«Оскараўскія» стужкі традыцыйна зьбіраюць у Менску поўныя кіназалі. Адзін з імаверных прэтэндэнтаў на тытул «Найлепшы фільм году»— карціна «Пракляты шлях» —ужо ляжыць на палічках «Кінавідэапракату».

Другая частка «Ўладара пярсьцёнкаў» — «Дзьве крэпасьці» — выйшла прыгожая й дынамічная.
Другая частка «Ўладара пярсьцёнкаў» — «Дзьве крэпасьці» — выйшла прыгожая й дынамічная.
Амаль дасягнута дамова і з уладальнікамі правоў на пракат фільму Шыхара Капура «Чатыры пяры». Хутка пасьля цырымоніі «Оскару» плянуецца пусьціць у беларускі пракат «Чыкага» і «Банды Нью-Ёрку», а калі мы ўбачым на вялікім экране «Гадзіньнік» Стывэна Далдры і «Пра Шміта» з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі — застаецца толькі здагадвацца.

Найлепшыя фільмы году Амэрыканская кінаакадэмія будзе вызначаць пры канцы сакавіка. Намінантаў абвесьцяць ужо 11 лютага. Найбольш імаверныя прэтэндэнты на «Оскар» за найлепшы фільм 2003 г. — «Гадзіньнік», прэм’ера якога на амэрыканскіх экранах адбудзецца ў сярэдзіне лютага, і «Чыкага» — кінавэрсія вядомага мюзыклу. Літаратурным падмуркам «Гадзіньніка» зьяўляецца кніга Майкла Канінгема. Сюжэт фільму разьвіваецца вакол іншай рэальнай кнігі — псыхалягічнага раману Вірджыніі Вулф «Міс Дэлаэй» (1925). Далдры адлюстроўвае ўзьдзеяньне кнігі Вулф на жанчын розных пакаленьняў, якіх граюць Джуліяна Мур, Мэрыл Стрып і Ніколь Кідман. Апошняя сыграе саму пісьменьніцу.

«Оскар» за рэжысуру найхутчэй атрымае Марцін Скарсэзэ («Апошняе спакушэньне Хрыста», «Шалёны бык») за «Банды Нью-Ёрку» з Дэніэлам Дэ Льюісам і Леанарда Ды Капрыё ў галоўных ролях. Ідэя зьняць фільм пра супрацьстаяньне італьянскіх і ірляндзкіх эмігрантаў у сярэдзіне XIX ст. прыйшла да Скарсэзэ яшчэ ў 1977 г., пасьля здымак мюзыклу «Нью-Ёрк, Нью-Ёрк». Але пасьля правалу фільму Майкла Чыміна «Брама раю» з падобным сюжэтам Скарсэзэ адклаў сцэнар да лепшых часоў.

Адразу пасьля выхаду «Бандаў Нью-Ёрку» ў студзені 2003 г. рэжысэр атрымаў «Залаты глёбус», цырымонія ўручэньня якога лічыцца генэральнай рэпэтыцыяй «Оскару».

Адным з імаверных намінантаў на «Оскар» зьяўляецца Том Гэнкс, які сыграў наёмнага забойцу ў фільме «Пракляты шлях». Сэм Мэндэс, малады й вельмі пасьпяховы брытанскі рэжысэр («Оскар» у 2000 г. за «Прыгажосьць па-амэрыканску»), сказаў пра свой новы фільм: «Гэта гангстэрскі баявік з выхаваўчымі элемэнтамі». Асноўны канфлікт разгортваецца паміж прафэсійнымі забойцамі, адзін зь якіх хаваецца ад другога. Але ёсьць яшчэ канфлікт псыхалягічны, паміж бацькам — кілерам, які раскаяўся, — і сынам, які жадае адпомсьціць за сьмерць родных і таму гатовы ісьці на забойствы, забыўшыся пра сумленьне і душу. «Пракляты шлях» — адзін зь фільмаў, вартых квітка ў кіно.

Таксама як і другая частка «Ўладара пярсьцёнкаў» — «Дзьве крэпасьці», якая на галоўныя «Оскары» прэтэндаваць ня будзе. Фільм выйшаў прыгожы (здымалі яго ў Новай Зэляндыі) і дынамічны. Батальныя сцэны займаюць каля паловы экраннага часу. На беларускіх экранах «Дзьве крэпасьці» зьявяцца 2 сакавіка.

Павал Сьвярдлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0