Аўтар гэтай папулярнай джазавай тэмы невядомы. Скрозь так і пішацца: trad. То бок — народная. Такі лёс нешчасьлівы: мэлёдыя засталася жыць, а імя аўтара зьнікла. Уладзімеру Мулявіну гэта не пагражае: памяць трывала замацуе ягонае імя і ўсе песьні, напісаныя зь ягонага жаданьня і пры ягоным удзеле. Няхай нават ён асабіста і ня быў аўтарам музыкі большасьці зь іх. Амэн!

І на гэтым можна было б скончыць.

Калі б у маім жыцьці гэты Музыкант не займаў столькі месца. Цяпер, калі яго няма, мяне апанавала адчуваньне, што ён быў заўсёды. Быццам зь дзяцінства памятаю школу, першую настаўніцу, няньку, каток вакол помніка Сталіну і — Мулявіна. Хоць ён прыйшоў пазьней. Толя Кашапараў быў суседам па пад’езьдзе. Звычайны хлопец. І раптам — зрабіўся адным зь Іх. Не заганарыўся, не зьмяніўся, толькі што бачыць мы яго ў двары амаль перасталі. Бо ўжо тады «Песьняры» зьбіралі поўныя палацы спорту, імя Мулявіна вымаўлялася ў Менску поруч з імёнамі Джагера, Ленана, Гендрыкса. Але тыя былі за жалезнай заслонай, а гэтага можна было падпільнаваць проста пад Філярмоніяй. І, калі хапала нахабства, папрасіць у яго на памяць які мэдыятар. Мулявін не адмаўляў. Першую іншамарку ў Менск прывёз Віктар Вуячыч, а людзі Мулявіна тады ўсё заробленае ўкладалі ў апаратуру. І мелі найлепшыя «Іёнікі», і клявішы «Фарфіса» ў іх зьявіліся ці ня першыя ў Саюзе, і канцэртны «Дынакорд» заўсёды быў самы новы. Дзеля гэтага Мулявін мог і пехам па горадзе хадзіць...

Нешта закінула мяне ўвосень 1970 г. у Ленінград. А я ведаў ужо, што «Песьняры» запісалі «гігант» і тыражавалі яго ў тым ліку на заводзе ў гэтым горадзе. Дзень я лётаў па крамах, аж нарэшце ў адной зь іх мне з-пад прылаўку прадалі зайграны ўжо вініл за тры рублі. А каштаваў ён амаль удвая менш. Я гэты дыск трымаю ў калекцыі і ніколі ўжо нікому не прадам. Ні за якія грошы!

У 1978 г. я апынуўся ў Бійску, куды на чале з рэжысэрам-апэратарам Анатолем Забалоцкім мы прыехалі здымаць фільм пра маці Васіля Шукшына. Вячэра ў мясцовым рэстаране, грузінская кухня, заля гуляе! Мясцовыя лабухі для «хворых» выконваюць «Александрыну». На беларускай мове зь неверагодным акцэнтам! Яны сьпявалі «Песьняроў» па-беларуску, як сьпявалі па-ангельску «Бітлз». Толькі што «Бітлз» прагучалі двойчы, а «Александрына» — аж пяць разоў!

І яшчэ адзін канцэрт запомніўся мне назаўсёды. Год 1997, Купалаўскі сквэр, акцыя з нагоды выданьня першага ў гісторыі постсавецкай прасторы трыб’юту. Праект «Песьнярок» — ці не найбольш геніяльная прыдумка ў гісторыі беларускай папулярнай музыкі. «Песьняры» прыехалі на пляцоўку выканаць пару-тройку «адчэпных» песень. Але публіка іх вітала так, што яны адпрацавалі з гадзіну, і маладыя рокеры пераканаліся, што гэтыя — па-ранейшаму могуць.

А «Рок-каранацыя», якую «Песьняры» разам з «Нэйра Дзюбэлем» закрывалі «Вологдой»? Вы проста былі разгубленыя ад таго, што вас, дыназаўраў, помняць, складаюць, як да помніка, кветкі, што маладыя рокеры лічаць вас сваімі!

А ўсё таму, што праз гады Вашая музыка была мостам, які злучаў савецкую традыцыю з музыкай, якую вам хацелася выконваць. Ад вас настойліва патрабавалі крочыць па тым мосьце ў нагу з усім чыноўніцкім апаратам, аднак Вы выдатна разумелі, што маршыраваць на мосьце не дазволена нават сьвятым. І працягвалі ісьці ўласным крокам, уласным шляхам.

І яшчэ адзін канцэрт памятаю. Калі толькі што абраны першы прэзыдэнт краіны прыйшоў сказаць Вам колькі слоў. Два ахоўнікі на ўвесь Палац спорту, ніхто нікога з-за кулісаў не выганяў. Але ж гэта ён прыйшоў далучыцца да Вашай, спадар Уладзімер, папулярнасьці. І такой, якую мелі Вы, не атрымаў ніколі. Дык хто ж насамрэч Бацька? Той, хто нарадзіўся ў Расеі і столькі зрабіў для беларускай культуры, ці той, хто нарадзіўся ў Беларусі, а мовы роднай цураецца, як янычар — роднай маці?

Зрэшты, і тут былі такія, якія ніколі не лічылі Ваш ансамбль беларускім, дзялілі яго жыўцом на «нашых» і «ня нашых». Вы назіралі за гэтым неяк з вышыні, бо галоўнае ў сваім жыцьці ўжо зрабілі.

Усе мы рана ці позна сустрэнемся зь Вечнасьцю. Там, дзе адно сьвятым дазволена маршыраваць. Бо калі крочаць сьвятыя, іншыя — маўчаць! І большасьць з нас застануцца стаяць паабапал дарогі, якой Вы будзеце ісьці ўпэўнена, сьмела гледзячы ў вочы тым, каму крочыць разам з Вамі не выпадае, не дазволена. І дзяліць нічога нам ужо ня трэба будзе.

І я асабіста буду рады, калі там, у вечным спакоі, Вы проста прыязна падміргняце мне, як чалавек, якога я лічу Бацькам той музыкі, што паважаю і люблю.

Дзьмітры Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0