Усебеларускі сход інтэлігенцыі, які мае адбыцца 16 сакавіка, выклікаў супраціў уладаў. У многіх раёнах перашкаджаюць вылучэньню дэлегатаў: адмаўляюцца даць памяшканьне (у Івацэвіцкім раёне сход давялося ладзіць проста на вуліцы), запалохваюць магчымых удзельнікаў (так «папярэджвалі» настаўнікаў у Дзятлаве і Наваградку). Што хочуць супрацьставіць гэтаму ўціску арганізатары? Ці ня стане сход інтэлігенцыі чарговым «пратакольным зборам» апазыцыі?

Уладзімер Колас, пэдагог і кінарэжысэр, адзін з сустаршыняў аргкамітэту па скліканьні

Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі, адказвае на пытаньні «НН».

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
«НН»: Што ўжо зрабіў аргкамітэт?

У.К.: Адбылося вылучэньне дэлегатаў ад Менску. Абраныя дэлегаты падзелены на сэкцыі, у якіх ідзе праца. Там выпрацоўваюцца тэзысы выступаў і адбываецца вылучэньне тых, хто будзе агучваць гэтыя даклады.

З рэгіёнаў ідуць пратаколы, але вылучэньне адбываецца стыхійна і без захаваньня пэўнай працэдуры. Галоўнае, каб вылучэньне адбывалася не ад партыі, арганізацыі ці нейкай установы, а на агульных сходах. І мы прапануем кандыдатуры тых, хто вылучыўся па сьпісах ад установы ці арганізацыі, разглядаць і зацьвярджаць на мясцовым ці абласным сходзе інтэлігенцыі.

«НН»: Ці ня стане сход зборам апазыцыйнай інтэлігенцыі?

У.К.: Мы хочам, каб сход быў як мага больш прадстаўнічым і значным. Справа кожнага — прыняць нашае запрашэньне ці адмовіцца. На жаль, і сёньня ініцыятыва зьнізу вельмі часта разглядаецца цяперашнімі ўладамі (як і папярэднімі, камуністычнымі) з падазронасьцю. Таму частка нашай інтэлігенцыі, якая ўзаемадзейнічае з уладай, традыцыйна пабойваецца такую ініцыятыву праяўляць. Ужо быў выпадак, калі вядомы чалавек спачатку паставіў подпіс у падтрымку сходу, а потым казаў, што не зусім разумеў, пад чым.

Мы запрашаем усіх інтэлігентаў, у тым ліку прадстаўнікоў улады, калі яны лічаць сябе інтэлігентамі, прыйсьці на наш сход і паразмаўляць. Адгукаюцца па-рознаму. Напрыклад, на наш гарадзкі сход з дэпутацкай фракцыі «Рэспубліка» палаты прадстаўнікоў прыйшлі ўсе, хто на той момант быў у Менску. Лісты з запрашэньнем прыняць удзел у нашым Усебеларускім сходзе ў якасьці гасьцей мы даслалі старшыням палатаў парлямэнту і кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Ўралу Латыпаву. Будуць дасланыя такія запрашэньні і міністрам (у тыя міністэрствы, якія закранаюць сфэру нашай дзейнасьці), рэктарам ВНУ (як дзяржаўных, так і недзяржаўных), запрасілі мы і ўсіх старшыняў творчых саюзаў... І гэта справа іхняй грамадзянскай пазыцыі — прыняць гэтыя запрашэньні ці адседзецца ў кустах.

«НН»: Якім мусіць быць вынік сходу?

У.К.: Большасьць удзельнікаў аргкамітэту мяркуе, што сход павінен быць не аднаразовай акцыяй, а стаць пачаткам арганізацыі, якая будзе яднаць інтэлігенцыю.

«НН»: Ці існуюць падобныя арганізацыі інтэлігенцыі ў іншых дзяржавах, асабліва — у суседніх з намі Польшчы, Украіне, Літве?..

У.К.: Гэтае пытаньне нас таксама зацікавіла, і мы зьвярнуліся ў пасольствы. Ужо адказала ўкраінскае пасольства, якое выведзе на такія кантакты. Вельмі добры адказ прыйшоў з польскага пасольства: нам далі каардынаты ПЭН-цэнтру і шматлікіх арганізацыяў, якія там называюцца «клюбамі каталіцкай інтэлігенцыі», і прапанавалі сваё пасярэдніцтва ў навязваньні кантактаў. Безумоўна, мы мяркуем запрасіць удзельнікаў гэтых арганізацыяў на наш сход.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0