ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Летась беларусаў паменела, а легкавiкоў пабольшала. 9 млн. 960 тыс. чалавек насельнiцтва краiны цяпер валодаюць 1,5 млн. прыватных легкавых аўтамабіляў. 21% iх сканцэнтраваны ў сталiцы. Тут на тысячу жыхароў прыпадае 188 аўто (у сярэднім па Беларусі — 151). Сярод абласьцей найбольш машынаў маюць гарадзенцы (171 на тысячу), найменш — магілёўцы (122). Аўто для беларуса — зусім не раскоша. Летась у краiне паболела прыкладна на 75 тысячаў аўтамабіляў, аднак толькі 3 тысячы зь іх — новыя. У сувымернай з намі Вугоршчыне штогод рэгіструюць 160 тысячаў новых аўтамабіляў, у Чэхіі — 200 тысячаў.

Шыкоўных аўто ў краіне няшмат. Большасьць прэстыжных машынаў зарэгiстраваныя ў Менску: 79% «ягуараў» (усяго іх у краіне цяпер 136), чвэрць «поршэ» (усяго іх 134), 65% «лiнкальнаў» (49), 22 з 38 «кадылакаў», трэцяя частка «джыпаў» ды 42% «лэнд-ровэраў» (139).

Штогод беларусы набываюць ня больш за 80 аўто, якія каштуюць больш за 50 тыс. даляраў, каля 300 па цане ад 25 да 50 тысячаў ды прыкладна 600 за 12—22 тыс. даляраў. Астатнія новыя легкавікі (каля 2 тысячаў) разыходзяцца за 10—12 тыс. даляраў.

Большасьць машынаў, якія трапляюць у Беларусь, ужо 7—10 гадоў круцяць кiлямэтры на лiчыльнiку. На другiм месцы сярод зарэгістраваных аўто — 4—6-гадовыя. Але аўтааматары больш ня гоняцца за вельмі ўжо танным «таварам». У 2002 г. колькасьць аўтамабiляў, выпушчаных да 1990 г., зьменшылася проці 2001 г. на 10%.

Вялiкая колькасьць машынаў расейскай вытворчасьцi ў Беларусі ня сьведчыць пра iх папулярнасьць. Гэта проста «спадчына» савецкiх часоў. Найбольш яе засталося ва ўсходніх рэгіёнах. Гэтак, у Гомельскай ды Віцебскай абласьцях на тысячу чалавек прыпадае 48 «жыгулёў» ды «ладаў» (у Гарадзенскай — 39, Берасьцейскай — 34). Гэтым Беларусь адрозьніваецца ад Расеі, дзе дагэтуль 83% легкавікоў — расейскія.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Цяпер беларусы ў асноўным прыцэньваюцца да заходнеэўрапейскіх аўто, бо амэрыканскія і японскія даражэйшыя. Найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца нямецкія машыны. Немалую ролю тут грае кошт на запчасткі (францускія ды італьянскія каштуюць болей, чым нямецкія).

Калі ў Менску ўсе маркі нямецкіх аўтамабіляў прадстаўленыя даволі шырока, дык па-за сталіцай багата хіба недарагіх «фальксвагенаў» ды «аўдзі». Паглядзім па марках: найлепш забясьпечаны «фальксвагенамі» Менск — 23 аўтамабілі на тысячу чалавек, найгорш — Магілёўшчына — 12 на тысячу. Сытуацыя з «аўдзі» ня дужа адрозьніваецца: Менск — 14 на тысячу, Магілёўская вобласьць — 7 на тысячу. З дарагімі маркамі ўсё інакш: Менск мае 6 «БМВ» на тысячу жыхароў, а Магілёўская вобласьць — толькі 1,8. Найменш «мэрсэдэсаў» у жыхароў Берасьцейшчыны (0,8 на тысячу чалавек), у менчукоў — 7,4 на тысячу. Калі сталіца забясьпечаная «фальксвагенамі» ды «аўдзі» лепш за правінцыю ў 2 разы, дык «БМВ» — у 3, а «мэрсэдэсамі» — у 7 разоў.

Здараюцца й невытлумачальныя кур’ёзы: на Гомельшчыне сканцэнтраваныя амаль усе амэрыканскія «олдсмабілі» (142 з 176), тады як у іншых абласьцях іх ад сілы па штук пяць, нават у Менску толькі 23. Машыны нерасейскай вытворчасьці, якіх у сталіцы значна менш, чым у правінцыі, — гэта ўкраінскія «Запарожцы» ды «Таўрыі».

