ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Зьбіты акадэмік Радзім Гарэцкі. Чарговы ў сэрыі нападаў на найбуйнейшых дзеячоў беларускай культуры і навукі. Гэтым разам ахвяра невядомых нападнікаў — Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН, чалец Расейскай акадэміі навук, сусьветна вядомы навуковец. 17 студзеня Р.Гарэцкі вяртаўся з паседжаньня нацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі. Як і ў папярэдніх выпадках, на акадэміка напалі, калі ён падыходзіў да свайго дому. Сп.Радзім атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і пералом носа. У яго кровападцёкі на руках, нагах і твары. У цяжкім стане акадэмік трапіў у аддзяленьне нэйрахірургіі 9-й менскай клінікі, дзе яму зроблена апэрацыя. Стан ягонага здароўя цяпер стабільны.

Жонка акадэміка паведаміла, што нападнікі забралі дакумэнты, партфэль і пакет з асобнікамі «Выбранага» Гаўрылы Гарэцкага, якое літаральна ў той дзень выйшла ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Злачынцы не кранулі дарагой асадкі, што ляжала ў адной кішэні з дакумэнтамі. Неразборлівыя ў трафэях рабаўнікі. Затое разборлівыя ў ахвярах: скрозь маральныя аўтарытэты, залаты фонд беларускае нацыі — Генадзь Цыхун, Артур Вольскі, Адам Мальдзіс, Радзім Гарэцкі.

Упраўленьне сьледчага камітэту Савецкага раёну распачало крымінальную справу па факце нападу. Аднак намесьнік начальніка сьледчага аддзелу Ігар Столяр адмаўляе «палітычную вэрсію». Ну, а вэрсію вар’ята-адзіночкі з шэрагаў расейскіх нэафашыстаў? Хутка ў нас не застанецца ніводнага здаровага акадэміка, а сьледзтва ні зь месца ні ў адным з выпадкаў.

Удзельнікі сходу менскай інтэлігенцыі запатрабавалі адстаўкі кіраўніцтва менскай міліцыі, якое не дае рады сваім абавязкам.

Аркадзь Шанскі

Улада супраць Гарэцкіх

У іншых краінах такі таленавіты род, як Гарэцкія, быў бы неяк асабліва ўшанаваны. Выдатная пяюха Афрасіньня Гарэцкая; яе сыны — клясык беларускае літаратуры Максім і самы малады беларускі акадэмік Гаўрыла; яе ўнукі — сябар-карэспандэнт Расейскае акадэміі адукацыі, галоўны рэдактар расейскага часопісу «Начальная школа» Ўсяслаў Гарэцкі і геоляг, правадзейны сябар Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі і Расейскае акадэміі навук Радзім Гарэцкі...

Улада ўвесь час імкнецца давесьці, што галоўнае — ня талент чалавека, не ягоная праца, а яна, улада, яе патрэбы ды бачаньні. У выпадку з Максімам і Гаўрылам Гарэцкім гэтая ўлада памылілася: сыны Івана й Афрасіньні Гарэцкіх нават перад тварам сьмерці не зламаліся й нікога не абгаварылі. А Гаўрылу двойчы давялося пачуць сьмяротны прысуд...

Спрабуючы тлумачыць фэномэн высокае маральнасьці братоў Гарэцкіх, я бачу яго прычыну ў тым, што, пайшоўшы ў сьвет, у навуку, яны вынесьлі ў сваіх душах матчына глыбока хрысьціянскае веданьне таго, што ёсьць дабро і зло. Ня дзіва, што ў братоў Гарэцкіх былі таленавітыя ў сваёй жаноцкасьці жонкі. Верныя сваім абраньнікам, Леаніла Чарняўская-Гарэцкая і Ларыса Парфяновіч-Гарэцкая выхавалі ў дзецях тое, што цяпер называецца вернасьцю караням. Мы ведаем, колькі працы ўклала ў выданьне твораў свайго бацькі Галіна Гарэцкая. Цяпер мы бачым том твораў Гаўрылы Гарэцкага, пра выданьне якога парупіліся ягоныя сыны Радзім і Ўсяслаў, а таксама ўнук Кірыла.

Цікава параўнаць лісты двух мужоў, двух бацькаў Гарэцкіх — да сваіх жонак і дзяцей. Максім звычайна пісаў агульныя лісты да жонкі і дзяцей і таму быў стрыманы ў выяўленьні пачуцьцяў да Л.Чарняўскай. Акадэмік жа, які пісаў пераважна да жонкі, у сваіх лістах і ў 70 год заставаўся малады.

Да разуменьня асобы Г.Гарэцкага нямала дадаюць ягоныя артыкулы і ўспаміны «пра літаратуру і пісьменьнікаў», у тым ліку пра Якуба Коласа і Ўладзімера Дубоўку, лісты да Коласа й Дубоўкі (апошні прысьвяціў свой першы зборнік «Строма» памяці Ганны Гарэцкае, сястры Максіма і Гаўрылы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0