Экалягічны турызм — гэта прамыя зносіны з прыродай: вандроўкі на чаўнах па рэках, пешаходныя падарожжы па маляўнічых мясьцінах. Такі турызм патрабуе мінімальнай інфраструктуры абслугоўваньня і дае дзяржаве жывыя грошы.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Экалягічныя, асьветныя, настальгічныя падарожжы даўно сталі практыкай на Мазурскіх азёрах (Польшча), у лясах Фінляндыі, фіёрдах Нарвэгіі. Пра пэрспэктывы разьвіцьця экалягічнага турызму ў Беларусі — на Гарадзеншчыне, у прыватнасьці, — чытачам «НН» распавядзе доктарка гістарычных навук, прафэсарка Сьвятлана Сільверстава, загадчыца навуковай лябараторыі рэгіянальнай культуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Сьвятлана Сільверстава: Сама прырода паклапацілася, каб у нашым рэгіёне разьвіваўся экалягічны турызм. Агульная плошча Гарадзеншчыны складае 2512 тыс. га. На аднаго жыхара прыпадае 0,74 га ворыва. Сельскагаспадарчыя землі займаюць усяго 292 тыс. га. Даўжыня Нёману ў вобласьці — 379 км, Вяльлі — 256. Даўжыня ўсіх прытокаў Нёману — 5806 км. Усяго на Гарадзеншчыне 500 рэкаў агульнай працягласьцю 8255 км і болей за 700 азёраў натуральнага паходжаньня.

«НН»: Хто гэтаму багацьцю гаспадар?

С.С.: Паляўнічыя вобласьці арандуюць 86% тэрыторыі. Гэта 1258 тыс. га палявых угодзьдзяў, 794 тыс. — лясных, 100 тыс. — водна-балотных. У гаспадарлівага чалавека ўсё палічана і занатавана. Так, ласёў на Гарадзеншчыне 1410, казуляў — 5331, дзікоў — 3445, аленяў — 898, зуброў — 59. А на суседняй Віцебшчыне «стаяць на ўліку» пад сто мядзьведзяў. Ня кожная краіна Эўропы можа пахваліцца такім багатым прыродным сьветам! Апроч таго, тут выдатныя ляндшафты й 70% усіх помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мяркуецца, што да 2020 г. турызм стане важным фактарам эканомікі Гарадзеншчыны.

Галоўнае — утульнасьць

«НН»: Аднак турысты патрабуюць ня толькі відовішчаў, але й «хлеба» — якаснага абслугоўваньня. Ці можа Гарадзеншчына забясьпечыць іх гэтым?

С.С.: Вы закранулі галоўную праблему. Мы яшчэ мусім разьвіваць гасьцінічную гаспадарку, турыстычную інфраструктуру. І адным з рэзэрваў тут можа стацца прыватны сэктар. На Гарадзеншчыне шмат дбайных гаспадароў, якія маюць уласныя катэджы з эўрапейскім узроўнем камфорту. Пры ўмове падатковых ільготаў і належнай арганізацыі можна атрымаць сямейныя гатэлі, значны прыбытак у дзяржаўную скарбонку. Або, напрыклад, у памежнай вёсцы Сонічы апусьцеў будынак школы. Знайшліся спонсары, гатовыя ўкласьці сродкі, каб стварыць там турыстычную базу на 30 чалавек.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Каб забясьпечыць устойлівую турысцкую плынь, эўрарэгіён «Нёман» павінен зрабіць сабе імя на рынку турыстычных паслугаў. Пэўныя зрухі ў гэты бок ужо ёсьць. У 2002 г. адбыўся міжнародны сплаў па Аўгустоўскім канале. 80 чалавек з Польшчы і Беларусі прайшлі ўсю трасу. Спадзяёмся, што гэткія сплавы стануцца традыцыйнымі.

«НН»: Але што трэба рабіць найперш для прыцягненьня турыстаў?

С.С.: Неабходна ствараць для іх дадатковыя даброты. Плянуецца адкрыцьцё новых пунктаў пропуску аўтатранспарту на мяжы з Польшчай, на шашы Горадня—Аўгустаў і Беласток—Ваўкавыск. Раёны, якія ўваходзяць у памежную зону, мусяць стаць адкрытымі для турыстаў. Там нямала гістарычных і прыродных цікавостак.

Гасьцей па-ранейшаму найбольш прыцягваюць Горадня, Наваградак, Мір, нацыянальны парк «Белавеская пушча». У кожным з гэтых пунктаў трэба ствараць для турыстаў умовы. Напрыклад, у Наваградку насьпела неабходнасьць пабудовы новага гатэлю. Выклікае заклапочанасьць экалягічны стан вакол возера Сьвіцязь і Сьвіцязянскага заказніка наагул. Шырока разрэклямаваны «Шлях Міцкевіча» таксама патрабуе ўдасканаленьня.

Таксама могуць прыцягваць турыстаў Аўгустоўская і Гарадзенская пушчы, уключна з зонамі аздараўленьня «Азёры», «Масты», «Воўпа», «Рось»; гарады Ліда, Слонім, Дзятлава, Смургонь, паселішчы Жыровічы, Сынкавічы, Мураванка, Любча, Кушляны; знакамітае кола Жодзішкі—Залесьсе—Крэва—Гальшаны—Баруны, частка Нёману ў раёне Мастоў—Воўпы, вусьце Шчары і Налібоцкая пушча, сыстэма рэчак, каналаў і вадасховішчаў, прыдатных для воднага турызму.

«НН»: Ці багата турыстаў прыяжджае на Гарадзеншчыну цяпер?

