Дуэт «Svet&Al». Дэма-альбом, (р) 2002

[CD_Diggin'it.JPG] Калі я ўпершыню пачуў гэты дуэт, дык адразу падумаў, што гэта, відаць, у танныя беларускія ВНУ пацягнуліся студэнты з Новага Арлеану (пра гэта сьведчыла іх глыбока правінцыйнае вымаўленьне). Калі ж я пабачыў гэты дуэт сваім стомленым ад зорнага зьзяньня айчынных эстрадных ідалаў зрокам, мусіў неаднакроць зьмяніць усе лінзы: гэта былі маладыя (!), беларускія (!!), блюзавыя (!!!) музыкі, якія насамрэч ня мелі плэйбэку, а таму ігралі ўжывую, шчыра і пры гэтым — дасканала. Не, ня этна якое, ня ф’юж, а самы што ні ёсьць кандовы блюз, які выконвалі чарнаскурыя нявольнікі на баваўняных плянтацыях амэрыканскага Поўдня яшчэ ў сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя. Так, здаецца, і засьпяваў бы пад «Сьвет энд Эл»: «Мой родны блюз, як ты мне мілы!»

Ніколі раней на спрадвечна «белых» землях чуць такое сапраўды аўтэнтычнае выкананьне акустычнага дэльта-блюзу не даводзілася. Дуэт дэманструе нічым не вытлумачальнае разуменьне сутнасьці тае музыкі.

Артадоксы стылёвай чысьціні сьцьвярджаюць: сёньня выканаць нармалёва блюз у Беларусі — тое самае, што чарнаскураму жыхару дэльты Місысыпі аўтэнтычна прасьпяваць «From Monday To Monday (Little Drabnitsa)».

Тое, што робяць гэтыя хлопцы, працінае наскрозь. Калі, канечне, твае веды пра музыку не абмяжоўваюцца рэпэртуарам Кіркорава. Я назваў бы гэты дуэт найбольш яскравым і правільным адкрыцьцём году ў беларускай папулярнай музыцы.

А яшчэ на дыску ёсьць «Walkin’ Blues», запісаны з удзелам вакаліста Big Val’a. Зьявіліся чуткі, што яны пачынаюць ужо працаваць утрох, а той самы Біг Уол можа папросту адчыняць у Менску майстэрню першаснай блюзавай адукацыі для тых, хто насамрэч жадае зьведаць прыцягальнасьць сапраўднае «блакітнае» ноткі.

Адкапаны СЛУХАЧ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0