Даклады Ганса Блікса і Мухамада аль-Барадэя аб выніках інспэкцый ААН у Іраку не пераканалі ЗША — прыхільнікаў сілавога раззбраеньня Багдаду. Аднак супраць ваеннага вырашэньня «праблемы Садама» выступаюць Расея, Нямеччына, Францыя, Кітай. Прэзыдэнт Буш паўтарае, што рашэньне ў справе Іраку яшчэ не прынятае.

МАПА ІРАКУ
МАПА ІРАКУ
Яму можна верыць. Такое рашэньне можа быць падпісанае нават за пару гадзінаў да пачатку налётаў. Тым часам у Іраку і ў сьвеце спрабуюць здагадацца, як будзе выглядаць вайна. Сыходзяцца на тым, што гэта зноў будзе сапраўдны спэктакль высокіх тэхналёгій у жывой трансьляцыі. Інфармацыя суседзіць з дэзінфармацыяй. Канчатковы сцэнар высьвятляецца гэтымі днямі.

Вашынгтонскія аптымісты мяркуюць, што войска багдадзкага тырана доўга змагацца ня будзе. У першую вайну Ірак супраціўляўся толькі чатыры дні. Пасьля салдаты пачалі здавацца ўсім, хто трапляўся пад руку, нават італьянскім журналістам.

Крыві найхутчэй будзе няшмат. Пэнтагон не разьлічвае на працяглую кампанію. Варта прыгадаць, як амэрыканскі прэзыдэнт Клінтан адправіў баявую авіяцыю на падтрымку курдзкіх паўстанцаў — тыя не вытрымлівалі націску Садама. Але як толькі самалёты загулі над акопамі, ірацкая армія ўцякла, а 138 салдатаў здаліся курдам.

Цяпер 300-тысячная армія Садама яшчэ больш дэмаралізаваная. Прыкладна кожны дзясяты прызыўнік ухіляецца ад службы, хоць за дэзэрцірства ў Іраку караюць сьмерцю. Ёсьць яшчэ 80-тысячная Рэспубліканская гвардыя, але нават ёй, на думку ЦРУ, Хусэйн ня верыць і цалкам пакладаецца хіба на пятнаццацітысячную Спэцыяльную рэспубліканскую гвардыю.

Дарадца Пэнтагону Рычард Пэрл лічыць, што дыктатара «ўрэшце скінуць ягоныя ж людзі».

Думка, што апэрацыю можна правесьці малой крывёю, знайшла падтрымку сярод цывільных, якія кіруюць амэрыканскім вайсковым ведамствам. Міністар Рамсфэльд спачатку зьбіраўся паслаць у Пэрсыдзкую затоку толькі 75 тыс. жаўнераў. Уварваньне плянавалася зьвесьці да двух галоўных удараў і аднаго дапаможнага. З Кувэйту мусілі пачаць наступ дзьве цяжкаўзброеныя амэрыканскія дывізіі й брытанская брыгада — агульнай колькасьцю каля 50 тыс. жаўнераў. З падтрымкай авіяцыі групоўка павінна максымальна хутка прабіцца да Багдаду. У пустыні ля ірацкай сталіцы Рамсфэльд меркаваў высадзіць 20-тысячны дэсант лёгкаўзброенай пяхоты для падтрымкі паўстаньня насельніцтва Багдаду. Мільёны шыітаў і курдаў чакаюць толькі сыгналу, каб скінуць тыранію. А тым часам на падмогу мусіла б падысьці 50-тысячная групоўка. Дапаможны ўдар — высадка марской пяхоты ў Басры, галоўным порце Іраку.

Бліцкрыг Рамсфэльда

Гэткі плян супярэчыць амэрыканскай традыцыі магутных павольных наступаў з адначасовым зьнішчэньнем праціўніка артылерыйска-ракетным агнём. Тэхналягічныя й тактычныя перавагі Амэрыкі, кажа міністар, гарантуюць перамогу нават зь невялікай колькасьцю жаўнераў. «Калі немцы вынайшлі «бліцкрыг», дык спачатку мадэрнізавалі толькі 10—15% сваіх узброеных сілаў. І ўсё адно посьпех быў забясьпечаны дзякуючы ўзаемадзеяньню авіяцыі і бранятанкавых войскаў, новай тактыцы й канцэнтрацыі сілаў». Міністар спасылаўся таксама на сьвежы аўганскі досьвед.

