У «Народнай волі» ад 19 сьнежня за подпісам Алеся Круталевіча быў надрукаваны артыкул «Лупцуй сваіх, каб чужыя радаваліся», дзе аўтар якраз-такі лупцаваў: «У апошні час «пазьнякоўцы» на дух не пераносяць «вячоркаўцаў»... Дарэчы, які вызвольны рух? Вось вам старонкі «Народнай волі», патлумачце людзям, якія структуры ўваходзяць у так званы вызвольны рух... Будзьце больш хітрымі і знаходлівымі! Вось генэрал Фралоў, калі крочыў у «палатку», то замаскіраваўся».

Напады Круталевіча можна было б прыняць за не зусім карэктную крытыку — бо аўтар становіцца ў позу судзьдзі, — калі б у артыкуле не было зашмат «недарэчнасьцяў», на якія я вырашыла адгукнуцца сваім допісам, тым болей што аўтар крытыкі запрасіў да дыялёгу. Аднак «Народная воля» адмовілася друкаваць мой допіс.

Усе беларускія сілы, якія падтрымліваюць ідэю незалежнасьці Беларусі і працуюць на гэтую ідэю, лічацца складоваю часткай вызвольнага руху.

Удзельнікі руху праводзяць акцыі ў падтрымку незалежнасьці, працуюць з насельніцтвам, прычым важная частка такой працы — інфармаваньне праз улёткі. Таму несправядлівым выглядае папрок, нібыта мы «празь некалькі гадоў не ўзгадаем, што такое агітацыя, улёткі». Акрамя абавязковых штогадовых улётак — прымеркаваных да Дня Волі, Чарнобыльскага шляху, Дня Незалежнасьці і Дзядоў, — выпускаецца мноства інфармацыйных бюлетэняў.

Цяпер праводзіцца праца па агітацыі супраць удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы. Гэта не бяздумная ўпартасьць, а добра прадуманая пазыцыя, якая па выніках фармаваньня выбарчых камісіяў выявілася слушнай. Зірнуўшы, колькі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў прайшлі нават не ў дэпутаты — у камісіі, — можна пакінуць спадзяваньні на сумленную барацьбу.

У дзяржаўнай скарбонцы ня так шмат грошай, каб наша краіна магла дазволіць сабе двойчы на год зьбіраць людзей дзеля галасаваньня. Дый прадстаўнікі ўлады неаднаразова заяўлялі аб правядзеньні рэфэрэндуму разам з выбарамі ў мясцовыя саветы. І калі людзі, прывабленыя надзеяй абраць сабе годных дэпутатаў, масава прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, тады іхныя галасы падлічаць «як трэба» — і заклікі быць «больш хітрымі і знаходлівымі» спрацуюць супраць усіх нас, уключна з «прагматыкамі»: будзем разам «хітраваць» трэці тэрмін…

Дарэчы, наконт «хітрыкаў» тав. Фралова. Параўноўваць прадстаўніка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ з гэтым генэралам проста недарэчна. Хоць бы таму, што генэрал да абраньня яго ў палату ніяк не выказваў сваёй апазыцыйнасьці, у той час як адна толькі прыналежнасьць чалавека да згаданай партыі красамоўна сьведчыць аб ягоных прыхільнасьцях.

З фальсыфікацыямі гэтай улады змагацца немагчыма — сьведчаць усе, хто быў назіральнікам на выбарах ці рэфэрэндумах. Таму галоўная задача — зрабіць так, каб такія выбары і рэфэрэндумы не былі прызнаныя, як гэтага ўдалося дамагчыся ў 2000 г. Як сьцьвярджае А.К., «улада зрабіла сваю справу», аднак мы зрабілі сваю — і выбары ў палатку не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі.

Вывесьці «на мітынгі ці шэсьце 150—200 тысяч чалавек» магчыма толькі пры моцнай інфармацыйнай падтрымцы. Аднак «НВ» неаднаразова адмаўлялася друкаваць паведамленьні пра акцыі «пазьнякоўцаў». І палітычныя артыкулы З.Пазьняка — таксама. Хаця, прыкладам, А.Лябедзька заўсёды мае магчымасьць выказвацца на старонках гэтай газэты.

І на завяршэньне хочацца адказаць А.К. ягонымі ж словамі: «Уся гэтая валтузьня толькі на руку існаму рэжыму». Ня трэба кідаць адзін у аднаго камяні. Не заўсёды тое, што робяць іншыя, — дрэнна. Бывае, варта і падтрымаць.

Галіна Рабянков

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0