На выбарах у гарсавет улада ставіць на мэдыкаў, пэдагогаў і чыноўнікаў.

Ілона Ўрбановіч-Саўка (БНФ) кінула пальчатку старшыні Менскага гарсавету
Ілона Ўрбановіч-Саўка (БНФ) кінула пальчатку старшыні Менскага гарсавету
Канчаткова вызначыліся сьпісы кандыдатаў у дэпутаты сталічнага гарсавету. Хоць апазыцыя страціла шэраг пэрспэктыўных прэтэндэнтаў, у большасьці акругаў адбудзецца двубой лукашэнкаўцаў і дэмакратаў.

Цяперашняму старшыню гарсавету Ўладзімеру Папкоўскаму, які балятуецца ў заможнай Старавіленскай акрузе, кінула пальчатку Ілона Ўрбановіч-Саўка (БНФ), кіраўніца прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў. На мінулых выбарах Папкоўскі ў гэтай самай акрузе перамог ЖЭСаўскага начальніка, сябра «Народнай грамады». Спн.Урбановіч-Саўку гэта не палохае. Рыхтаваць кампанію ёй дапамагаюць муж, мовазнаўца Зьміцер Саўка, і 8-гадовая дачка Караліна. Трэці прэтэндэнт, машыніст з фарфоравага заводу Ўладзімер Левандоўскі (КПБ), выглядае ў гэтай акрузе на аўтсайдэра.

Такія ж маладыя супернікі і малая колькасьць канкурэнтаў у іншых кандыдатаў-чыноўнікаў. Намесьніку кіраўніка Партызанскае райадміністрацыі супрацьстаіць 26-гадовы і «часова беспрацоўны» Вадзім Канапацкі з БНФ. Намесьніку кіраўніка Першамайскае — 23-гадовы сьлесар Максім Трубач (ЛДП). Намесьніцы кіраўніка Цэнтральнае — 33-гадовы лідэр Асацыяцыі маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч (АГП). Яшчэ два кіраўнікі раённага ўзроўню маюць супернікамі вылучэнцаў ЛДП.

Тыповага кандыдата ад «партыі лукашэнкаўцаў» лёгка вылічыць па тых акругах, дзе сам-насам з адным праціўнікам ідуць лідэры апазыцыі.

Аднаму зь лідэраў БНФ Алесю Бяляцкаму супрацьстаіць беспартыйная Ірына Жарыкава, намесьніца галоўнага доктара 27-е паліклінікі (Карбышаўская акруга). Што цікава, яна таго ж году нараджэньня, што і Бяляцкі. Праваабаронцу Сяргею Цурку (БНФ) процістаіць галоўны доктар 1-е паліклінікі (Заслаўская акруга). Вэтэранцы БНФ Валянціне Трыгубовіч — дырэктарка СШ№162 (Ангарская). Вядомаму яшчэ па Беларускім Згуртаваньні Вайскоўцаў Сяргею Чыславу — галоўны доктар 8-й дзіцячай паліклінікі (Ясенінская). Юрыстцы Раісе Міхайлоўскай (БСДП «Народная грамада») — галоўны доктар кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтру (Слабадзкая). Міхаілу Ганчарыку (БСДП-НГ) — дырэктар СШ №150 (Масюкоўшчынская). Навукоўцу Генадзю Прасьнякову (ПКБ) — галоўны доктар 1-й клінічнай больніцы (Калінінская). Галоўныя дактары, пэдагогі, вайсковец, два дэканы, рэктар, дырэктары ПТВ і «Кераміну» супрацьстаяць сябрам ЛДПБ, ПКБ, Партыі працы, АГП яшчэ ў 10 акругах.

Лідэр ініцыятыўнае групы Сямёна Домаша на выбарах 2001 г., юрыст Яўген Лабановіч (АГП), які сабраў у сваю падтрымку аж 3500 подпісаў, паставіўшы, відаць, рэкорд гэтае кампаніі, таксама мае самым сур’ёзным супернікам у сваёй Малінаўскай акрузе дырэктарку гімназіі №192.

Гарачая канкурэнцыя чакаецца і ў Чыгуначнай акрузе. Там сакратару ўправы БНФ Аляксею Кавальцу і гісторыку Ніне Стужынскай (намесьніца старшыні БСДП-НГ) будзе супрацьстаяць найперш беспартыйны дэкан аднаго з факультэтаў Унівэрсытэту культуры. Мікола Статкевіч ужо заклікаў А.Кавальца зьняць кандыдатуру на карысьць сваёй намесьніцы.

Іншая складаная акруга — Уруцкая. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец зь незарэгістраванай АСДП будзе тут спрачацца зь іншым сацыял-дэмакратам, але з Народнай Грамады, Аляксандрам Арастовічам, і трыма бізнэсоўцамі.

Надзіва мала ідзе бізнэсоўцаў і гаспадарнікаў. Сярод іх заўважныя дырэктары гандлёвых дамоў «Паркброе» Сяргей Пігараў і «Лукойл» Уладзімер Крук, дырэктар агенцтва нерухомасьці «Дзінас» Віктар Шанюкевіч. Усе трое яўна ад лукашэнкаўцаў, бо маюць выключна «партыйных» канкурэнтаў. Вострая канкурэнцыя чакаецца ў Любімаўскай акрузе, дзе сыну былога прэм’ера БНР Яўгену Калубовічу (БНФ) і намесьніку старшыні АГП Сяргею Альферу ад уладаў будзе супрацьстаяць бізнэсовец Генадзь Літвінаў.

Лукашэнкаўцы сфармавалі сваю партыю з чыноўнікаў, пэдагогаў і мэдыкаў. Гэтыя тры сацыяльныя групы залежаць ад дзяржбюджэту, найменш схільныя да фармаваньня лабісцкіх груповак і, у адрозьненьне ад бізнэсоўцаў і сілавікоў, не зьбіраюцца змагацца за ўладу. Ёсьць і той фактар, што яны найменш зьвязаныя з Расеяй.

Сустрэчы сам-насам кандыдатаў ад апазыцыі і ад улады дазволяць нарэшце праясьніць папулярнасьць тых і другіх. Адсутнасьць у бюлетэнях лідэраў дэмакратычных сілаў і непрэзэнтаванасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях ператварае такія сустрэчы ў баі паміж супернікамі розных вагавых катэгорыяў. Але і Давіды, здараецца, перамагаюць Галіяфаў.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0