Пра геніяльнасьць Мулявіна апошнімі днямі гаварылі ўсе. Генадзь Бураўкін, аўтар тэкстаў для «Песьняроў», канстатуе: «Акрамя музыкі для яго нічога не існавала. Можа быць, таму ён у побыце, у стасунках выглядаў для іншых крыху дзіўнаватым. Ён быў простым, шчырым, даверлівым, у нечым нават наіўным. Вядома, адчувалася, што раскрывае ён ня ўсё, нешта трымае пры сабе. Аднак да таго, што было зьвязана з музыкай і паэзіяй, ён адразу ішоў насустрач».

Лявон Барткевіч кажа, што гэты мулявінскі талент спалучаўся зь вялікай працавітасьцю: «У яго быў вельмі дакладны густ і вялікая патрабавальнасьць. Ён быў незадаволены тым, што зрабіў, нават тады, калі нам усім здавалася, што лепей і быць ня можа».

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Леанід Пранчак, якому давялося пазнаёміцца з кіраўніком «Песьняроў» у 1995 г. падчас пералёту ў Амэрыку, згадвае: «Мы ўсю дарогу прагаварылі. Я пытаўся, як ён, не беларус, здолеў так адчуць нашую нацыянальную душу. І ён адказаў, што яму вельмі спадабалася нашая музыка. Ён знайшоў у ёй тое, чаго няма ў іншых. Беларусу гэта цяжэй адчуць, бо ён у гэтым існуе. А тут быў погляд збоку. І Мулявін пабачыў у гэтым магчымасьць посьпеху — у нечым нават камэрцыйнага».

Мікола Пучынскі, першы гукарэжысэр «Лявонаў»: «Улетку 1968 г. сьпявачка Нэлі Багуслаўская выяжджала на гастролі, і пры ёй склаўся калектыў музыкаў. Яны добра сыграліся, а ўвосень сышлі ад яе ўсім складам у менскую філярмонію. Там тады існавала рэвю «Лявоніха» (нешта кшталту м’юзык-холу). Мулявін сказаў: мы пераходзім, але хочам мець свае асобныя нумары ў гэтым рэвю. Так калектыў музыкаў стаў звацца «Лявонамі» — ад назвы «Лявоніха». Потым «Лявоны» выдзеліліся ў асобны вакальна-інструмэнтальны ансамбль. І надарылася магчымасьць паехаць выступіць на ўсесаюзным конкурсе. Але зь Міністэрства культуры запярэчылі: назва «Лявоны» гучыць — нібы «дурні». Альбо шукайце іншую, альбо не паедзеце!

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Усе доўга думалі, шукалі варыянты. І бас-гітарыст Лявон Тышко пайшоў у бібліятэку, сядзеў там два дні. Прыходзіць да нас і кажа: «Нічога лепшага не знайшоў, як назвацца «Песьнярамі». На гэтым і пагадзіліся».

Зьяўленьне ў 1967—68 г. «Лявонаў» (з 1 верасьня 1969 г. яны сталі «Песьнярамі») было проста выбухам у беларускай прасторы. Станіслаў Шушкевіч з хваляваньнем прыгадаў сваё першае ўражаньне: «Такога дагэтуль не было. Існавала такое ўяўленьне пра беларускія народныя песьні: гэта сьпяваюць калгасныя бабкі, часта яшчэ і бяззубыя. А тут — усё па-новаму… Я і сам сьпярша не зразумеў гэтай музыкі, мне ня дужа спадабалася такое выкананьне песьні «Касіў Ясь канюшыну».

А ў бальшыні беларусаў нават не ўзьнікала думкі, што чалавек, які так выдатна сьпявае народныя песьні, нарадзіўся ў Сьвярдлоўску! Гэтаму спрыяў імідж — вусаты шляхціч-сармат. «Погляд збоку» дазволіў яму выявіць у беларускай культуры самае «канвэртабэльнае», самае прывабнае. Камэрцыйнае. Ён быў геніяльны камэрцыйны пясьняр у краіне з геніяльным, але пераважна некамэрцыйным мастацтвам.

«Песьняры» шмат у чым былі прадстаўнікамі «дэкаратыўнай беларушчыны». Мастак Аляксей Марачкін казаў пра У.Мулявіна: «Гэта чалавек велізарнага таленту. Але ягонай творчасьці перашкаджаў канфармізм. Хто сёньня памятае тыя песьні на вершы Маякоўскага, на ваенную тэматыку? А вось «Александрыну», «Мой родны кут» памятаюць і сьпяваюць. Аднак толькі ў кепскага мастака заўсёды ўсё добра. А ў добрага мастака бываюць і выдатныя рэчы, і правалы».

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Сваіх дзяцей (ад другога шлюбу зь Сьвятланай Пенкінай) У.Мулявін аддаў у адзіны ў Менску беларускамоўны садок, дзе кіравала тады Галіна Прыма. І гэта — не зважаючы ні на тое, што побач з домам быў расейскамоўны, ні на тое, што сярэдзіна 80-х была ня самым лепшым часам. Л.Пранчак згадвае, што большасьць песень на Купалавы творы У.Мулявін напісаў, трымаючы ў руках... мюнхенскі зборнік «Спадчына». Быў у бібліятэцы сьпевака і хрысьціянскі сьпеўнік «Голас душы».

«Дэкаратыўная беларушчына» пад узьдзеяньнем мулявінскага таленту рабілася сапраўднай, непадманнай. Менавіта гэтая шчырасьць прываблівала да сябе. Данчык на радыё «Свабода» згадвае першы прыезд «Песьняроў» у Амэрыку: «Я адразу захацеў сьпяваць менавіта вось тыя песьні, што «Песьняры» выконвалі».

Паэт Леанід Дранько-Майсюк характарызуе У.Мулявіна як рэнэсансавую постаць: «У маім разуменьні рэнэсансны чалавек — гэта той, які ўмее ўсё рабіць у сваёй прасторы. Выдатны вакаліст, музыкант, цудоўны кампазытар».

Г.Бураўкін суадносіць стваральніка «Песьняроў» з клясыкамі песеннага мастацтва: «Для мастацтва народнай песьні шмат зрабіў Генадзь Цітовіч, для харавога мастацтва — Рыгор Шырма. У гэты шэраг я б паставіў і Ўладзімера Мулявіна».

Над труною гучалі ягоныя песьні. Чутыя-перачутыя. На партрэце — вусач. Трохі ад шляхціча, трохі ад Шаўчэнкі. Мулявін, частачка ХХ стагодзьдзя.

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0