загадвае збудаваць супэрпалац за тры месяцы. Паколькі старажытнаэгіпэцкім дойлідам (зь якіх адзін разважае бы Дэйл Карнэгі, а ў другога толькі адна рука) задачка не па зубах, яны запрашаюць на дапамогу двух барбараў-галаў (Астэрыкса й Абэлікса), сабаку Ідэфікса і друіда Пэрынакса, якому невядома навошта спатрэбіліся манускрыпты Александрыйскай бібліятэкі. “Шабашнікі” выканалі пастаўленую задачу бліскуча: напаілі чароўным зельлем будаўнікоў, адламалі нос Сьфінксу (а мы, дурні, думалі, што гэта жаўнеры Напалеона зрабілі!), знайшлі выйсьце зь лябірынту піраміды, разграмілі рымскае войска. Пры гэтым ім рэгулярна трапляліся на шляху прыдуркаватыя піраты, якіх яны вымушаныя былі тапіць то ў моры, то ў Ніле.

Хапае ў фільме гэгаў — камічных трукаў, а таксама парадыйна-сатырычных дыялёгаў — прыблізна па адным на кожныя тры хвіліны экраннага часу. Ад амэрыканскіх камэдыяў у “Місіі” засвоена галоўнае — трэба высьмейваць і парадыяваць усё, што на слыху, і ўсё, што калісьці кімсьці было зьнята. І таму рымскія жаўнеры маюць імёны Беларус і Антывірус, а цэнтурыён Саплівус аддае загад страляць з катапультаў са словамі: “Імпэрыя наносіць удар у адказ!” Эгіпэцкія дойліды б’юцца паміж сабой у паветры, як кунг-фуісты, і размаўляюць па-кітайску, а прыдворны жывапісец малюе Клеапатру толькі ў профіль і асуджае мадэрністаў, якія ствараюць партрэты ў анфас.

Пакуль франка-італьянскі кінагумар дае фору беларускаму — у нашай камэдыі “Сьвежына з салютам” сюжэт круціцца вакол няўмельства паўцьвярозых вясковых мужыкоў закалоць сьвіньню.

Ягор Конеў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0