Прагназаваны посьпех правых на выбарах у ізраільскі Кнэсэт 28 студзеня будзе азначаць захаваньне «асаблівых адносінаў» між урадамі Шарона й Лукашэнкі.

Былы шэф КДБ Генадзь Лавіцкі, які ўжо сёмы год ачольвае пасольства ў Тэль-Авіве, не дарма есьць свой хлеб. Многія ізраільцяне станоўча ацэньваюць сучасны палітычны рэжым Беларусі.

На форуме віртуальнага беларускага зямляцтва ў Ізраілі www.souz.co.il/belzem здаўна трапляліся запісы кшталту «мне падабаецца, як Лукашэнка кіруе краінай». З 2000 г. пачаліся палітычныя вандроўкі назіральнікаў-ізраільцянаў на парлямэнцкія й прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Парушэньняў яны, у адрозьненьне ад эўрапейцаў, не заўважалі ніколі. Увосень 2001 г. Беларусь наведалі дэпутаты Кнэсэту, муніцыпальныя чыноўнікі ды кіраўнікі Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі. Іхныя меркаваньні трансьлявала БТ, друкавалі «Советская Белоруссия» і «Народная газета». Мне запомніліся словы былога менчука Лява Зусмановіча, прадпрымальніка й сустаршыні згаданага Аб’яднаньня: Захад ужывае падвойныя стандарты як да Беларусі, так і да Ізраілю, таму давайце змагацца разам...

Посьпехам беларускай дыпляматыі стаўся візыт Лукашэнкі ў Ізраіль у пачатку 2000 г. БНФ і Сусьветнае згуртаваньне беларускіх габрэяў пратэставалі тады, але хто іх слухаў... Цяпер пазытыўны імідж беларускага рэжыму ствараецца праз удзел супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў фэстах і сустрэчах «беларускіх ізраільцянаў», празь зьніжкі на паслугі кампаніі «Белавія» для вэтэранаў вайны, а таксама праз прапаганду ў ізраільскіх СМІ. Якраз год таму зьявіўся штомесячны дадатак да галоўнай расейскамоўнай ізраільскай газэты «Новости недели» — «Диалог: белорусские новости». З таго «Дыялёгу», які рыхтуе калектыў небезьвядомага «Голасу Радзімы», можна даведацца пра добрае жыцьцё габрэяў і негабрэяў на прасторах нашай краіны.

Інтыфада выявіла слабасьці ізраільскага грамадзтва, і многія імігранты, дый ня толькі яны, тужаць па моцнай руцэ ў палітыцы. На тле габрэйскай дэмакратыі, калі ў парлямэнце засядаюць прадстаўнікі двух дзясяткаў партый, Беларусь сапраўды выглядае аазысам стабільнасьці... Пасьля страйкаў прыбіральшчыкаў сьмецьця, калі Тэль-Авіў робіцца падобным на кляаку, імігрантаў вабіць чысьціня менскіх праспэктаў. Памятаюць і пра тое, што калісьці на «Славянскім базары» ў Віцебску перамог ізраільцянін.

Яшчэ ўлетку 2000 г. буйны функцыянэр партыі «Наш дом Ізраіль» казаў мне ў прыватнай гутарцы: «Ізраілю патрэбны такі лідэр, як ваш Лукашэнка». Гэтак, відаць, мяркуе і кіраўнік «Нашага дому», ураджэнец Малдовы Авігдор Ліберман, які досыць часта наведваў Беларусь у другой палове 1990-х. Апошні ягоны візыт датуецца кастрычнікам 2001 г. Суправаджаўся ён шматлікімі заявамі аб міжпарлямэнцкім сяброўстве.

Прагназаваны посьпех правых на чале з Шаронам на выбарах у Кнэсэт 28 студзеня можа ўзмацніць аўтарытарныя тэндэнцыі ў ізраільскай палітыцы. Сп.Ліберман, былы міністар інфраструктураў, вядомы, між іншага, прагай да выкрываньня карупцыі, мае ўсе шанцы зноў увайсьці ў кааліцыйны ўрад ад блёку «ястрабаў» «Нацыянальнае адзінства». Ці здолее ён выканаць сваю праграму (прыняцьце Канстытуцыі, наданьне дадатковых паўнамоцтваў прэзыдэнту Ізраіля і органам выканаўчай улады, утварэньне Рады Бясьпекі), пакажа час. У любым выпадку, колішні жарт «Вожыка» аб беларуска-расейска-ізраільскім хаўрусе, абумоўленым хваляй эміграцыі, ужо не падаецца толькі жартам.

Вольф Рубінчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0