С.С.: Летась вобласьць наведалі 15,4 тыс. чалавек з 43 краінаў сьвету. Амаль траціна зь іх — жыхары СНД, большасьць якіх — рыначныя гандляры. Турыстычныя прадпрыемствы вобласьці атрымалі за 2001 г. 1.170.300 тыс. рублёў і 9,8 тыс. даляраў. Прыбытак склаў 120.500 тыс. рублёў. У той жа час звыш 700 тысяч нашых грамадзян выяжджалі за мяжу. Гэта на 10,3% больш, чым у 2000 г.

Бязьлюдзьдзе і шматэтнічнасьць

«НН»: Ці заўважаюць турысты за прыроднымі ды гістарычнымі цікавосткамі праблемы Гарадзеншчыны?

С.С.: Як іх можна не заўважыць, калі рэгіён бязьлюдзее папросту на вачах? У бліжэйшыя 10—15 гадоў з карты рэгіёну могуць зьнікнуць каля 400 вёсак. Да перапісу 1999 г. у 337 населеных пунктах жыло ад 6 да 10 чалавек — усяго 3,2 тысячы. 700 паселішчаў у вобласьці налічваюць ад 11 да 25 чалавек — разам 12 тыс. З дасягненьняў цывілізацыі ў гэтых вёсках ёсьць толькі электрычнасьць і зрэдку — тэлефон. З 4 тыс. населеных пунктаў Гарадзеншчыны толькі ў 10% побытавы ўзровень жыцьця нагадвае гарадзкі. У вобласьці налічана 25 тыс. дамоў, у якіх ніхто не жыве.

«НН»: Якім чынам спрыяе разьвіцьцю турызму навуковая лябараторыя, якую Вы ўзначальваеце?

С.С.: Яна акумулюе ўсё датычнае шматнацыянальнасьці і шматканфэсійнасьці краю. Жыхары Гарадзеншчыны былі грамадзянамі розных краін — ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расеі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, СССР. Адбылося шырокае перапляценьне культур. Беларусы, палякі, літоўцы, татары, габрэі ня толькі аддавалі сваё, але й успрымалі чужое. Зьявіліся моўныя, культурныя, этнічныя асаблівасьці гэтых груп людзей. Засталіся некранутымі помнікі культуры, экалягічныя асяродкі. Лад жыцьця гарадзенцаў мае моцныя адрозьненьні ад суседзкіх — польскага і літоўскага. Мы актыўна вывучаем мікрараёны памежных паселішчаў — Сапоцкін, Бершты, Адэльск і інш. Звычайна ў групу дасьледчыкаў уключаюцца сацыёляг, культуроляг, мовазнаўцы, археолягі, гісторыкі.

Распрацаваны шэраг маршрутаў. Гэта наведаньне таго ж Аўгустоўскага каналу, родных мясьцін Элізы Ажэшкі, Адама Міцкевіча, сядзіб іншых знакамітых асобаў. У Адэльску плянуем правесьці зьезд былых жыхароў мястэчка, якія жывуць цяпер у розных краінах — Аргенціне, Англіі, Швайцарыі, Бэльгіі.

Або вось нядаўна ў вёску Азёры прыяжджала група сталых людзей з Польшчы. Да верасьня 1939 г. яны мелі тут зямлю. Вось разам зь дзецьмі і ўнукамі вырашылі на свае вочы паглядзець што ды як.

Дзеці дэпартацыяў

«НН»: Парадокс: індывідуальны турызм разьвіваецца за кошт былых рэпрэсаваных ды іх нашчадкаў, што наведваюць родныя мясьціны.

С.С.: А што ў гэтым кепскага? Людзі прыяжджаюць на родныя котлішчы, і трэба спрыяць гэтаму, зарабляючы для дзяржавы грошы. Гісторыю ж не перайначыш. Гарадзеншчына ў свой час зьведала гвалтоўную дэпартацыю. Дасьледчык Уладзімер Адамушка перакананы, што ў 1939—41 г. і ў паваенны пэрыяд за шэсьць масавых «апэрацый», улічваючы ўцекачоў з тэрыторый акупаванай фашыстамі Польшчы, з Заходняй Беларусі было выселена ў Сярэднюю Азію і ў паўночныя раёны СССР звыш 130 тыс. чалавек. Звыш 30 тыс. было прыцягнута да адказнасьці судовымі і несудовымі органамі. Афіцыйная лічба рэпрэсаваных у адміністрацыйным парадку — 87729 грамадзян.

Пасьля другой сусьветнай былі «добраахвотна-прымусовыя» перасяленьні людзей. Тысячы жыхароў Гарадзеншчыны пераехалі ў Польшчу. Сёньня яны ці іх дзеці ў якасьці індывідуальных і экалягічных турыстаў прыяжджаюць на гістарычную радзіму.

«НН»: Мне даводзілася ў Шчэціне сустракаць людзей, бацькі якіх пакінулі Гарадзеншчыну адразу пасьля вайны. Яны ведаюць Беларусь па дзіцячых уражаньнях ды ўспамінах бацькоў і вельмі цёпла яе ўспамінаюць. Ці не расчаруюцца яны, прыехаўшы да нас?

С.С.: Да паслугаў гасьцёў будзе ўся наяўная турыстычная інфраструктура. Ёсьць каму паказаць выдатныя экскурсійныя аб’екты сваёй мясцовасьці. Нам трэба ўсяляк павялічваць колькасьць турыстаў, прысьпешваць крок, разьвіваць тыя напрацоўкі, якія мы маем у гэтай галіне. Нельга адкідаць ніякіх варыянтаў. Мы мусім бачыць у турызьме й эканамічную выгаду.

Гутарыў Антон Лабовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0