Але вайскоўцы-прафэсіяналы запратэставалі. Генэралы ня маюць нічога супраць мадэрнізацыі. Але ці варта так рызыкаваць салдатамі? Хіба вайна будзе ўжо менш сучаснай, калі жаўнераў будзе больш? Каштаваць гэта будзе болей, затое і перамога будзе гарантаваная.

Рамсфэльда генэралы ня любяць. Ён, на іхную думку, занадта лёгка крыўдзіць іншых і ня слухае нічыіх парадаў, асабліва з боку прафэсійных ваякаў. Ён верыць толькі вузкаму праверанаму колу цывільных экспэртаў. Генэралы грэбліва называюць іх «chicken hawks» — «курыцападобныя ястрабы».

Спачатку генэралы проста бурчэлі. А перад Калядамі камандарм Эрык Шынсэкі адкрыта раскрытыкаваў пляны ўварваньня. Генэралы патрабуюць паслаць у Ірак значна большыя сілы. Замест дзьвюх ударных груповак яны прапанавалі стварыць сама меней чатыры і выкарыстаць усю марскую пяхоту, якая ёсьць.

Рамсфэльд адхіліў «генэральскі» варыянт, але крыху ўсё ж саступіў. Ён пагаджаецца атакаваць «пераважнымі сіламі». Генэралы атрымаюць свае 250 тыс. жаўнераў замест міністравых 75 тыс. Але не для бою, а для дэманстрацыі сілы. У атацы возьмуць удзел параўнальна няшмат войскаў. Рэшта будзе ў рэзэрве.

Крытыкі называюць такі сцэнар «праектам катастрофы». Так заявіў Кенэт Полак, экспэрт «Brookings Institution». Павольнае павелічэньне колькасьці войскаў выклікае ў Амэрыцы малапрыемную згадку пра Віетнам.

Патройны ўдар

Пэнтагон разгортвае больш войскаў яшчэ й таму, што Амэрыка знайшла мала хаўрусьнікаў. Саудаўская Арабія і Турэччына далі ЗША толькі права карыстацца іхнай паветранай прасторай ды аэрадромамі. А трэба ж некім «закрыць» паўночны фронт.

Цяпер сухаземныя войскі ЗША могуць дзейнічаць толькі з Кувэйту. Таму стратэгі зьвяртаюцца да «кандагарскай мадэлі». У аўганскім Кандагары амэрыканцы высадзіліся, яшчэ калі Талібан кантраляваў усю краіну.

Ірацкая вайна мае пачацца з кароткіх інтэнсіўных бамбёжак. Пасьля амэрыканскія і брытанскія дэсантнікі павінны захапіць пляцдармы, куды потым прыбудуць асноўныя войскі.

Тым часам сухаземныя войскі ЗША мусяць захапіць поўдзень Іраку і накіравацца на Багдад. Гэта зробіць «клясычная» цяжкаўзброеная вайсковая групоўка. Яе дзеяньні павінны натхніць на паўстаньне паўднёваірацкіх шыітаў.

Парашутысты павінны захапіць паўднёвыя нафтавыя радовішчы і ня даць войскам багдадзкага рэжыму іх падпаліць. Марская пяхота высадзіцца ў Басры і захопіць ірацка-іранскае памежжа, каб шыіцкі Іран пад маркай дапамогі адзінаверцам ня ўвёў войскаў на ірацкі Поўдзень.

Курды могуць узяць пад кантроль поўнач зь яе нафтавымі радовішчамі вакол Кіркуку й Масулу. Трэцім раёнам высадкі павінна стаць радзіма Садама —Тыкрыт. Тут разьмешчаны штаб таемнай паліцыі. Менавіта яна, на думку амэрыканскіх экспэртаў, займаецца распрацоўкай зброі масавага зьнішчэньня (ЗМЗ).

Бітва за Багдад

Ірацкае войска, памятаючы ўрокі 1991 г., наўрад ці будзе бараніць кожную цалю сваёй тэрыторыі, а засяродзіцца вакол сталіцы. ЦРУ паведамляе, што верныя Садаму аддзелы ўжо акопваюцца наўкола Багдаду, каб весьці партызанскую вайну ў пяцімільённым горадзе. Гэта непакоіць Пэнтагон.

Калі войскам ЗША давядзецца адваёўваць квартал за кварталам, вуліцу за вуліцай, дом за домам, «у нас будуць вялікія страты, будзе мноства ахвяраў сярод насельніцтва плюс карцінка на «Аль-Джазыры» яўна не на нашую карысьць», — мяркуе генэрал Энтані Зыні, пасланьнік ЗША на Блізкім Усходзе.

