Прызначэньне Юр’я Сівакова міністрам спорту і турызму зноў абудзіла інтарэс да яго. Чуюцца чарговыя абвінавачаньні ў ягоны адрас. Генэралу закідаюць стварэньне ў Беларусі «эскадронаў сьмерці». Ён гэта адмаўляе, кажа толькі, што насамрэч «усё ляжыць на паверхні».

Асоба былога камандуючага ўнутранымі войскамі й міністра ўнутраных справаў Сівакова пасьля шэрагу публікацый у незалежнай прэсе асацыюецца са зьнікненьнем беларускіх апазыцыйных палітыкаў у 1999 г. Паводле інфармацыі, надрукаванай у «Белорусской деловой газете», пры канцы 2000-га старшыня КДБ і генпракурор прасілі ў прэзыдэнта краіны санкцыю на арышт ня толькі Шэймана, але й Сівакова.

Пазьней генэрал праходзіў як сьведка па справе зьнікненьняў, ды, паводле словаў адваката Гары Паганяйлы, адмаўляў сваё дачыненьне да яе альбо спасылаўся на слабую памяць. Сам Ю.Сівакоў у інтэрвію «Народнай волі» кажа, што гэтыя абвінавачаньні ня будуць яму перашкаджаць працаваць на новай пасадзе, а газэтныя публікацыі ён ня хоча камэнтаваць, бо «тут усё ляжыць на паверхні». «Разумны чалавек і так усё зразумее», — падводзіць рысу пад пытаньнем Сівакоў.

І сапраўды, сытуацыя зразумелая. Ёсьць асоба, якая шмат ведае і пра якую ведаюць нямала. Чалавек, лёс якога залежыць ад капрызаў улады (аднак і ўлада баіцца, што ён можа загаварыць) і які ёй клянецца ў сваёй адданасьці. Ня дзіва, што ён пагаджаецца на любы ўчастак працы, які толькі яму ні прапануюць. Але ня можа схаваць і пакуты, якую многія заўважылі на твары генэрала, калі той «прымаў» новую пасаду.

Яшчэ ўлада спрабуе выкарыстаць імідж Сівакова для выкараненьня вальнадумства ў шэрагах беларускага спартовага чынавенства. У сьнежні 2002 г., падчас скандальнай справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі Беларускай фэдэрацыі футболу, на якой прысутнічаў і Лукашэнка, высьветлілася, што ня ўсе чыноўнікі згодныя безаглядна выконваць загады кіраўніцтва краіны. Прэзыдэнт БФФ Рыгор Фёдараў не пабаяўся супраціўляцца сваёй адстаўцы на карысьць кіраўніка грознай структуры — Рады бясьпекі. А неўзабаве Фёдараў адмовіўся балятавацца на пасаду прэзыдэнта БФФ на наступны тэрмін. Цяпер вось пазбыўся пасады міністра спорту і турызму Яўген Ворсін. А над беларускім спортам зьявіўся цень генэрала Сівакова.

Аднак ня толькі барацьбой з вальнадумствам будзе займацца Ю.Сівакоў на пасадзе міністра спорту і турызму. Сёньня ў спорце і каля спорту круцяцца вялікія грошы, гэта прыбытковы бізнэс. Ня дзіўна, што беларускія сілавікі ўжо даўно ачолілі асноўныя фэдэрацыі па гульнявых відах спорту (згадайма «біятляніста» Ерына). Задача Сівакова — каардынаваць іх дзейнасьць і папаўняць, пры патрэбе, дзяржаўную скарбонку.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0