Заява Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

Як стала вядома з сродкаў масавай інфармацыі, у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук падрыхтаваны праект зьменаў у правапіс беларускай мовы. Камісія, якую ўзначальвае акадэмік Падлужны, без шырокага абмеркаваньня мае намер унесьці свае прапановы на зацьвярджэньне ў адпаведныя ўрадавыя структуры.

Аднак беларуская мова — ня ўласнасьць Інстытуту мовазнаўства, гэта агульнанацыянальны скарб, і любыя зьмены ў яе жывым арганізьме патрабуюць самага шырокага абмеркаваньня. Як мы лічым, у ім павінны ўзяць удзел ня толькі супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства, але й іншыя навукоўцы-філёлягі, школьныя настаўнікі, выкладчыкі ВНУ. Не зьбіраецца стаяць убаку і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Мы не падтрымліваем тыя зьмены ў правапіс, якія распрацоўваюцца кулюарна, вузкім колам супрацоўнікаў Інстытуту. Патрабуем, каб узначаленая Падлужным А. камісія зрабіла ўсе неабходныя захады для азнаямленьня з сваімі прапановамі шырокіх колаў зацікаўленай грамадзкасьці.

Менск, Дом літаратара, 31 студзеня 2003 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0