9 студзеня ён глядзеў у Дзяржаўным жыдоўскім тэатры БССР спэктакль «Тэўе-малочнік». Спэктакль, які ён кансультаваў.

10 студзеня адбыўся прагляд спэктаклю «Канстанцін Заслонаў» у Тэатры імя Янкі Купалы. Як сябар камітэту па Сталінскіх прэміях, ён павінен быў сказаць, вартая гэтая пастаноўка высокае адзнакі ці не.

11 студзеня ён, як сябар таго ж Камітэту, слухаў опэру Яўгена Цікоцкага «Алеся». Ягоны спадарожнік — тэатральны крытык Голубаў, які таксама прыехаў з Масквы, — намаўляў яго пасьля опэры пайсьці на дзень нараджэньня да аднаго чыгуначніка высокага рангу, што жыў па вуліцы Беларускай, у доме на горцы. Аднак абмеркаваньне спэктаклю зацягнулася да другое гадзіны ночы 12 студзеня. Чыгуначніку настолькі хацелася бачыць госьцем менавіта яго, што святкаваньне было перанесенае на 12-е.

Ноч з 11 на 12 студзеня (пасьля абмеркаваньня опэры) ён правёў сярод жыдоўскіх актораў у яшчэ неадбудаваным тэатры (будынку былое сынагогі). Дамовіўся, што ўвечары 12-га браты акторы прыйдуць да яго ў гатэль «Беларусь» (цяпер — «Сьвіслач»), каб абмеркаваць спэктакль «Тэўе-малочнік» ды проста пасядзець перад ягоным ад’ездам у Маскву. Пакідаючы Жыдоўскі тэатр а палове на восьмую раніцы, ён раптам прамовіў: «Я, напэўна, хутка памру...»

Калі ўвечары 12 студзеня жыдоўскія акторы прыйшлі ў гатэль, яго і Голубава ў нумары не было. Артысты марна прачакалі да 23 гадзін. Ён не вярнуўся. А назаўтра стала вядома: ён і Голубаў — мёртвыя. Іх целы знайшлі на рагу Ўльянаўскай і Беларускай вуліц.

Саламон Міхоэлс (а гаворка вялася пра яго) быў выдатны актор і рэжысэр, ардэнаносец, ляўрэат Сталінскае прэміі, народны артыст СССР. У час вайны, калі Сталіну дужа патрэбная была дапамога, бальшавіцкае кіраўніцтва стварыла Жыдоўскі антыфашысцкі камітэт, у задачы якога ўваходзіў збор сродкаў для абароны СССР і — нібыта — для ратаваньня жыдоў ад галакосту.

Камітэт, на чале якога стаяў папулярны артыст, сумленна выконваў сваю задачу. «Пад Міхоэлса» амэрыканскія жыды ахвяравалі Савецкаму Саюзу немаленькія сумы. А калі скончылася вайна, выявілася, што Камітэт замінае бальшавіцкай уладзе. Сталін баяўся ягонай падтрымкі Ізраілю, ягоных сувязяў з замежжам. У Камітэт зьвярталіся ахвяры антысэмітызму...

Рэжысэр Міхоэлс, мусіць, адчуваў, што галоўны крамлёўскі рэжысэр, чый антысэмітызм быў добра вядомы, задумаў нешта і супраць яго, і супраць антыфашысцкага камітэту. Таму і прамовіў словы пра хуткую сьмерць.

Жыдоўскі тэатар у Менску ў тым жа 1948-м будзе зачынены, а ў адноўлены будынак з Горадні перавядуць Дзяржаўны расейскі драматычны тэатар БССР. Зачыняць і Міхоэлсаў тэатар у Маскве... Гітлер падсёк асновы жыдоўскае культуры ў СССР, а Сталін яе дабіваў.

...55 гадоў таму выдатны актор Саламон Міхоэлс быў госьцем у сваіх калегаў, а на будынку Расейскага тэатру дасюль няма мэмарыяльнае дошкі.

55 гадоў таму назад Саламона Міхоэлса і крытыка Голубава забілі, а месца іх сьмерці не адзначана памятным знакам.

Беларусі трэба ўшанаваць памяць Міхоэлса. Гэта было б знакам удзячнасьці за тое, што ён зрабіў дзеля перамогі над гітлерызмам. Гэта было б і актам пакаяньня за тое, што дапусьцілі забойства актора на сваёй зямлі.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0