Часапіс «National Review» лічыць верагодным «сцэнар Bagrad» — Сталінград для амэрыканцаў. На выклікі такога кшталту ЗША адрэагавалі летась зьменай сваёй дактрыны вайны ў гарадох. Замест авіяналётаў цяпер рэкамэндуецца выкарыстоўваць высокадакладную зброю. ЗША хочуць, каб іх успрымалі як вызваліцеляў, якія зрынаюць дыктатуру.

Апэрацыі папярэднічае «назіраньне на многіх вымярэньнях». Гэтая фаза даўно пачалася: ідэнтыфікуюцца бункеры кіраўніцтва, таемнай паліцыі, пазыцыі супрацьпаветранай абароны, спэцыяльнай рэспубліканскай гвардыі. У замежных фірмаў просяць пляны Садамавых палацаў.

Бітва за Багдад калі і пачнецца, дык толькі з задачай захапіць некаторыя вуліцы і нешматлікія стратэгічныя будынкі. Гэтаму павінны паспрыяць хуткасьць, канцэнтраваны агонь і нечаканасьць. Авіяцыя падтрымае сваіх зьнішчэньнем асобных будынкаў. Баі будуць ісьці ноччу. У цемры амэрыканцы могуць скарыстаць зь перавагаў сваёй оптыкі і цепладатчыкаў.

Авіяцыя вырашае ўсё

Ці дойдзе да бітвы за Багдад — залежыць ад настрояў у ірацкім войску. Авіяцыя можа вырашыць зыход вайны раней. Ужо першыя налёты павінны паказваць, што бомбы прызначаныя не для насельніцтва, а для кіраўніцтва. У адрозьненьне ад налётаў на Сэрбію ў 1999 г., «ірацкі» плян не прадугледжвае разбурэньня інфраструктуры: мастоў, чыгунак ці заводаў. Ацалее нават рэгулярнае войска — калі ня выйдзе на баявыя пазыцыі.

У вайсковай гісторыі не было краіны, што абапіралася б на авіяцыю больш, чым сёньняшняя Амэрыка. Сёньня ўжо не авіяцыя падтрымлівае сухаземныя войскі, але пяхота дапамагае авіяцыі. Гэта вынік тэхналягічнай рэвалюцыі, што пачалася з вынаходзтва атамнай бомбы, а ў 1980-х вылілася ў сапраўдную трансфармацыю тактыкі й стратэгіі.

У часе першай вайны ў Затоцы ў 1991 г. доля высокадакладнай зброі складала 9%, у Косаўскай вайне — 30%, у Аўганістане яе ўдзельная вага дасягнула 60%. Эмблемай гэтай вайны зьяўляецца салдат спэцназу з спадарожнікавым тэлефонам і ноўтбукам. Ён перадае каардынаты цэлі ў бартавы кампутар бамбавіка.

Некаторым вайскоўцам гэта падабаецца. Такім чынам, мяркуе Рычард Геліён з аўстралійскага «War Powers Centre», вайна робіцца больш гуманнай. Зьмяншаецца колькасьць ахвяраў зь ліку мірнага насельніцтва. Цяпер ня ставіцца задача зьнішчэньня праціўніка. Патрабуецца «ўзяць яго пад кантроль». Праўда, памылкі пакуль ня выключаныя. Так, у Аўганістане пад высокадакладныя бомбы трапіў вясельны паязд.

Дзякуючы падвышэньню дакладнасьці авіяцыя можа зьменшыць колькасьць сваіх самалётаў. Да таго ж больш няма ніякіх праблемаў з дазапраўкай у паветры. Таму бамбавікі B-52 могуць вылятаць са сваёй базы Дыега-Гарсія ў Індыйскім акіяне. А «нябачныя» самалёты B-2 будуць вылятаць з базы ў штаце Miсуры. Aмэрыка, такім чынам, цяпер здольная праводзіць ваенныя акцыі па ўсім сьвеце амаль без хаўрусьнікаў.

Лёгкая перамога пагражае зрабіць вайну не апошнім сродкам вашынгтонскай палітыкі. Калі ў выніку вайны забітых усё менш, можна весьці больш войнаў. З мандатам ААН ці безь яго.

Прыкрыць Ізраіль

Асобны аб’ект амэрыканскага клопату — Ізраіль. Падчас вайны 1991 г. Садам абстрэльваў Тэль-Авіў ракетамі «Скад» і гатовы рабіць гэта зноў. Багдад хоча пашырэньня канфлікту. Калі Ізраіль адкажа на ірацкі абстрэл, у канфлікт могуць уцягнуцца некаторыя арабскія краіны.

