Садам Хусэйн зьнішчыў найвялікшы на Блізкім Усходзе комплекс балотаў і гэтым зламаў лёсы сотняў тысяч «ірацкіх палешукоў».

ФОТА WWW.ALAMOOD.DK
ФОТА WWW.ALAMOOD.DK
Яшчэ колькі гадоў таму ў паўднёвым Іраку паміж гарадамі Ан-Насырыя, Аль-Амараг і Басра, недалёка ад сутоку Тыгру і Эўфрату, ляжалі балоты плошчай 20 тыс. кв. км — найвялікшыя на Блізкім Усходзе. Іх плошча амаль роўная плошчы Гарадзенскае вобласьці. Яны ўтварыліся каля 10 тыс. гадоў таму, калі Тыгр і Эўфрат прабівалі рэчышчы да Пэрсыдзскае затокі. Недзе тут знаходзіўся Эдэм — біблійны рай. Тут жыло племя мадан — «арабаў з балотаў», якіх лічаць нашчадкамі старажытных шумэраў і бабілёнцаў. Яны жылі гэтак жа, як людзі, што насялялі гэтыя землі пяць тысяч гадоў таму, калі ў рэгіёне нарадзілася адна зь першых у гісторыі цывілізацыяў. Багна давала ім усё патрэбнае. З трысьнягу яны будавалі ня толькі чаўны, але й хаціны, называныя «мудгіф», і мячэты. Яны жылі на плывучых трысьняговых выспах, лавілі рыбу й вырошчвалі рыс.

Менавіта ў тых мясьцінах Тур Хеердал збудаваў човен з трысьнягу, на якім даплыў да Індыі й Афрыкі, тым давёўшы, што шумэры таксама маглі зьдзяйсьняць далёкія марскія вандроўкі.

Цягам стагодзьдзяў ніхто ня мог навязаць жыхарам балотаў сваёй улады. Але паволі цывілізацыя дайшла й туды. У 50-я гады ХХ ст. брытанскія інжынэры распрацавалі вялікі ірыгацыйны праект выкарыстаньня гэтае плошчы ў сельскай гаспадарцы. Галоўнай яго ідэяй было стварэньне Трэцяй Ракі — агромністага каналу, які мусіў праходзіць праз балоты. Праца ішла сьлімачымі тэмпамі, і за тры дзесяцігодзьдзі зроблена было няшмат. Калі выбухнула ірацка-іранская вайна і ірацкае войска пачало яе прайграваць, праца над каналам была прысьпешаная, бо існавала небясьпека таго, што іранцы захопяць балоты й перакрыюць іракцам водныя шляхі да Пэрсыдзкае затокі. Былі зробленыя першыя грэблі, на якіх пабудавалі дарогі для ірацкага войска. У дадатак выявілася, што пад багнамі ёсьць велічэзныя паклады нафты (80% ірацкіх запасаў). Усё гэта справакавала павольнае зьнішчэньне балотаў.

Бомбамі й напалмам

ФОТА WWW.ALAMOOD.DK
ФОТА WWW.ALAMOOD.DK
Калі на пачатку 1991 г. войскі Садама Хусэйна былі разьбітыя падчас «Буры ў пустыні», на поўдні Іраку выбухнула паўстаньне шыітаў, што складаюць большасьць насельніцтва краіны. Да іх далучыліся й людзі мадан. Аднак войскі, верныя Хусэйну, хутка разьбілі бунтаўнікоў. Пачаліся арышты, экзэкуцыі, катаваньні. Багата шыітаў уцякло на балоты, па якіх не маглі прайсьці ірацкія танкі.

Аднак Хусэйн не саступаў. Воды Эўфрату накіравалі ў пабудаваны ўжо канал Трэцяй Ракі, шырынёю ў два кілямэтры, а воды Тыгру — у бакавыя рэчышчы, штучна прыўзьнятыя берагі якіх спынілі пранікненьне вады на балоты. Войскі Хусэйна рушылі наперад. Мяцежныя войскі абстрэльвалі з гарматаў, закідвалі запальнымі бомбамі й напалмам. Нешматлікія шыіцкія баевікі не маглі стрымаць наступу. На занятых тэрыторыях працягвалася будаўніцтва гацяў і абвадных каналаў, а доступ да іх перакрывалі міннымі палямі. Балоты пачалі хутка высыхаць. Апроч таго, войскі Хусэйна атручвалі ваду хімікатамі.

Дзяржаўныя мэдыі называлі балотных жыхароў першабытнымі людзьмі, «неіракцамі». Прапаганда гэтая лёгка засвойвалася часткай насельніцтва Іраку, якая заўсёды лічыла жыхароў балотаў незразумелымі, а таму небясьпечнымі й горшымі за сябе. Каб абараніць шыітаў, у жніўні 1992 г. антыірацкая кааліцыя забараніла ірацкай авіяцыі лётаць над поўднем краіны. Ірацкія самалёты спынілі перасьледаваньне жыхароў балотаў, але гэта не спыніла зьнішчальнага маршу. Разбуралася паселішча за паселішчам, будаваліся чарговыя каналы. Сотні тысяч людзей, пазбаўленых вады, ад якой залежала іх жыцьцё, мусілі пакідаць родныя мясьціны. Тысячы гінулі.

