У іншых краінах такі таленавіты род, як Гарэцкія, быў бы неяк асабліва ўшанаваны. Выдатная пяюха Афрасіньня Гарэцкая; яе сыны — клясык беларускае літаратуры Максім і самы малады беларускі акадэмік Гаўрыла; яе ўнукі — сябар-карэспандэнт Расейскае акадэміі адукацыі, галоўны рэдактар расейскага часопісу «Начальная школа» Ўсяслаў Гарэцкі і геоляг, правадзейны сябар Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі і Расейскае акадэміі навук Радзім Гарэцкі...

Улада ўвесь час імкнецца давесьці, што галоўнае — ня талент чалавека, не ягоная праца, а яна, улада, яе патрэбы ды бачаньні. У выпадку з Максімам і Гаўрылам Гарэцкім гэтая ўлада памылілася: сыны Івана й Афрасіньні Гарэцкіх нават перад тварам сьмерці не зламаліся й нікога не абгаварылі. А Гаўрылу двойчы давялося пачуць сьмяротны прысуд...

Спрабуючы тлумачыць фэномэн высокае маральнасьці братоў Гарэцкіх, я бачу яго прычыну ў тым, што, пайшоўшы ў сьвет, у навуку, яны вынесьлі ў сваіх душах матчына глыбока хрысьціянскае веданьне таго, што ёсьць дабро і зло. Ня дзіва, што ў братоў Гарэцкіх былі таленавітыя ў сваёй жаноцкасьці жонкі. Верныя сваім абраньнікам, Леаніла Чарняўская-Гарэцкая і Ларыса Парфяновіч-Гарэцкая выхавалі ў дзецях тое, што цяпер называецца вернасьцю караням. Мы ведаем, колькі працы ўклала ў выданьне твораў свайго бацькі Галіна Гарэцкая. Цяпер мы бачым том твораў Гаўрылы Гарэцкага, пра выданьне якога парупіліся ягоныя сыны Радзім і Ўсяслаў, а таксама ўнук Кірыла.

Цікава параўнаць лісты двух мужоў, двух бацькаў Гарэцкіх — да сваіх жонак і дзяцей. Максім звычайна пісаў агульныя лісты да жонкі і дзяцей і таму быў стрыманы ў выяўленьні пачуцьцяў да Л.Чарняўскай. Акадэмік жа, які пісаў пераважна да жонкі, у сваіх лістах і ў 70 год заставаўся малады.

Да разуменьня асобы Г.Гарэцкага нямала дадаюць ягоныя артыкулы і ўспаміны «пра літаратуру і пісьменьнікаў», у тым ліку пра Якуба Коласа і Ўладзімера Дубоўку, лісты да Коласа й Дубоўкі (апошні прысьвяціў свой першы зборнік «Строма» памяці Ганны Гарэцкае, сястры Максіма і Гаўрылы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0