ВЕРШЫ

Ару зямлю —

Выворваю шчарбаты талер...

Не пасьпяваю спыніцца,

Конь ідзе далей,

І знаходка прыгортваецца.

Ару зямлю —

Вывальваецца марскі вожык,

Мільёнагадовая акамянеласьць...

Няма часу спыніцца.

Іду далей...

Іду па лесе,

Шукаю грыбы...

Ведаю, добра ведаю:

На дубах ды бярозах залатое лісьце.

Ды няма як падняць галаву —

Упіўся вачамі ў зямлю...

Іду далей...

Даглядаю

пчаліну ў вульлі.

Няма калі паглядзець,

зь якіх красак прынесены мёд.

* * *

Еду на кані вярхом,

Пачуваю сябе князем...

Чалавекаканём,

Кентаўрам…

На паўноч узыходзіць поўня.

Ад мяне-каня

падае шэры цень.

Конь стрыжэ вушамі,

касавурыцца...

Я пачуваюся чалавекам

з сэрцам ваўка.

* * *

Запрэжаны конь:

Дуга — як нацягнуты

пастромкамі лук.

Замест стралы

ў цеціву запрэжаны

Конь,

стралою ляціць.

Воз грукоча чатырма сонцамі

Залачоных сьпіц.

Я ня (той хто) першы

Замест стралы пусьціў

Разам з лукам каня,

Але колькі гонару ехаць у возе

І бачыць, як (на сонцы)

Паблісквае павута,

Прычэпленая да хамута,

а на ёй вандруе чорны павук —

Бабінага Лета ўнук.

Збан

Сьвятло ўвасобілася

ўва мне

Сьвятой часьцінкаю бацькоў.

Зь вялікім сьветам,

сьценкамі збанка,

мяжую я.

І ледзь павекі на вякі заплюшчу —

Рассыплецца збан цемры,

Рассыплецца маё сьвятло.

Лінова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0