Выношваючы пляны стварэньня «народнага легкавiка», Гiтлер наўрад цi думаў, што той зробiцца народным у Belarusland. Тым ня менш, сёньня «фальксваген» — самы запатрабаваны аўтамабiль у Беларусi, асабліва — у сталіцы, дзе займае другое па колькасьці месца пасьля «жыгулёў». Праўда, калi ў 2001 г. «фальксвагенаў» у нас паболела на 22937 аўто, дык у 2002 г. прыток зьменшыўся да 18059.

У жніўні 2001 г. Аляксей Ваганаў, кіраўнік расейскай кампаніі «Лада-ОМС», вёў перамовы з кіраўніцтвам канцэрну «Фальксваген», спадзеючыся наладзіць у Беларусі на былым заводзе «Форд-Юніён» у Абчаку зборку «шкодаў» (гэтая чэская фірма належыць нямецкаму канцэрну). Плянавалі зьбіраць дзьве мадэлі «шкодаў» — «Фабія» ды «Актавія», цана на якія мусіла скласьці 6—7 тысячаў даляраў.

Гэтая, трэцяя па ліку, спроба наладзіць выраб «шкодаў» у Беларусі (першую зрабіла фірма «Пушэ», другую — нямецка-беларуская фірма «Бел-Фэр») таксама была няўдалай. Чацьвёртую намагаўся зьдзейсьніць сам Лукашэнка летась у лістападзе падчас саміту НАТО ў Празе, аднак яго не пусьцілі ня толькі на завод «Шкоды», але і ў саму Прагу.

Калі параўнаць, на колькi павялiчылася колькасьць аўтамабiляў тае цi iншае маркi ў параўнаньнi зь мінулым годам, выйдзе, што найбольш энэргiчна на наш рынак прасоўваецца «Сэат». Прырост аўто гэтай маркi склаў 55,9%. За iм iдуць «Рэно» (29,3%), «Форд» (13,2%) ды «Аўдзі» (12,1%). «Фальксваген» са сваiмі 11,9% толькi на 5-м месцы. А ўжо за ім — «Фiят» — 11%, «Мазда» — 6,6%, «БМВ» — 5,9%, «Масквiч» — 2,6% ды «Запарожцы» з «Таўрыямі» — 2,2%.

Колькасьць зарэгістраваных «мэрсэдэсаў» летась зьменшылася на 8108 (17,6% свайго «парку» ў Беларусi). Гэтыя дарагія аўтамабілі масава вывозяцца ў Расею, якая пачынае забывацца пра дэфолт. Дагэтуль на «мэрсэдэсе» езьдзіць кожная сотая беларуская сям’я. Амаль усе аўтамабiлi амэрыканскiх марак («шэўрале», «додж», «олдсмабiль», «плiмут», «кадылак», «мэрк’юры», «пантыяк») таксама згубiлi ў колькасьцi. Але iх i раней было няшмат.

Самая рэдкая машына ў краіне — італьянская «іначэнці». Іх больш не выпускаюць, бо гэтую фірму «праглынуў» «Фіят». У 2001 г. у Беларусі было 7 аўто гэтай маркі, на 1 студзеня засталіся толькі 2: адна — у Магілёўскай вобласьці, другая — у Берасьцейскай.

Прыватныя грузавікі, аўтобусы

Паволі расьце колькасьць грузавікоў у прыватным карыстаньні. На 1 студзеня іх было 58463 (гэтая колькасьць вырасла на 3,7%, тэмпы росту паскорыліся ў параўнаньні зь мінулым годам). Гаспадары — у асноўным прадпрымальнікі. А вось «недзяржаўных» аўтобусаў у Беларусі паменела на 2400. Цяпер іх 10235 супраць 31024 аўтобусаў, што належаць прадпрыемствам ды ўстановам.

Па чым дзяржава ніколі не дагоніць нашых аўтааматараў, дык гэта па колькасьці матацыклаў і матаролераў, якіх у прыватным карыстаньні ў 44 разы больш (514191 проці дзяржаўных 11674).

Алесь Кудрыцкі

Cуадносiны легкавiкоў расейскай i нерасейскай вытворчасьцi

(аўтамабiлi бязь зьвестак пра вытворцу ня ўлiчвалiся)

Легкавiкi Стаіць на ўлiку ў Беларусi

на 01.01.2002 г. на 01.01.2003 г.

Легкавiкi расейскай вытворчасьцi 658.061 (47%) 661.065 (45%)

Легкавiкi нерасейскай вытворчасьцi 742.304 (53%) 800.556 (55%)

У часе падрыхтоўкі выкарыстаная статыстыка «Аўтабiзнэс—Weekly».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0