У 1991 амэрыканцы стрымалі Ізраіль ад адказу. Але гэтым разам Садам можа напхнуць «ракеты для Ізраілю» хімічным ці бактэрыялягічным начыньнем, і тады Тэль-Авіў адкажа ўдарам на ўдар.

Праўда, у Садама няма ракетаў сярэдняй далёкасьці, бо ён мусіў іх зьнішчыць пасьля замірэньня. Але, як паведамляюць спэцслужбы, ён мадэрнізаваў ракеты малой далёкасьці. Цяпер яны могуць даляцець да ізраільскай тэрыторыі.

Таму амэрыканская стратэгія прадугледжвае і максымальна хуткі захоп заходняй часткі Іраку ці разбурэньне разьмешчаных там ракетных базаў.

Бактэрыі спаляць

Посьпех апэрацыі залежыць і ад прапаганды. Яе ЗША ўжо пачалі. Кожны ірацкі афіцэр, які мае дачыненьне да зброі масавага зьнішчэньня, мусіць ведаць, што пасьля вайны яго чакае суд. На думку амэрыканцаў, гэта павінна стрымаць многіх вайскоўцаў ад выкананьня злачынных загадаў.

У Вашынгтоне ўжо зьявіліся пяць ірацкіх генэралаў-дэзэрціраў, што прасілі не пазбаўляць ірацкае войска выбару й будучыні. На іх думку, пачатак вайны падштурхне ірацкіх афіцэраў да непадпарадкаваньня, уцёкаў ці перавароту.

Скідаючы Садама Хусэйна, ЗША мусяць паралельна памятаць пра зброю масавага зьнішчэньня. Кожны амэрыканскі жаўнер мае асабісты ахоўны касьцюм. Такога не было падчас вайны 1991 г. Тады Садама папярэдзілі: насьмелішся ўжыць бактэрыялягічную ці хімічную зброю — страціш усё. Калі не — ЗША абмяжуюцца вызваленьнем Кувэйту. Хусэйн зьмірыўся.

Сёньня становішча іншае. Мішэнь — сам дыктатар. У кастрычніку кіраўнік ЦРУ Джордж Тэнэт, зьвяртаючыся да Кангрэсу, адзначыў: «Садам у адчаі лёгка выкарыстае бактэрыялягічную й хімічную зброю, бо лічыць гэта апошнім шанцам адпомсьціць».

Такая ацэнка галоўнага выведніка мала даспадобы як «галубам», так і «ястрабам» у Вашынгтоне. «Галубам» — бо высьвятляецца, што тыран больш небясьпечны, чым яны лічылі. «Каршунам» — бо прапанаваны імі напад пачынае нагадваць «расейскую рулетку».

Амэрыканцам трэба своечасова зьнішчыць зброю, якую марна шукаюць інспэктары ААН. Посьпех справы цалкам залежыць ад высокатэхналягічных сродкаў шпіянажу. Але нават калі ЗША здабудуць неабходную інфармацыю, праблема застаецца. Бамбаваньне аб’ектаў, дзе знаходзіцца ЗМЗ, можа прывесьці да выкіду ў паветра біяспораў ці баявых газаў. Паўстане сьмяротная небясьпека для мільёнаў людзей.

«New York Times» супакойвае: Пэнтагон будзе зьнішчаць толькі сыстэмы дастаўкі ЗМЗ, г.зн. ракеты і бесьпілётныя лятальныя аб’екты. З самой ЗМЗ пазьней «разьбяруцца» спэцыялісты.

Атакаваць з паветра будуць толькі склады ЗМЗ у глыбокіх бункерах. На іх скінуць тэрмабарычныя бомбы — т.зв. «Bunker-Buster». Трапляючы ў падземныя пустоты, яны ствараюць там пякельную гарачыню. Споры біялягічнай зброі пры такой тэмпэратуры гінуць, а хімічныя рэчывы распадаюцца. Упершыню гэтыя бомбы былі прымененыя падчас баёў у аўганскай цьвярдыні Тора-Бора год таму.

Рэвалюцыі ў ваеннай прамысловасьці заўсёды мянялі ў гісторыі нашмат больш, чым самі войны. Удасканаленьне гарматаў у XV ст. дало магчымасьць лёгка браць замкі, прысьпешыла заняпад фэадалізму. Разьвіцьцё мараходзтва забясьпечыла посьпех каляніялізму. З дапамогай сваёй дакладнай зброі амэрыканцы могуць скасаваць закон узаемнага стрымліваньня. Калі захочуць, вядома.

Сяргей Рак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0