23 студзеня

Антычная літаратура ў беларускіх перакладах: Старажытная Грэцыя: Хрэстаматыя / Гарадзенскі дзярж. ун-т імя Я.Купалы. — Горадня, 2002. — 226 с.

Накладам усяго 100 ас. з пазнакаю «Навучальнае выданьне» выйшаў зборнік беларускіх перакладаў антычных аўтараў. Гэткая хрэстаматыя пры большым накладзе й лепшым паліграфічным аздабленьні заняла б ганаровае месца на паліцах многіх прыватных бібліятэк. У кнізе прадстаўленыя творы Гамэра, Сапфо, Анакрэонта, Эзопа, Эсхіла, Сафокла, Арыстоталя, пераствораныя па-беларуску Б.Тарашкевічам, Л.Баршчэўскім, А.Клышкам, А.Жлуткам, Ю.Дрэйзіным. У «Акадэмкнізе» хрэстаматыя каштуе каля 6000 руб.

Барадулін Р. Збор твораў: Т. 4. Крыт. артыкулы, успаміны, літ. запісы. — Менск: Мастацкая літаратура, 2002. — 502 с.: іл.

У чацьвёрты том Збору твораў паэта ўвайшлі крытычныя артыкулы-«сподумкі», аўтабіяграфічная проза й вясёлыя абразкі з роднай Вушаччыны, а таксама «Вушацкі слава

збор» — сапраўдная скарбніца непаўторных ды дасьціпных народных словаў і «прыбабунек». З крытычных матэрыялаў паўстаюць яскравыя партрэты В.Быкава, У.Караткевіча, П.Панчанкі, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Каштуе блізу 6000 рублёў.

Крыніца: Літ.-культураляг. часопіс. — 2002. — №11—12 (17).

Апошні нумар літаратурнага часопісу за 2002 г. адкрываецца нататкамі пра… Менскую кальцавую дарогу. Пад назовам «Чым жыве маладая паэзія...» друкуецца павярхоўны й несыстэмны агляд творчасьці маладых аўтараў, які зь вялікай доляй умоўнасьці можна назваць «літаратурнай крытыкай».

У пагоню: Замалёўкі зь беларускай «натуры»: [Карыкатуры]. — Б. м., Б. г. — 68 с.

Зборнічак графічных працаў Алеся Суровага дзейнічае як выбуховая прылада. Прапанаваўшы сатырычны варыянт асэнсаваньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі, мастак яшчэ раз давёў, што сьмех — ня проста лекі ад усіх хваробаў, але й моцная зброя.

Шніп В. Выратаваньне атрутай; Рублеўская Л. Над замкавай вежай. — Маладэчна, 2003. — 128 с. — (Бібліятэка часопісу «Куфэрак Віленшчыны»; №5).

Пад адною вокладкаю аб’яднаныя дзьве паэтычныя кнігі — вершы Віктара Шніпа, напісаныя ўжо ў новым стагодзьдзі, і раней не друкаваныя творы Людмілы Рублеўскай за розныя гады. Каханьне й сьмерць, гісторыя й сучаснасьць Беларусі — асноўныя тэмы. Ілюстравала выданьне сама Л.Рублеўская. Наклад кнігі абмежаваны — 299 асобнікаў.

Яновіч С. Ня жаль пражытага / Рэд. Ю.Хмялеўскі. — Беласток, 2002. — 190 с.: іл. — (Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа». Кн. 40).

Успаміны «грамадзяніна Крынак» Сакрата Яновіча ахопліваюць 1936—2001 г. і «ад першай асобы» знаёмяць чытача зь лёсам беларуса ў Польшчы. Кніга дапоўненая фатаздымкамі й дакумэнтамі, якія сьведчаць, што аўтар атрымаў сапраўднае прызнаньне сярод польскіх ды эўрапейскіх інтэлектуалаў.

Тацяна Вабішчэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0