Мадан — народ-уцякач

Згінула й значная частка балотаў. Спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў 2000 г., выявілі маштаб трагедыі.

«Згодна з нашай ацэнкай, балоты Амараг i Аль-Курнаг, ці Цэнтральныя, зьнішчаныя на 85%. Балота Хавэйза на мяжы Іраку й Ірану зьнішчанае на 65%, бо часткова паджыўляецца рэкамі з Ірану», — сказаў Пэтэр Клярк, выканаўчы дырэктар фонду «Амараг», які ўжо 12 гадоў займаецца дапамогай уцекачам з балотнае зоны.

Там, дзе былі балоты, утварылася салёная, перарэзаная каналамі й пазбаўленая расьліннасьці пустыня. Зьніклі зьвяры (у тым ліку й такія, што больш нідзе не сустракаліся), зьніклі выспы й трысьняговыя халупы, а птушкі, для якіх балоты былі найлепшым месцам адпачынку падчас штогадовых вандровак, зьмянілі маршруты пералётаў. Цывілізацыя балотных арабаў перастала існаваць, а самі мадан зрабіліся народам бежанцаў.

«Гэтая частка сьвету, якая не зьмяняла свайго выгляду цягам дзесяці тысячаў гадоў, была зьнішчаная за два дзесяцігодзьдзі», — апісвае трагедыю Эма Нікалсан, прэзыдэнтка фонду «Амараг» і дэпутатка Эўрапарлямэнту. «Засталося вельмі мала балотных арабаў, што захавалі свой ранейшы лад жыцьця. У Іран зьбегла 80—120 тыс. Уцекачоў, якія жывуць у Іраку, падлічыць цяжка. Прыблізна іх каля 200 тыс.», — кажа Пэтэр Клярк. Падлік ускладняе тое, што на балотах ніколі не праводзілі перапісу і ніхто ня ведае, колькі людзей там жыло.

Самай сур’ёзнай рэакцыяй сьвету на зьнішчэньне ірацкіх балотаў (акрамя забароны палётаў над імі) была рэзалюцыя Эўрапарлямэнту ў студзені 1995 г., у якой паводзіны багдадзкіх уладаў названыя этнацыдам, а мадан прызнаныя «гнанай нацыянальнай меншасьцю». Тады як на думку дырэктара праграмы па ахове навакольнага асяродзьдзя ААН Кляўса Топфэра «гэтая экалягічная катастрофа параўнальная з высыханьнем Аральскага мора й высяканьнем Амазонскіх лясоў».

Вынікі зьнішчэньня багнаў можа адчуць цэлы рэгіён. «Зьмяншэньне выпарэньняў хутчэй за ўсё справакуе рост сярэдніх тэмпэратураў, што зробіць клімат на гэтым абшары яшчэ больш неспрыяльным. Зьменшыцца і колькасьць ападкаў», — так ацэньвае сытуацыю Джэймз Брэйсынгтан, выкладчык геаграфіі Кембрыдзкага ўнівэрсытэту.

Рэмэліярацыя

Цяпер ніхто ня думае ратаваць балоты: няма чаго ратаваць. Гаворка ідзе, хутчэй, пра іх узнаўленьне. «Цалкам зьнішчанае балота ўжо нельга аднавіць. Але ёсьць шанец на ўзнаўленьне часткі балотаў Хавэйза», — кажа Пэтэр Клярк.

«У нас ёсьць веды й тэхналёгіі, якія дазволяць аднавіць гідралёгію й экасыстэму багнаў, што былі домам для арабаў. Аднак без супрацоўніцтва з Іракам ды іншымі дзяржавамі, празь якія цякуць Эўфрат і Тыгр (Турцыя й Сырыя), шанцаў амаль няма», — сказаў Кевін Л.Эрвін, эколяг, што супрацоўнічае з арганізацыяй «Wetlands International» і каардынуе працу групы, якая займаецца аднаўленьнем блізкаўсходняй дрыгвы.

Ёсьць распрацаваны праект аднаўленьня балотаў пад назвай «Вяртаньне Эдэму». Ягоныя стваральнікі пэўныя, што ў паўднёвым Іраку досыць вады, каб багну ўзнавіць. Ідзе распрацоўка дэталёвага праекту, які павінен быць гатовы ў першай палове 2003 г.

Летась у кастрычніку іранскія ўлады скардзіліся на агромністыя пажары на рэштках балотаў Хавэйза, што знаходзяцца ля мяжы. Паступала таксама інфармацыя пра артылерыйскую кананаду. Няма сумневу, што багдадзкі дыктатар скончыў сваю справу пасьпяхова.

Паводле «Gazety Wyborczej»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0